Забытыя абрады Дараганаўскага краю

Забытыя абрады Дараганаўскага краю

(З матэрыялаў Дараганаўскага школьнага комплекснага краязнаўчага музея)

Доўгі час Зінаіда Рыгораўна Верашчака — першы дырэктар нашага музея — працавала ў Краях і захаплялася народным гумарам жыхароў гэтай вёскі, іх шчырасцю і хлебасольствам. Яна казала: “Краі — гэта вёска са сваім дзіўным і цікавым мінулым, ахінутая легендамі, напоўненая традыцыямі і звычаямі”.

Вось толькі некаторыя прымаўкі, якія бытавалі ў Краях раней і бытуюць зараз: “У травень будзе мужык управен”, “Сухі марац, мокры май — будзе жыта, як гай“, “Як ідзе дождж у сакаўцы, то жыта будзе ў раўцы”, “У пастушкі няма служкі”, ”На яду мастак, а на работу так-сяк”, “Ніхто не ведае, як сірата абедае”, ”Гаспадарку весці — не барадою трэсці”, ”Прысядзь — госцем будзеш”, ”У сваім краі, як у раі”, ”Сказаў, як цвік у сэрца ўбіў”, “Каб свінні рогі — арала б дарогі”, ”У снежні адкрытае вуха — лета горача і суха”.

На жаль, многія звычаі, што бытавалі ў Краях, сёння забытыя. Так, напрыклад, напярэдадні аднаго з дванаццаці галоўных хрысціянскіх свят — Богаяўлення Хрыстова — пасля з’яўлення на небе першай зоркі можна было ўбачыць мноства агнёў за вёскай на выгане. Тут збіраліся ўсе члены кожнай сям’і, каб пакаяцца ў грахах, што здзейснілі на працягу года. Стары бярозовы венік-дзяркач разбіралі, а дубцы з яго выстаўлялі па форме кола. Той з членаў сям’і, хто на працягу года калоў лучыну або дровы на рэлігійнае свята або ў нядзелю, шыў, ткаў, праў дапазна, клаў у сімвалічнае кола рэч свайго граху: трэску, палена, пражу, ніткі, сукно. Такое вогнішча падпальвалі, і кожны, чытаючы малітву, спадзяваўся на міласць Божую.

У наваколлі бытуе меркаванне, што Краі — гэта вёска трыццаці трох халасцякоў. І гэта сапраўды так. З дваццаці трох пастаянных жыхароў, што пражываюць у вёсцы сёння, пяць бабылёў (мужчын, якія ніколі не мелі сям’і), а ў 60-я гады іх было больш за сорак. У сем’ях нараджаліся ў асноўным хлапчукі, нараджэнне дзяўчынкі было вялікай радасцю не толькі для родных, але і ўсіх вяскоўцаў. Хлопцы раслі высокімі, мужнымі, фізічна моцнымі, добра валодалі працоўнымі навыкамі.

Дзевяць сыноў выгадавалі Марыя і Фёдар Кірдуны, пяцёра з іх засталіся жыць на малой радзіме і таксама мелі вялікія сем’і. Чатыром сынам далі пуцёўку ў жыццё Фёдар і Алёна Аўдзейчыкі. Чатыры з шасці сыноў Дзмітрыя Клімавіча і Марыі Якаўлеўны Кірдуноў жылі і жывуць у Краях.

З асобай павагай крайчукі ставяцца да ўшанавання памяці ўсіх памерлых не толькі на Змітраўскія дзяды. У першы пасхальны дзень на могілках у Краях шматлюдна. З усіх куткоў нашай краіны прыязджаюць родныя, каб раніцай да снядання памянуць памерлых або “сустрэць свята” разам з тымі, каго побач ужо няма. Засцілаецца чысты абрус, запальваюцца свечкі, наліваецца чарка гарэлкі, кладзецца ў міску па лыжцы кожнай стравы. Хтосьці з родных са словамі: “Памяні, Божа, усіх нашых святых родных, і няхай яны са святымі спачываюць”, — распачынае памінальную бяседу. На працягу застольнай гутаркі ўспамінаюць пра спачылых, і толькі добрае. Гэта яшчэ адна з асаблівасцей вёскі Краі, і носіць яна выразную язычніцкую накіраванасць.

Валянціна Аўдзейчык,

дырэктар музея.

Последние новости

Общество

Сезон отключения горячей воды в Осиповичах: даты и улицы

9 июня 2025
Читать новость
Общество

12 июня бизнес-встреча для малого и среднего бизнеса — «Тренды 2025 для вашего бизнеса»

9 июня 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 9 июня

9 июня 2025
Читать новость
Общество

Где в Осиповичском районе можно купаться не нарушая закон?

7 июня 2025
Читать новость
Общество

Бойцы студотрядов Осиповичского района приступили к работе

7 июня 2025
Читать новость
80 лет Великой Победе

Реалии нацистской оккупационной политики в Беларуси на примере Осиповичского и соседних с ним районов.

7 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем