Дамы таксама ідуць у адстаўку.

Дамы таксама ідуць у адстаўку.

Гэты будынак звонку нагадвае школу або жылы дом: трохпавярховая пабудова даволі салідных памераў, пафарбаваная ў ярка-ружовы колер. Але недагледжаны двор, пусташ наўкола ды суседства з закінутым будынкам клуба, што ў скрусе паглядае забітымі аканіцамі, сведчаць: зараз тут рэдка бываюць людзі. Толькі святло, што гарыць у адным з акон, і ўключаныя ліхтары каля аднаго з уваходаў пацвярджаюць, што будынак мае гаспадароў.

Гаворка ідзе пра колішнюю казарму ў аграгарадку Лапічы, і ў яе “біяграфіі” ёсць некалькі цікавых момантаў, у тым ліку звязаных з літаратурай і кіно.

Дыхтоўная трохпавярхоўка ўзнікла недзе ў 1934 годзе. Па меркаванні мясцовых краязнаўцаў, будавалі яе казакі. Пацвярджэнне таму ёсць у мемуарах маршала Жукава.

Напачатку 1938 года Георгій Канстанцінавіч узначаліў 6 кавалерыйскі корпус. У яго склад уваходзіла і 4 Данская казацкая кавалерыйская дывізія імя Варашылава, якая дыслацыравалася на Асіповіччыне. Некаторыя яе падраздзяленні знаходзіліся ў Лапічах.

У 1940 годзе злучэнне было перафарміравана ў 210 механізаваную дывізію, прычым яе лапіцкая “групіроўка” ўяўляла сабой сур’ёзную сілу. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны тут знаходзіліся стралковы полк, два батальёны (разведвальны і інжынерны), дывізіён супрацьтанкавай артылерыі. Аднак у бой з нямецкімі войскамі дывізія ўступіла не на асіповіцкай зямлі…

Пра тое як сустрэлі вайну лапіцкія вайскоўцы, узгадваецца ў аповесці “Не вер люстэркам” Іны Гоф — празаіка і паэтэсы, аўтара слоў многіх песень, самай вядомай з якіх з’яўляецца “Русское поле”, жонкі паэта Канстанціна Ваншэнкіна.

Маці гераіні давялося ўбачыць тое ўласнымі вачамі. Чытаем урывак:

“…І яна ўспомніла свой дваццаць першы казацкі полк, лепшы ў дывізіі, паход на Заходнюю Беларусь, калі ім было даручана першым адкрыць дзяржаўную мяжу, і Беласток, і пасля ціхія Лапічы, куды іх адвялі на адпачынак. Перад самай вайной перафарміроўваюць наш полк і пераводзяць з казацкага ў механізаваны. Сказалі, перавучваць будуць.

Коней, значыць, адвялі, а танкаў не прысылаюць. Хлопцы нашы журацца — коней шкада, і ў танк лезці конніку цяжка, рослыя ўсе, адно слова — казакі!.. І тут — вайна! Колькі буду жывая на свеце, не забуду той час. Нас тады ў Лапічы на адпачынак паставілі. Ты спала, не чула, малая яшчэ была. А я на сон чуткая. Пракінулася сярод ночы — у акно бліскане, як маланка! Як загрыміць. Барыса буджу: “Чуеш, Барыс?” А ён прачынацца не хоча. “Гэта мехполк суседні на заняткі выязджае”. — “Не, Барыс, штосьці не так…” Ляжым, слухаем. Ардзінарац бяжыць — стук-стук падковамі. “Трывога!”

Барыс апрануўся ў тры мінуты. Пабег. Вяртаецца ў хуткім часе: “Аня, вайна!” А ўжо ўвесь дом прачнуўся, дзверы грукаюць. “З кім вайна?” — “Не ведаем. Правады ў палках парэзаны…” — “А адкуль жа даведаліся?” — “Ганец з дывізіі прыскакаў”. А дывізія ад нас, дачушка, васямнаццаць кіламетраў…

— Здорава нас бамбілі тады, — сказала Вера.

