Па свяшчэнных мясцінах (Вяззеўскі сельсавет)

Па свяшчэнных мясцінах  (Вяззеўскі сельсавет)

Ведаць. Памятаць. Ганарыцца

Манументы і абеліскі, брацкія магілы і мемарыяльныя комплексы. Сціплыя і вялікасныя, у вёсках і гарадах. Гэта — даніна памяці тым, хто загінуў, вызваляючы нашу зямлю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

На тэрыторыі Асіповіцкага раёна пасляваенным пакаленнем у розныя гады пастаўлена каля 150 помнікаў ахвярам вайны. Пад магільнымі плітамі спачывае больш за 6 тысяч чалавек. Сярод іх тры з паловай тысячы — невядомых… Кожны з іх — асобная чалавечая гісторыя і напамінак нашчадкам аб суровых гадах Вялікай Айчыннай.

Мясцовай уладай надаецца вялікая ўвага ўшанаванню гістарычнай памяці. На сайце райвыканкама створана спецыяльная інтэрнэт-старонка, дзе сабраны пашпарты ўсіх воінскіх пахаванняў, размешчаных у нас. У дні памятных дат да іх прыходзіць багата людзей, каб ускласці кветкі і нізка схіліць галовы перад светлай памяццю загінуўшых.

Усе пасляваенныя гады вядзецца актыўная пошукавая работа. Адраджаюцца з небыцця новыя імёны герояў, прыадчыняюцца таямніцы жорсткіх баёў. Вялікую лепту ў такую важную справу ўнеслі і чырвоныя следапыты савецкай пары. У кожнай школе існавалі падобныя атрады, дзякуючы ім узнавіліся сотні прозвішч. Дакладна вядома, што толькі ясенскімі вучнямі пад началам настаўнікаў, у тым ліку і Барыса Мураўскага, было ўстаноўлена больш за 400 імён герояў, якія лічыліся прапаўшымі без вестак. Не адставалі ад іх школьнікі з Ліпеня, якім дапамагаў былы дырэктар установы Анатоль Кернажыцкі. Разам яны адшукалі родных партызан-флегантаўцаў, якія пахаваны ў іх вёсцы. Цяпер эстафету пераняла сучасная моладзь. У рамках рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” праводзяцца паходы і экскурсіі па баявых мясцінах, запісваюцца ўспаміны відавочцаў тых падзей, падымаюцца з зямлі астанкі герояў, устанаўліваюцца новыя помнікі…

Давайце ж і мы разам адправімся ў завочнае падарожжа па мясцінах раёна, каб яшчэ і яшчэ раз успомніць тых, хто, не шкадуючы свайго жыцця, абараняў куточак зямлі, дзе нам зараз мірна жывецца, дзе на палях каласуецца збажына, а ў лясах і садах весела спяваюць птушкі.

На землях сельсавета знаходзіцца 22 вёскі. Па дадзеных кнігі “Памяць”, у Вялікую Айчынную тут загінула 847 чалавек, з якіх — 65 партызан, 8 падпольшчыкаў. Не вярнуліся з фронту 542 жыхары.

Вялікая Гарожа

Трагедыя напаткала Вялікую Гарожу, дзе зімой 1943 года згарэла ў агні некалькі соцень мясцовых жыхароў.

Марыя Цімінская, якая цудам засталася жывая, праз дзясяткі гадоў пасля тых падзей так напіша ў адным са сваіх вершаў:

Сем магіл на ўсіх —
Мая вёска ў іх,
Мая выбітая Гарожа.

У 1974 годзе тут пастаўлены помнік. Як сцвярджаюць відавочцы, пад абеліскам знаходзіцца капсула са спісамі прозвішчаў спаленых тым студзенскім днём жыхароў.

