Изучаем Осиповичский край

Вывучаем родны край
Асіповіцкія Нямігі
Рэчка Няміга — адзін з сімвалаў беларускай сталіцы. І знакамітая яна ў першую чаргу тым, што ў свой час (20-50-я гады мінулага стагоддзя) была цалкам схавана пад зямлю, дзеля чаго пабудавалі шматкіламетровую трубу дыяметрам амаль 3 метры. Сёння мала хто ўяўляе, дзе знаходзіцца калектар, у які “ўціснулі” гэты прыток Свіслачы, толькі перыядычна Няміга пра сябе нагадвае — падчас моцных дажджоў пракладзеную ўздоўж яе колішняга рэчышча аднайменную вуліцу падтаплівае даволі часта.
Аднак вернемся на малую радзіму. Пытанне рубам: хто з паважаных чытачоў ведае, колькі ў межах гарадской забудовы Асіповічаў ёсць супастаўных з Нямігай па памерах рэчак, пра існаванне якіх старонні назіральнік можа толькі здагадвацца?
Падказка: як мінімум па адной у паўночнай і паўднёвай частках горада.
“Бамаўская” Межарына — ад слова “мяжа”
З пачатку ХV стагоддзя па лініі, якая пачынаецца ад гандлёвага цэнтра “Еўраопт”, праходзіць праз раён прыватнай забудовы па вуліцы Сумчанкі, мінуе гаражныя кааператывы, базу УКП ЖКГ, “дае нырца” пад чыгуначную ветку дахавага завода “Тэхнаніколь” і рушыць праз тэрыторыю фабрыкі “Сонца” да рэчкі Сіняй, ішла мяжа паміж дзяржаўнай Свіслацкай воласцю і прыватнымі землямі княжацкага роду Гальшанскіх. Натуральна, на мясцовасці гэтая лінія супадала з берагамі рэчкі, выцякаючай з вялікага балота, на якім пабудаваны сённяшні мікрараён БАМ. Калі няма тапаграфічных карт, вадаёмы — самы надзейны арыенцір.
Багаты і знакаміты род Гальшанскіх да пачатку XVI стагоддзя амаль цалкам вымер. Па адной з версій — з-за нейкай спадчыннай хваробы, магчыма, туберкулёзу. Прылягаючая да Сіняй зямельная маёмасць перайшла да Гаштольдаў, потым князёў Слуцкіх і, нарэшце, Радзівілаў, аднак яе мяжа заставалася нерухомай.
Аб Межарыне ў тагачасных дакументах узгадваецца ў тым ліку і ў сувязі з важнай для землякоў гістарычнай падзеяй — утварэннем вёскі Асіповічы. На жаль, папулярная легенда пра карчмара Восіпа, які ладзіў свой алкагольна-рэлаксацыйны бізнес каля моста праз Сінюю на ажыўленым гандлёвым шляху, у гістарычных крыніцах не прасочваецца.
Перасяленне часткі жыхароў сяла Пратасевічы на ўзбярэжжа ракі Сіняй адбылося натуральным чынам — з-за лакальнага дэмаграфічнага “выбуху”. Урадлівасць глебы ва ўмовах тагачасных (прымітыўных!) тэхналогій земляробства і невялікай колькасці цяглавых жывёл жорстка абмяжоўвала памеры ўстойлівых чалавечых паселішчаў. Калі землі былі “так сабе”, вядзенне натуральнай гаспадаркі магло эфектыўна забяспечваць існаванне 14-17 двароў — каля 100 чалавек, пражываючых у адным месцы. Як толькі жыхароў станавілася больш прыродна абгрунтаванага ўзроўню, феадал ахвотна дазваляў асвойваць новыя надзелы. Выгадна ж: свабоднай зямлі хапала, а калі больш сялян — будуць расці даходы ад паншчыны і натуральных падаткаў.
