Воспоминания о войне…

Воспоминания о войне…

“Дай прамень, пражэктарыст!”

Сёння ў інтэрнэце часта можна ўбачыць ці прачытаць звароты да карыстальнікаў: “Перадай георгіеўскую стужку!” або “Перадай свечку памяці!” і г.д. Напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі гэта не проста актуальна. Гэта патрэбна! Патрэбна не толькі нам, дзецям ваеннага ліхалецця і першых пасляваенных гадоў, гэта патрэбна нашым унукам і праўнукам.

Колькі разоў за гады педагагічнай працы даво-дзілася арганізоўваць сустрэчы з былымі франтавікамі, ветэранамі і ўдзель-нікамі Вялікай Айчыннай вайны! Напярэдадні свят прыходзілі да ветэранаў з букетамі кветак. Школьныя цімураўцы дапамагалі аднавяскоўцам, кожны з якіх зрабіў свой унёсак у Вялікую Перамогу. Цікавымі былі выступленні, хвалюючыя аповеды аб жудасных момантах вайны, гераізме абаронцаў Айчыны…

Мне заўсёды не давала спакою пытанне: чаму ў гады майго дзяцінства не было такіх сустрэч, гутарак і ўспамінаў аб вайне? У той жа час, а гэта быў пачатак 50-х гадоў, многія франтавікі, хоць і параненыя, але жывыя, здаровыя,  не ўспаміналі пра вайну… Чаму?..

А таму і не было такіх сустрэч і гутарак з ветэранамі ў нашым сённяшнім разуменні, што пасля вайны прайшло зусім мала часу. Вельмі свежымі былі яшчэ раны ад страты мужоў ці сыноў. Пахаронкі пяклі яшчэ рукі і сэрцы. У вёсцы засталося шмат удоў і сірот… Не хацелі франтавікі нават успамінаць, а не тое, каб расказваць, аб вайне, аб гібелі аднапалчан. Не было такіх даверлівых гутарак і ў нашай сям’і. Вось таму і я мала што ведаю аб подзвігу свайго бацькі. А ён прайшоў Вялікую Айчынную ад пачатку да самай Перамогі…

Бацька Мікалай Дзянісавіч Юрчанка нарадзіўся ў 1914 годзе ў вёсцы Новыя Дзятлавічы на Гомельшчыне. Сям’я была вялікая, таму з дзяцінства і скаціну пасвіў, і пісьмы насіў. Пасля сямігодкі скончыў настаўніцкія курсы і амаль          4 гады вучыў дзетак і ўзначальваў школы ў Тураўскім раёне. Там жа абраў сваёй жонкай настаўніцу Алену. У 1939 годзе яго прызвалі ў РККА. Настаўнік Мікола стаў вадзіцелем-інструктарам баявой машыны. Вайна для яго пачалася ў Крупках Мінскай вобласці. І да самай Перамогі пражэктарыст Юрчанка на колах сваёй машыны мераў кіламетры дарог у складзе 3-га Беларускага фронту. Разлікі пражэктараў ноччу вялі пошукі варожых самалётаў па камандзе “Дай прамень, пражэктарыст!”. Неабходна было накіраваць святло на варожыя пазіцыі, ствараючы магчымасць нашым воінам весці прыцэльны агонь. А ваяваць было за што і за каго! Дома засталіся пяцёра сясцёр і са- старэлыя бацькі. Маладая жонка загінула ад рук карнікаў у пачатку вайны.

Ужо пасля тата ўспамінаў, што на вайне “быў непаражальным, загавораным, бо смерці не баяўся!” Яна і сапраўды абыходзіла яго бокам: вярнуўся непаранены!.. Нават аднапалчан, якія ваявалі побач, не закранула! І абодвух братоў, Івана і Васіля, не зачапіла вайна. Можа, малітвы бацькі і маці аберагалі сыноў? Ці вера ў перамогу дапамагла не толькі выжыць, але і атрымаць ваенныя ўзнагароды: ордэн Айчыннай вайны II ступені, медалі “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”.

Вярнуўся дадому пасля вайны, ажаніўся. З маці, настаўніцай пачатковых класаў Валянцінай Нікіфараўнай, выгадавалі чацвёра дзяцей.

Бацька пасля вайны працаваў шафёрам, затым — старшынёй калгаса “Чырвоны партызан”, брыгадзірам у саўгасе імя Жданава. Заўзяты рыбак, сам вязаў сеткі і жакі для рыбалоўства. Любую справу рабіў акуратна. Лічы што з металалому сабраў машыну, каб сена ці дроў прывезці. А вось цыгарэт ніколі не бачыла ў яго руках, ды і брыдкаслоўем не займаўся. Затое спяваў выдатна! Яго прыгожы моцны голас запомніўся на ўсё жыццё. Асабліва любіў песню, у якой ёсць такія радкі: “Эх, помирать нам рановато: Есть у нас еще дома дела!..”

Момант своеасаблівай споведзі перад нашчадкамі наступае ў кожнага чалавека. Менавіта такі наступіў і ў мяне. Бо споведзь — гэта ачышчэнне душы, радасць і супакаенне. Хай з маіх вуснаў мае дзеці, унукі і праўнукі даведаюцца і захаваюць памяць і павагу да былых пакаленняў.

Людміла КРУПЕНЬ,

член савета ветэранаў педагагічнай працы раёна, в/г Цэль.

Последние новости

Новости

В Осиповичском районе проходит Неделя детской безопасности

21 апреля 2025
Читать новость
Актуальнае

Жыхарка Асіповіцкага раёна Наталля Малая з павагай ставіцца да матулінай спадчыны

19 апреля 2025
Читать новость
Культура

У Асіповіцкім раённым цэнтры народных рамёстваў праходзяць майстар-класы па падглазураваным роспісе керамікі

19 апреля 2025
Читать новость
Новости

Расписание пасхальных богослужений

18 апреля 2025
Читать новость
Новости

А ведь кто-то из них победит

18 апреля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко рассчитывает на наращивание динамики межгосударственных отношений с Зимбабве

18 апреля 2025
Читать новость