З успамінаў былой жыхаркі вёскі Марыі Міхайлік:

Было цёмна. Немцы акружылі вёску і давай страляць. Потым па хатах пайшлі. Да нас таксама зайшоў адзін, у акулярах, такі высокі-высокі. А мы стаім усе каля печкі. Дык ён за мяне з братам — і на вуліцу: карову з хлява заставіў выгнаць. Мама з хаты таксама выйшла. Немец ёй у шыю стрэліў — тая і павалілася. У нашых вачах — слёзы, але маўчым, не крычым, бо бачылі, што тых, хто лямантаваў, забівалі. Калі фрыц кудысьці знік, тады мы вырашылі ўцякаць у лес цераз шашу, па балоце. А снег да пояса. На мне былі толькі галошы, але і іх згубіла. Стралялі доўга ў наш бок. Дзякуй Богу, куля ні разу не трапіла. Так прасядзелі ў лесе да вечара. Знайшлі месца партызанскае. Там яшчэ жар быў. Брат мне нейкімі анучамі ногі абкруціў. Пальцы ўсё ж такі адрэзалі...”

“Магіла сяржанта”

Сярод сасновага бору, непадалёк ад вёскі Вялікая Гарожа, ёсць яшчэ адна адзінокая магіла. У ёй пахаваны сяржант, які загінуў у баі з фашыстамі ў 1944 годзе пры вызваленні гэтага пасялення. Раней на ім было напісана імя байца, але з цягам часу шыльда знікла. Таму мясцовыя жыхары завуць гэты помнік “магіла сяржанта”…

Май

may

Вёска Май, што мясцілася раней у былым Замошскім сельсавеце, была знішчана фашыстамі разам з людзьмі і не адрадзілася. На жаль, пайшла ў нябыт назва паселішча, і пра яго існаванне напамінае толькі поле, дзе калісьці стаялі дамы сялян. Яно так і завецца зараз — “майскае”.

Ліпнікі

Многім добра вядома і ўрочышча Ліпнікі, якое знаходзіцца ў глухім лесе. У ім адбылася масавая гібель кавалерыйскай дывізіі.

З успамінаў Ю.Ф.Бабіны (г. Асіповічы):

Да 3 жніўня многа кавалерыстаў сканцэнтравалася ў лесе Ліпнікі на паўднёвы ўсход ад  Асіповіч. Месца гэтае было балоцістае і амаль не мела дарог. Тут кавалерысты аказаліся ў пастцы. Немцы акружылі іх у трохвугольніку Асіповічы-Карытнае-Татарка. На дарозе з Асіповіч на Карытнае на ўсіх перакрыжаваннях выставілі пасты з кулямётамі, а ў Каранах паставілі на прамую наводку нават артылерыю, падцягнулі бронецягнік. Уся чыгунка на гэтым участку апынулася пад абстрэлам.

У 14 гадзін, падняўшы ў паветра карэкціровачную авіяцыю, немцы пачалі абстрэл лесу. Агонь вёўся прыцэльна, па самых шчыльных скапленнях савецкіх казакоў. Коннікі спрабавалі прабіцца на ўсход да чыгункі цераз тарфянікі. Многія загінулі ў залітых вадой старых ямах торфараспрацовак. Тыя, хто дабраўся да чыгункі, гінулі ад агню бронецягнікоў”.

З успамінаў М.I. Глінскага:

Так, сапраўды два палкі 32-й кавдывізіі з рэйду не выйшлі. А трэці быў значна абяскроўлены і практычна небаяздольны. Палкоўнік Н.Д.Шаўчэнка, маёр А.В.Казарэз, напэўна, загінулі”.

Нямногім удалося вырвацца з лесу Ліпнікі. Некаторыя кавалерысты, згубіўшы таварышаў, да халадоў хаваліся ў лясах. Мяркуюць, што тут 3-4 жніўня 1941 г. фашысты акружылі і знішчылі да двух палкоў, г.зн. каля паўтары тысячы воінаў. Каля тысячы чалавек трапілі ў палон.