Дык вось менавіта з-за канфлікту кіраўніка мясцовага маёнтка з чыншавай шляхтай (асабіста свабоднымі арандатарамі зямлі) была складзена і адпраўлена ў Нясвіж афіцыйная скарга. Да яе потым далучыліся і прыгонныя сяляне, якіх абурала перавышэнне кіраўніком абумоўленых норм эксплуатацыі. З дакумента можна зразумець, што першапачаткова ў Асіповічах карчмы не было. Мясцовыя жыхары пералічвалі, якія лішкі з іх былі незаконна спагнаны, але ў гэтай аб’ёмістай “паперы” няма ні слова аб вырабе алкаголю і продажы яго на разліў…
З узнікненнем горада і прыблізна да сярэдзіны 60-х гадоў ХХ стагоддзя Межарына знаходзілася на зручнай адлегласці ад зоны забудовы. Гэта значыць, досыць далёка, каб не перашкаджаць Асіповічам расці, і ў той жа час досыць блізка, каб жыхарам вёсак Перамога і Палянка (на месцы апошняй зараз офісны будынак дахавага завода “Тэхнаніколь”) было зручна лавіць рыбу, выпускаць на вольны выгул гусей, качак, свіней. Дзеці мелкую, але ў некаторых месцах даволі шырокую, рэчку любілі: па ёй можна было і на плытах плаваць, і ў хакей гуляць.
Хаця зусім мірнага суіснавання не назіралася: Межарына і яшчэ некалькі меншых вадацёкаў перасякалі дарогу на Цяплухі, якая пазней стане вуліцай Сумчанкі. З гэтай нагоды асіпаўчане пераважна карысталіся шляхам, які пераразала толькі рэчка Трубінка, — зараз гэта лясная дарога, што вядзе на турбазу “Бярозка”.
Калі пачалося будаўніцтва аўтазаводскага мікрараёна і тутэйшае балота асушылі, Межарына змялела настолькі, што лічылася ўжо не рэчкай, а “натуральным паніжэннем рэльефу для сцёку талай вады”. Дзесьці яе рэчышча было засыпана (раён прыватнай забудовы паміж вуліцамі Будаўнікоў і Яснай) альбо пушчана праз трубаправод (пад вуліцамі Сумчанкі, Праектнай, Праектуемай і інш.). У некаторых месцах (раён “бамаўскіх” гаражных масіваў, базы УКП ЖКГ) Межарына засталася некранутай, але рэчкай яе лічаць хіба толькі мясцовыя бабры. Асабліва грызунам падабаецца міні-возера, утворанае каля чыгуначнага насыпу ў цэнтры трохкутніка дахавы завод “Тэхнаніколь” — Асіповіцкі лясгас — Аўтапарк № 19. Праўда, падчас агляду мясцовасці на мінулым тыдні свежых прыкмет бабрынай актыўнасці заўважыць не ўдалося…
Дарэчы, калі стваралася галоўная прамзона Асіповічаў (АЗАА, КРЗ і іншыя аб’екты паміж вуліцамі Праектнай і Праектуемай), недалёка ад сучаснага бабрынага міні-возера быў пабудаваны лагер для зняволеных, чыя праца ў СССР шырока за-дзейнічалася на “будоўлях народнай гаспадаркі”. Потым тутэйшая кацельня стала часткай гаражнага масіву, які існуе і зараз. Астатнія пабудовы разбурылі, але некаторыя з іх угадваюцца па рэштках падмуркаў. У іх ліку лагерныя прыбіральні, сцёкі з якіх, верагодна, траплялі ў Межарыну. А куды ж яшчэ, калі яе рэчышча — самая нізкая частка мясцовага рэльефу?
Дараган, жыллёвае ўшчыльненне і рэчка на гарадскім поўдні, што ўсім замінае
Калі заснавальнік горада Асіповічы Восіп Дараган распрацоўваў першы генплан новага населенага пункта, ён слушна вырашыў, што безыменная рэчка, якая пачынаецца побач з чыгункай і ідзе перпендыкулярна ёй, — гэта выдатны інфраструктурны бонус. На яе беразе зручна пабудаваць грамадскую лазню, што вырашыць мноства праблем гігіены і санітарыі. Так і атрымалася, прычым сучасная ўстанова аналагічнага прызначэння знаходзіцца на першапачатковым месцы.
