IV Усебеларускі народны сход адбыўся 6-7 снежня 2010 года і праходзіў пад лозунгам «Наш гістарычны выбар — незалежная, моцная і квітнеючая Беларусь!». Дэлегатамі сталі 2,5 тысячы чалавек

Былі разгледжаны ключавыя вынікі папярэдняга пяцігоддзя, зацверджана Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011-2015 гады. Зроблены акцэнт на захаванні нацыянальнай мадэлі сацыяльна арыентаванай эканомікі, паляпшэнні інвестыцыйнага і бізнес-клімату, развіцці высокатэхналагічных вытворчасцей, росце экспарту. Ключавой задачай вызначана стварэнне ў Беларусі прынцыпова новых вытворчасцей, прадпрыемстваў і галін, якія выпускаюць экспартаарыентаваную, канкурэнтаздольную прадукцыю, фарміраванне новага аблічча беларускай эканомікі.
Папярэдні перыяд быў спалучаны з сур’ёзнымі выпрабаваннямі глабальнага фінансавага крызісу, які стаў самым глыбокім у пасляваеннай сусветнай гісторыі. Таму і місія IV з’езда УНС няпростая: вызначыць у галінах прабелы, якія стрымліваюць развіццё, і сумесна скарэкціраваць курс на гады наперад. І хоць у перыяд фінансавага “шторму” прыйшлося нялёгка, але галоўнае — захавалі калектывы, не дапусцілі імклівага росту беспрацоўя. На чацвёртым форуме ў цэнтры ўвагі чалавек і яго праблемы — праца са зваротамі грамадзян, сацыяльны курс: выплаты пенсій, клопат пра ветэранаў.
— Людзі — галоўнае багацце Беларусі, — адзначыў у сваёй прамове Аляксандр Лукашэнка. — У іх залог нашых поспехаў і дзяржавы ў цэлым. Таму ключавым прыярытэтам нашай палітыкі заўсёды быў, ёсць і будзе чалавек — яго патрэбы, узровень і якасць жыцця. Клопат пра людзей, сацыяльная арыентаванасць, сумленнасць, справядлівасць дзяржаўнай палітыкі з’яўляюцца краевугольнымі камянямі і напрамкамі для ўсёй сістэмы ўлады і для мяне як Прэзідэнта.
5 лістапада 2010 г. у артыкуле “Гонар аказаны лепшым” газета “АК” паведаміла, каму даверана прадстаўляць Асіповіччыну на маючым адбыцца форуме.
Адным з дэлегатаў стаў старшыня АСВК “Калгас «Лапічы»” Мікалай Аляшкевіч. З якімі думкамі ён збіраўся на УНС? Вось што зямляк расказаў на старонках газеты (гл. «АК» № 103 ад 26.11.2010 г.): «Вывучыўшы асноўныя палажэнні Праграмы і абмеркаваўшы іх у працоўным калектыве, мы з задавальненнем адзначаем, што эфектыўны аграпрамысловы комплекс — гэта прыярытэтны напрамак сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы на 2011-2015 гады.
<…> У 2007 годзе на базе в. Лапічы створаны аграгарадок, штогадова ўводзіцца ў строй пяць дамоў сядзібнага тыпу, усе абсталяваны вадаправодам, прыродным газам, мясцовай каналізацыяй і па ўмовах жыцця максімальна набліжаны да гарадскіх. За пяцігодку гаспадарка дасягнула нядрэнных паказчыкаў, ёсць прагрэс у тэхпераабсталяванні, выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала 199% замест 186 запланаваных, зарплата паднялася з 290 тысяч да 776 у кастрычніку бягучага года».
З той пары мінула больш за 15 гадоў. Мікалай Іванавіч узгадвае:
— Мерапрыемства было вельмі насычаным і прайшло на найвышэйшым узроўні. З вялікай цікавасцю ўсе слухалі выступленне Кіраўніка дзяржавы. У зале прысутнічала шмат выбітных асоб, было прыемна мець стасункі з прадстаўнікамі суседніх раёнаў, кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў. Стараліся прыняць да ўвагі ўсю інфармацыю. Безумоўна, цікавіла развіццё сяла, ды і іншых сфер народнай гаспадаркі — усе выступленні былі карыснымі і інфарматыўнымі.
І калі іншыя пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу гляджу па тэлевізары, то тады адчуваў сябе часткай агульнага механізма, які выпрацоўвае напрамкі развіцця краіны на перспектыву. Дарэчы, навінамі краіны і свету цікаўлюся заўсёды. Інфармацыю чэрпаю з газет, радыё, тэлебачання.
Пра чацвёрты Уселарускі сход мне нагадваюць фотаздымкі, а яшчэ гадзіннік мінскага завода “Прамень”, які атрымаў у дар кожны дэлегат. Ён і зараз на маёй руцэ — стабільна і дакладна адлічвае час развіцця краіны.
Ксенія БЕЛЬСКАЯ
