“Его уроки с нами каждый день”

Пра настаўніка колішняй Рафалінскай школы, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Васільевіча Мычко, які навучаў дзяцей мясцовых і з суседніх вёсак грамаце з 1948 па 1978 год, памятаюць многія землякі. Яго выхаванцам давялося быць і мне. Так сталася, што гэты паважаны чалавек зараз жыве за межамі нашага раёна, але сувязь з малой радзімай падтрымлівае. На тэрыторыі Ліпенскага сельсавета ўжо не засталося ў жывых ніводнага ветэрана той вайны. Таму напярэдадні вялікай гістарычнай даты звязаўся са сваім былым педагогам, каб пагутарыць аб жыцці, паўспамінаць былое ды ўзгадаць гады перажытага ліхалецця.
Нарадзіўся Мікалай Васільевіч у Лабковіцы ў 1924 годзе. Якраз перад вайной скончыў школу, хацеў вучыцца далей, але мары перарвала вайна. Праз нейкі час у навакольных лясах з’явіліся партызаны. У лістападзе сорак другога Мікалай са старэйшым братам Валодзем таксама далучыліся да іх. Трапілі ў атрад № 213 1-й Асіповіцкай партызанскай брыгады пад кіраўніцтвам М.П. Каралёва.
Вось што ён успамінае:
— Спачатку мне, як непаўналетняму, не давяралі сур’ёзных спраў, вучылі ваенным навукам паскораным тэмпам. Першае сур’ёзнае баявое хрышчэнне атрымаў напачатку сорак чацвёртага года. Якраз пасля Новага года немцы пачалі блакаду партызанскай зоны, акружылі ўвесь лес, у выніку чаго прыйшлося адступаць за Бярэзіну, у Клічаўскі раён. А калі праз некалькі дзён вярнуліся, то ўбачылі папялішчы спаленых разам з людзьмі вёсак: Макаўе, Асавок, Брыцалавічы, Вялікая Гарожа… Сотні і сотні знішчаных сяльчан — старых, жанчын, дзяцей — усіх без разбору. Хацелася помсціць гадам-фашыстам, каб у іх пад нагамі гарэла зямля: грамілі гарнізоны, пускалі пад адхон варожыя цягнікі. Падчас “рэйкавай вайны” двойчы ўсёй брыгадай хадзілі на падрывы чыгункі. У другі раз напароліся на нямецкі бліндаж, не абышлося без ахвяр.
28 чэрвеня 1944 года нашы войскі вызвалілі Асіповічы, і партызаны прыйшлі ў горад, каб папоўніць рады Чырвонай Арміі. Бралі на фронт не ўсіх, бо мужчынскія рукі патрэбны былі, каб аднаўляць народную гаспадарку. Мне надта хацелася пайсці на фронт і змагацца з ворагам да поўнай перамогі. Трапіў у 1314-ы стралковы полк 17-й Чырванасцяжнай Бабруйскай дывізіі, стаў сувязістам. З тэлефоннай катушкай прайшоў да мяжы Беларусі, потым некалькі дзён мы ўтрымлівалі плацдарм да падыходу нашых танкаў. Штодзень ішлі цяжкія баі. Немцы агрызаліся з апошніх сіл. Пазней полк перакінулі ва Усходнюю Прусію, дзе ўтрымлівалася моцная нямецкая групоўка.
Перад чарговым выхадам для наладжвання сувязі ротны папярэдзіў, што ў фашыстаў ёсць снайпер і трэба быць асцярожнымі. Але ж цягнуць лінію неабходна, а мясцовасць адкрытая. Толькі перапоўз цераз бруствер, адкінуў катушку і стаў на калені, як адчуў рэзкі боль. Па рукаве і спіне пацякла кроў. Немец не прамазаў: куля прайшла наскрозь, пад пазваночнікам. Гэта здарылася 5 лютага 1945 года — для мяне вайна такім чынам скончылася. Добра, што шпіталь знаходзіўся блізка. Урач, агледзеўшы рану, сказаў сястрычцы: “Хутчэй за ўсё не выжыве”. Але майстэрства хірургаў ды малады арганізм перамаглі. Дзве аперацыі ў тым шпіталі ды яшчэ адна складаная ў Харкаве — і справы пайшлі на папраўку. Помню, прыходзяць раніцай урачы і замест звычайнага пытання пра наша самаадчуванне радасна крычаць: ”Ура! Перамога! Немцы капітулявалі!” Раненыя, хто як мог, падняліся з коек і аж танцаваць пачалі. Такое не забываецца.
У ліпені 45-га вярнуўся ў родную вёску. Сям’я — бацькі і сямёра дзяцей — перанесла шмат гора і страт. Хату спалілі паліцаі. Бацьку і брата Аляксандра забралі ў Нямеччыну ў рабства, але яны выжылі і вярнуліся дадому. Старэйшых брата і сястру накіравалі ў Татарку на торфазавод, з двума меншымі маці ратавалася ад пагібелі ў лесе каля Пагарэлага. Там з іншымі людзьмі жылі ў шалашах, аднак напалі паліцаі і забілі матулю з васьмігадовай сястрычкай, а брацік змог уцячы і выратавацца.
Куды падацца франтавіку? Тут загадчык пачатковай школы суседняй вёскі Рафалін прапанаваў яму месца настаўніка. І з верасня сорак пятага Мікола Мычко стаў для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак першым настаўнікам. Вучыў дзяцей і сам вучыўся. Завочна скончыў Бабруйскае педвучылішча і да закрыцця школы быў ня-зменным яе кіраўніком.
Дарэчы, адразу пасля вайны ўстанова не мела свайго памяшкання. Класы былі раскіданы па ўсёй вёсцы даўжынёй з кіламетр. Заняткі праводзіліся па хатах аднасяльчан. Пазней пад школу аддалі будынак у суседніх Семяровічах, але назва засталася ранейшай.
Кожнае лета падчас канікул Мычко дапамагаў калгасу: касіў, стагаваў сена, пасвіў статак — любая ж праца пачэсная. Пасля закрыцця школы да пенсіі рабіў у калгасе.
Мікалай Васільевіч з жонкай выгадавалі дваіх дзяцей. Але ў 85-м у дарожна-транспартным здарэнні трагічна загінуў 34-гадовы сын Пётр, інжынер-гідрагеолаг. Цяжка перажывалі ў сям’і такую страту…
Пасля таго як памерла жонка і былы салдат застаўся адзін, яго забрала да сябе дачка Зоя, якая па размеркаванні працавала ў Лідзе. Кожны год 9 мая ён апранае парадны касцюм са шматлікімі ўзнагародамі: ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне”, “За працоўную доблесць”, шэрагам юбілейных. Ганаровым госцем часта прысутнічаў на сустрэчах са школьнікамі, гарадскіх урачыстасцях. Неаднарозова пісала пра яго і мясцовая “раёнка”. Штогод да дня нараджэння ветэран атрымоўвае віншаванні і падарункі.
Не памылюся, калі скажу, што наш першы Настаўнік — партызан, франтавік — служыць для нас сапраўдным прыкладам. Яго ўрокі — не толькі чыстапісання і граматы, але і жыццёвыя — з намі кожны дзень. І надалей будзе так!
Уладзімір РАЧКОЎСКІ,
вёска Рафалін.