Яшчэ да пачатку будаўніцтва чыгункі кампаньён Дарагана інжынер Шаманскі купіў ладны кавалак зямлі на левым беразе гэтай рэчкі. Вадацёк раздзяляў зямельную маёмасць сяла Пратасевічы і вёскі Асіповічы, прычым працякаў па землях, якімі сяляне не карысталіся. Пакупка абышлася Шаманскаму зусім танна, затое, калі побач прайшла чыгунка і генплан Дарагана быў адобраны імператарам Мікалаем ІІ, прыбярэжныя“бэдленды” імгненна спатрэбіліся для будаўніцтва жылля…
Вось яна, праўда жыцця: хто валодае інфармацыяй, можа стаць паспяховым зямельным спекулянтам…
Да пачатку 70-х паўднёвая частка горада засялялася з улікам узгаданага вадацёку: ніхто не чапаў прыбярэжную зону і пойму, якая вясной затаплялася. Потым будаўніцтва жылля, у тым ліку прыватнага, стала імкліва набіраць тэмпы, аднак па шэрагу прычын даступнай прасторы для ўзвядзення новых дамоў у Асіповічах тады было вельмі мала. Рашэнне праблемы знайшлося, хоць і не бясспрэчнае: ушчыльніць па максімуме існуючую забудову, у тым ліку на ўзбярэжжы “паўднёвай” рэчкі. Рэалізоўвалася гэтая праграма доўга — да сярэдзіны 80-х, а закладзеныя ў ёй “міны” ствараюць праблемы і сёння.
Пачынаючы ад “Белгі” і да вуліцы Някрасава ідзе паласа забудовы, дзе з сядзібы можна выйсці на праезную частку толькі па мастках праз досыць шырокую “канаву”. Далей вадацёк разрывае ўздоўж тэрыторыю паміж вуліцай Сацыялістычнай і завулкам Паўднёвым, дзе паніжэнне рэльефу ўсё яшчэ пераадольваецца па старамодных драўляных насцілах — нібы ў рамантычным ХІХ стагоддзі…
Часам рэчышча ідзе так, што над ім стаяць нейкія гаспадарчыя пабудовы, а ў некаторых месцах вада энергічна падмывае берагі, таму ўласнікам сядзіб і камунальным службам даводзіцца іх умацоўваць.
Але рэчка гэта нікому не належыць, таму распрацаваць агульную праграму нагляду за ёй немагчыма.
Як такое здарылася? Па словах начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Івана Малаковіча, межы надзелаў пад сядзібы праводзіліся так, каб рэчышча па магчымасці заставалася звонку. А калі рэшткі незапатрабаваных зямель перадаваліся на баланс камунгаса, надаваць нейкі афіцыйны статус невялікаму вадацёку не лічылі мэтазгодным.
Канечне, з фармальнага пункту гледжання, камунальнікі адказваюць за ўсё, што не мае іншых уласнікаў, і самае неабходнае робяць. Аднак грошы на паглыбленне і ачыстку “паўднёвай” рэчкі яны ў апошні раз атрымлівалі ў пачатку 90-х…
Вусце рачулкі знаходзіцца каля вуліцы Палявой і, па словах вядомага краязнаўцы Юрыя Клеванца, утварае класічную дэльту — раздвойваецца. Асноўнае рэчышча нічога асаблівага не ўяўляе, а вось другое да фінішу “не дацягнула” лічаныя метры. Калі вады многа, яе лішкі перакатваюцца праз вузкую паласу зямлі, а калі суха, можна прайсці па беразе і не заўважыць, што зусім побач знясілена спынілася вадзяная пратока амаль трохметровай шырыні. Дарэчы, з вадаёмам, куды безыменная рэчка ўпадае, таксама не ўсё проста. На сучасных картах ён абазначаны як “канал Пратасевіцкі”, хаця на самой справе гэта і ёсць гістарычная рэчка Сіняя…
Такая вось заблытаная асіповіцкая гідраніміка.



Аўтар выказвае ўдзячнасць краязнаўцу Юрыю Клеванцу за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.