На ўскрайку лесу, дзе рака Сіняя зліваецца са Свіслаччу, стаіць мемарыяльная пліта з надпісам: “Здесь 7 января 1944 года в неравном бою с врагами пал смертью храбрых один из организаторов партизанского движения в районе в период Великой Отечест-венной войны Сумченко Степан Сергеевич и разведчики партизанского отряда № 214 имени Калинина Борозна Михаил Андреевич, Коваль Иван Иванович, Бородавко Иван Александрович”.

У той дзень яны выконвалі важнае заданне і не здагадваліся, што загінуць у выніку здрады. Апынуўшыся на ўмоўным месцы, нечакана адчулі на сабе кулямётны агонь. Разгарэўся жорсткі бой. Адзін за адным гінулі сябры. Цяжкае раненне атрымаў і сам Сумчанка. Увесь акрываўлены, ён адпоўз да магутнага дуба. Патроны скончыліся. Немцы падыходзілі бліжэй і бліжэй. I тут прагрымеў магутны выбух…

Лучыцы

Непадалёку ад вёскі Лучыцы, каля пераезду праз чыгунку, знаходзіц-ца магіла. На ёй узвышаецца чырвоная зорка. Хто пахаваны тут? Невядома. Гавораць, што ваеннапалонны, які саскочыў з цягніка. Не хацеў, відаць, салдат апынуцца ў палоне. Варожая куля, пушчаная наўздагон, абарвала яму жыццё.

Iмя камсамолкі Рымы Кунько добра вядома асіпаўчанам. Як і тое, што загінула яна непадалёк ад вёскі Ясянец напярэдадні дня вызвалення раёна ў няроўным баі з фашыстамі, якія адступалі з Бабруйска. Сведкам тых падзей быў дуб, які і зараз стаіць на ўскрайку дарогі.

kunko

Вярэйцы

У вёсцы Вярэйцы на мясцовых могілках знаходзяцца два насыпы, пад якімі пахаваны мірныя жыхары, расстраляныя нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941 годзе. Яны аб’яднаны адзіным абеліскам.

Аграгарадок Вяззе

 У памяць пра 96 землякоў, якія не прыйшлі з вайны ў родны край, на жывапісным беразе вадасховішча ўзвышаецца скульптурная кампазіцыя. У цэнтры яе — фігура салдата-вызваліцеля. Ля падножжа — жывыя кветкі. Iх ускладваюць не толькі ў знамянальныя даты — маладыя пары, якія толькі ўзялі шлюб, па традыцыі абавязкова прыязджаюць сюды, каб аддаць даніну павагі абараняўшым радзіму за мірнае неба над галавой.

Замошша

Адна са свяшчэнных мясцін Вяззеўскага сельсавета — скульптура “Воін і партызанка”, якая знаходзіцца ў вёсцы Замошша.

memoril

…Лета 1944 года. У раёне Бабруйска акружана вялікая групоўка гітлераўцаў. У ноч на 29 чэрвеня нямецкі генерал загадаў любой цаной прарвацца на Асіповічы. I хаця фашысцкім ваякам цалкам здзейсніць план не ўдалося, усё ж фрыцы з’явіліся каля нашага райцэнтра. На падыходзе да горада, ва ўсходняй яго частцы, завязаліся баі. Вораг быў затрыманы, але напралом рваўся ўперад. Толькі ўсе, хто спрабаваў з боем прарвацца, знай-шлі тут сабе магілу. Савецкія воіны мужна абаранялі рубеж. I адстаялі яго. Цаной сваёй крыві і самога жыцця. Нашых байцоў, якія загінулі ў раёне вёскі Замошша, пахавалі ў наспех выкапаных магілах пад ружэйныя салюты і клятвы баявых сяброў.

Скончылася вайна. Залечваліся яе раны, разворваліся заросшыя хмызняком загоны. На кожным кроку ўсё напамінала аб цяжкім нядаўнім выпрабаванні. I хіба ж мог народ забыць тых, хто адстаяў свабоду, мір, шчасце?