— Яны не ў нас кідалі — у мехполк. І запальныя бомбы, і фугасы. Увесь свет гарыць, а мехполк з калгаснікаў папаўненне набірае, і ў гэты натоўп іх бамбардзіроўшчыкі бомбы скідаюць. З поўначы наш бяжыць маленькі ястрабочак, а яны, як гусі, павернуць крута — і на яго…

…Бедная мама! Усю вайну яна ўспамінала, як у Лапічах перад ад’ездам паслала белы абрус, навяла ўтульнасць, апранула белы крухмальны чахол на канапу…”

Аповесць быццам бы аўтабіяграфічная, аднак не ўсё з ёй проста. У афіцыйным жыцце-апісанні і іншых творах Іны Гоф няма беларускага следу. Перад вайной пісьменніца разам з бацькамі жыла ў Харкаве, потым разам з матуляй і бабуляй дзяўчынка эвакуіравалася спачатку ў Казань, а потым у Томск, дзе яе бацька працаваў у шпіталі. “Адных толькі школ перамяніла я шэсць, пакуль скончыла дзесяцігодку, — Харкаў, Казань, Томск, Загорск,” — піша Іна Гоф у кнізе ўспамінаў. А пра Лапічы і наогул Беларусь нідзе не ўзгадвае.

Але ж у аповесці называюцца канкрэтныя населеныя пункты, ваенныя фарміраванні і месцы іх дыслакацыі. Бабуля гераіні размаўляе на мясцовым говары, з выкарыстаннем многіх беларускіх слоў. Не выключана, што нейкі час будучай пісьменніцы давялося правесці ў Лапічах, гасцюючы ў кагосьці з радні. Хаця магчымы і іншыя варыянты.

У кнізе ўспамінаў “Пера- ўтварэнні” Іна Гоф расказвае пра сваіх родных, якіх у сям’і было нямала. Напрыклад, пра бабулінага брата, які на фота, што захоўвалася ў сямейным альбоме, быў у ваеннай форме з шабляй на баку, вярхом на кані. Можа, ён ці хто іншы служыў у казацкім палку і дэталёва расказваў пра сваё жыццё ў Лапічах? Менавіта таму Іна Анатольеўна і дапускае памылкі ў нумарах ваенных часцей і імёнах ваеначальнікаў: дзяўчыне былі больш цікавыя не назвы і нумары, а адчуванні і перажыванні відавочцаў, што цалкам зразумела.

Так ці іначай, але пісьменніца захавала памяць пра чырвоных казакоў, якія размяшчалі-ся ў Лапічах да вайны.

* * *

У час акупацыі казармай карыстаўся нямецкі гарнізон. 30 снежня 1944 года ў Лапічах быў сфарміраваны асобны гвардзейскі 345 парашутна-дэсантны полк — адна з часцей Савецкай арміі, якія ўдзельнічалі ў Афганскай вайне. 9 рота менавіта гэтага палка стала калектыўным героем аднайменнага фільма.

Дарэчы, неафіцыйна называлі яе “штрафная рота”, бо траплялі туды пераважна салдаты, якія не вельмі сябравалі з армейскай дысцыплінай. Але ж ваявалі яны добра — многія сталі Героямі Савецкага Саюза.

* * *

Нямала іншых ваенных часцей пабачыла старая казарма на сваім вяку. Потым яна стала непатрэбнай Узброеным Сілам, аднак гэта не канец гісторыі.

Знайшлася прадпрымальніца, якая вырашыла даць другое жыццё дыхтоўнай пабудове, пераўтварыўшы яе ў спартыўную базу. Яшчэ ў яе планах выпуск фарфору, падтрымка прадпрымальніцтва…

Яе завуць Антаніна Новікава, і, як сама прызнаецца, набыла нерухомасць у не вельмі зручны час — напярэдадні пандэміі. Таму планы рэалізуюцца намнога больш марудна, чым хацелася б.

Будзем спадзявацца, што яе мары спраўдзяцца і, скінуўшы “ваенную форму”, будынак, якому хутка споўніцца 90 гадоў, стане служыць мірным стваральным мэтам.

Дзякуй краязнаўцу Юрыю Сцяпанаву за дапамогу ў рабоце над матэрыялам.

 

Последние новости

Власть

Лукашенко прокомментировал процесс подбора кадров в новый состав правительства и не только

25 февраля 2025
Читать новость
Спорт и туризм

ФК “Осиповичи” продолжает подготовку к новому сезону

25 февраля 2025
Читать новость
Спорт и туризм

Лучших лыжников лесной отрасли определяли в ходе республиканской зимней спартакиады работников лесного хозяйства, которая проходила на базе спортивного комплекса “Заячья поляна”

25 февраля 2025
Читать новость
Образование

Последние звонки в школах Беларуси прозвенят 24 мая

25 февраля 2025
Читать новость
Армия

Военнослужащие 336 реактивной артиллерийской бригады проводят полевой выход

25 февраля 2025
Читать новость
Общество

Прямая телефонная линия с начальником РОВД полковником милиции Архипенко Виктором Леонидовичем

25 февраля 2025
Читать новость

Рекомендуем