5-6 верасня Касцюковічы прынялі XXXIII Дзень беларускага пісьменства

Свята кнігі, гісторыі і культуры прайшло ў Прыдняпроўскім краі ўжо ў пяты раз: Мсціслаў — 2001 год, Шклоў — 2007, Быхаў — 2013, Бялынічы — 2020. І кожнае стала выдатнай падзеяй у культурным жыцці Магілёўшчыны.
На цырымоніі ўрачыстага адкрыцця намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Пяткевіч зачытала віншавальны адрас Прэзідэнта краіны, адзначыўшы, што такія сустрэчы майстроў і аматараў мастацкага слова служаць крыніцай народнай мудрасці і спрыяюць фарміраванню агульначалавечых каштоўнасцей.
Наталля Уладзіміраўна падкрэсліла ўнікальнасць кожнага месца правядзення свята: краіна ў нас кампактная, але яна такая розная. У нас адметная культура побыту, традыцыі. І добра, што гэта свята праводзіцца ў розных кутках рэспублікі, дзе мы можам кожны раз правесці Дзень беларускага пісьменства з новым, непаўторным адценнем. Яна таксама звярнула ўвагу, што дзяржаўная падтрымка творчасці дае рэальныя вынікі: сёння з’яўляецца ўсё больш маладых аўтараў, якія сваім прыкладам даводзяць, што беларускае слова жывое, сучаснае і запатрабаванае.

Старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка, вітаючы гасцей, гаварыў пра карані і адказнасць: «Гэта рэспубліканскае свята паклікана аб’яднаць нас усіх, паказаць нашу беларускую духоўнасць, словам, звязаць пакаленні. Хто не памятае мінулага, у таго няма будучыні. Менавіта беларускае слова, менавіта нашы пісьменнікі абавязаны паказаць наш народ, нашы вытокі, паказаць, якія мы ёсць і чым мы ганарымся. А нам ёсць чым ганарыцца».
Праграма свята ўключала ў сябе асноўныя тэматычныя блокі:
• Год беларускай жанчыны: шанаванне ролі жанчыны ў гісторыі, культуры і літаратуры Беларусі;
• гістарычная памяць: 85-я гадавіна пачатку Вялікай Айчыннай вайны і патрыятычнае выхаванне;
• пяцігодка якасці;
• літаратурная спадчына рэгіёна: творчасць знакамітых ураджэнцаў Касцюковіччыны Аркадзя Куляшова, Івана Чыгрынова, Алеся Пісьмянкова і іншых класікаў.

Сярод знамянальных падзей фэсту ўзгадаем адкрыццё скульптурнай кампазіцыі «Алесь і Алеся» — помнік, створаны па матывах вядомага верша народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, спецыяльнае гашэнне памятнага канверта з арыгінальнай маркай. Упершыню ў гісторыі Дня беларускага пісьменства дзейнічаў павільён рэдкай кнігі, дзе былі прадстаўлены рэдкія старадрукаваныя выданні, факсіміе, мініяцюрныя кнігі, і “кабінет пісьменніка” з рукапісамі, асабістымі рэчамі, рэдкімі фотаздымкамі і архіўнымі дакументамі беларускіх пісьменнікаў.
І які ж фэст пісьменства і кнігадрукавання без адзначэння лепшых выданняў ды самых таленавітых літаратараў?
Імёны лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыях:
• «Лепшы твор, зборнік твораў паэзіі» — Вольга Русілка за кнігу «Котра»;
• «Лепшы твор прозы» — Навум Гальпяровіч, «Чырвоны мост»;
• «Лепшы твор драматургіі» — Анатоль Зэкаў, «Двор пад буслінымі крыламі»;
• «Лепшы публіцыстычны твор» — Ігар Марзалюк, «Кроў на белым тле. Беларуская калабарацыя ў часы акупацыі БССР»;
• «Лепшы твор для дзяцей і падлеткаў» — Генадзій Аўласенка, «Як Вадзянік з людзей жартаваць спрабаваў»;
• «Лепшы дэбют» — Паліна Корнева, «Запіскі юнай хірургіні».
…Уздоўж пешаходнай вуліцы Ленінскай разгарнуўся традыцыйны фестываль кнігі і прэсы. Павільёны ўсіх абласцей Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкі і вядучых выдавецкіх дамоў прапанавалі гасцям паўнавартаснае літаратурнае падарожжа. Паралельна працавалі гастранамічны фестываль, горад майстроў і інтэрактыўныя пляцоўкі, якія пераканаўча паказалі: цікавасць да чытання трэба падтрымліваць сучаснымі, жывымі метадамі.
Асіповіцкі раён прадставіў тэматычную прастору пад назвай «Скрозь стагоддзі: ад Свіслацкага замка да Жорнаўскай сядзібы». Ён складаўся з некалькіх зон, што аб’ядноўвалі гісторыю, сучаснасць і будучыню культуры рэгіёна.

Каманда ўдзельнікаў, якую ўзначальвалі намеснік старшыні райвыканкама Ганна Землянухіна і начальнік аддзела культуры Святлана Нявесценка, уключала ў сябе бібліятэкараў, музейных работнікаў, самадзейных артыстаў рознага ўзросту, літаратараў, майстроў, педагогаў. Разам яны запоўнілі гэтую прастору такім рознабаковым крэатывам, энергіяй і пазітывам, што прайсці міма асіповіцкай пляцоўкі і не затрымацца было проста немагчыма!

Кожны абавязкова знаходзіў для сябе штосьці цікавае: гісторыя Свіслацкага замка, магчымасць паўдзельнічаць у амаль сапраўдных археалагічных раскопках, паслухаць дыскусію княгіні Магдалены Радзівіл з сучасным блогерам, уласнаручна надрукаваць тэкст, як гэта рабілася ў старажытнасці, разам з героямі кнігі Лёлі Багдановіч «Зорныя арэлі» прайсці па віртуальным казачным маршруце…
Дзмітрый САЎРЫЦКІ