Астанкі герояў па ініцыятыве грамадскасці былога Замошскага сельсавета былі перанесены на могілкі ў брацкую магілу. Хто яны, 33 байцы і афіцэры, што загінулі смерцю храбрых? Ніхто не ведаў. Як і іх маці, жонкі, сёстры, дзеці…

Настаўнікі і вучні Замошскай васьмігодкі пасля доўгіх і карпатлівых пошукаў устанавілі імёны і адрасы загінуўшых, знайшлі іх родных. У школу, сельсавет ішлі пісьмы з Алтая і Казахстана, Сібіры і Украіны, Паволжа і Туркменіі. I ў кожным побач з нявыказанай горыччу страты — цёплыя радкі ўдзячнасці за клопаты аб ушанаванні памяці байцоў. Гэтыя пажоўклыя ад часу лісты беражліва захоўвае цяпер загадчыца Замошскай бібліятэкі Наталля Барадаўка. Вось некалькі радкоў з пісьма Антаніны Анцюховай з Бранска:

Дарагія мае сябры! Пішуць вам маці, сястра і брат загінуўшага пры вызваленні вашай вёскі дваццацігадовага салдата Анцюхова Міхаіла Ціханавіча. Колькі гадоў мы з жалем успаміналі аб тым, што дзесьці ў Беларусі згубілася магіла нашага сыночка і брата. I невядома было, куды паехаць, каб пакланіцца яго праху і пакласці на магілу букет жывых кветак. Аказваецца, яна не згубілася...”

Вытрымкі з пісьма Марыі Платанінай з Валгаграда: “Паважаныя таварышы! Атрымалі ад вас пісьмо, з якога даведаліся, дзе спачывае прах нашага любімага бацькі — Iвана Назаравіча Платаніна. Да гэтай пары нам было невядома, дзе ён загінуў. Цяпер я абавязкова прыеду, каб пакланіцца праху роднага чалавека...”

Помнік устаноўлены па ініцыятыве і з дапамогай мясцовай грамадскасці ў скверы. Побач з ім — тры мемарыяльныя пліты з імёнамі 173 жыхароў былога сельсавета, што загінулі ў час вайны.

Па словах Наталлі Барадаўкі, калісьці тут праходзілі піянерскія зборы, у святы выстаўляліся ганаровыя вахты — уся работа па выхаванні патрыятызму ў дзяцей вялася вакол гэтага месца. На жаль, цяперашнія школьнікі  наўрад ці ведаюць тыя жудасныя старонкі гісторыі роднай вёскі. I, акрамя чыгуначнікаў, якія даглядаюць помнік, сюды амаль ніхто не наведваецца…

З нагоды. Iван Вярыга, старшыня Вяззеўскага сельсавета: “Наш абавязак — свята захоўваць кожнае пахаванне, звязанае з вайной. Вось і на днях памяняем адзін з помнікаў, што на брацкай магіле, дзе пахаваны прах мірных жыхароў вёскі Вялікая Гарожа, якія былі знішчаны фашыстамі. Каб памяталі нашчадкі…

Падрыхтавала Ніна ВIКТОРЧЫК.

Последние новости

Общество

Филиал “Осиповичский завод железобетонных конструкций” ОАО “Дорстроймонтажтрест” отмечен Дипломом I степени XXII республиканского конкурса “Лидеры в строительстве Беларуси-2025”

5 июля 2025
Читать новость
Общество

Коллектив РУП “Могилёвоблгаз” завоевал Гран-при IX молодежного фестиваля “Мы едины — мы молодежь”.

5 июля 2025
Читать новость
Общество

“Аўталаўка — гэта свята!” — так лічаць жыхары малых населеных пунктаў Асіповіцкага раёна

4 июля 2025
Читать новость
Общество

Международный молодежный патриотический проект “Дорогами Памяти и Славы” в Осиповичах

4 июля 2025
Читать новость
Год благоустройства

У абласным этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне паверхневага воднага аб’екта асіповіцкі гарадскі пляж заняў першае месца

4 июля 2025
Читать новость
Общество

Прямая линия с первым заместителем председателя Осиповичского райисполкома

4 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем