Да 70-годдзя трагедыі на Асіповіччыне: вогненныя вёскi

70 гадоў таму ў студзені 1943 года ў ходзе карнай аперацыі з цынічнай назвай “Франц” фашысты зверскі знішчылі жыхароў многіх нашых населеных пунктаў. Згодна з кнігай “Памяць. Асіповіцкі раён”, у агні апынуліся вёскі Асавок, Брыцалавічы, Буда, Баранцы, Бортнае, Вялікая Гарожа, , Вярбілава, Гоманаўка, Лука, Лучыцы, Макаўе, Максімаўка, Малая Гарожа, Май, Мяжное, Ражышча. Тымі сцюдзёнымі днямі, па недакладных да-дзеных, загінула каля 2 тысяч чалавек. А, можа, і значна больш…

Гэтая ж аперацыя закранула таксама тэрыторыі Пухавіцкага, Копыльскага, Слуцкага і Уздзенскага раёнаў. На працягу двух месяцаў фашысты расстралялі, спалілі, павесілі каля 4,5 тысяч чалавек, вывезлі ў Германію яшчэ каля паўтары тысячы.

Усяго за час акупацыйнага рэжыму на Асіповіччыне было закатавана каля 4 тысяч мірных жыхароў, цалкам або часткова спалена каля 50 вёсак.

За гэтымі лічбамі — невыносны чалавечы боль, ад якога нельга пазбавіцца нават з гадамі, і гнеўная праўда і памяць пра ні ў чым непавінных людзей, якія заўчасна пайшлі з жыцця. Былі сярод іх малыя і старыя, вясёлыя і гаваркія,  маўклівыя і пахмурныя. Словам, розныя, але паміраць не хацеў ніхто.

Iмёны многіх загінуўшых нашчадкам удалося аднавіць на мемарыяльных плітах ды манументах. А колькі яшчэ засталося безыменных! Не падымуцца з руін ніколі і такія вёскі, як Бортнае, Весялова, Май, Макаўе, Старонка. У агні згарэла 436 чалавек. Зараз на месцы былых паселішчаў узвышаюцца толькі помнікі…

На жаль, аджываюць свой век і тыя, хто яшчэ памятае дні ваеннага ліхалецця, і трэба спяшацца, каб запісаць успаміны пра самую страшную старонку іх жыцця. У гэтым накірунку многае зроблена. Паэты, пісьменнікі, журналісты, настаўнікі, мастакі, музейныя і бібліятэчныя работнікі, ды і самі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай унеслі значны ўклад у захаванне памяці пра вайну. На старонках “АК” таксама выйшла не адна сотня матэрыялаў, у якіх адлюстравана тая балючая тэма. Журналісты не аднойчы пісалі пра герояў і ахвяр вайны, пра кровапралітныя баі і “вогненныя вёскі”. Але ёсць яшчэ работа ўсім, пакуль будзе жыць на зямлі хоць адзін сведка тых жудасных падзей.

Днямі ў рэдакцыю прыйшоў ліст ад ураджэнца і цяперашняга жыхара вёскі Рафалін, ветэрана арміі Уладзіміра Рачкоўскага. Ён з болем піша пра сваіх родзічаў, якіх у студзені сорак трэцяга года напаткаў жудасны лёс: 20 чалавек з прозвішчам Сухоцкі былі зажыва спалены фашыстамі ў вёсцы Асавок. Вось вытрымкі з допісу:

— Па ўспамінах камандзіра партызанскага атрада (пазней — 1-й Бабруйскай брыгады) Героя Савецкага Саюза В.Лівенцава, блакада пачалася нечакана. У адным з апошніх баёў ад партызан уцёк здраднік па прозвішчы Iваноў, які паведаміў гітлераўцам аб размяшчэнні атрада. Прыйшлося спешна пакінуць гасцінную вёску Асавок.

Гнеў фашыстаў перамясціўся на мірных жыхароў, якіх 8 студзеня сагналі ў хлеў і спалілі жывымі. Iх развітальны нечалавечы стогн чуўся ў Каменічах. З ахопленага полымем памяшкання, па шчаслівай выпадковасці, удалося выратавацца некалькім чалавекам. Хтосьці з вяскоўцаў паспеў уцячы ў лес і там схавацца. Праўда, некаторыя, вярнуўшыся праз колькі дзён у вёску, зноў нарваліся на немцаў і былі расстраляны ва ўпор. Пасляваенныя насельнікі доўга яшчэ будуць бачыць вясной акрываўлены снег на месцы расстрэлу…

Дзядзька маёй матулі быў жанаты на жанчыне з Асаўка. Уся радня жыла пад адным дахам. У той страшны дзень два браты з жонкамі завіхаліся ў двары: пілілі і складвалі дровы. Раптам з’явіліся немцы і загадалі ім рухацца разам з астатнімі сяльчанамі ў назначанае месца. Бабуля з чатырма ўнукамі сядзелі ў хаце, грэючыся на печцы. Адзін з немцаў, які першым зайшоў у хату, махнуў рукой: маўляў, сядзіце і не высоўвайцеся. I пайшоў да дзвярэй. Насустрач яму — яшчэ немец. Першы нешта яму патлумачыў, відаць, што няма тут нікога, і абодва пакінулі хату. Так бабуля з унукамі засталіся жывыя.

Калі вестка аб тым, што згарэў Асавок, прыйшла ў Рафалін, мой дзед па матулінай лініі запрог коней, папрасіў суседзяў зрабіць тое ж самае і паехаў разам з імі ў спаленую вёску па бабулю з дзецьмі. Хутка наша сям’я папоўнілася новымі жыхарамі, але старэйшая дзяўчынка доўга не пражыла. Перажыўшы моцны страх ад убачанага пажарышча і ад раптоўнай страты бацькоў, яна захварэла на лунацізм і памерла. На жаль, даўно пайшла з жыцця і бабуля. Не     стала і яшчэ дваіх выратаваных дзяцей. А вось чацвёртая, Марыя Баляславаўна Фралова (Сухоцкая), 1943 года нараджэння, жыве зараз у Маскве. Аб тых жудасных днях яна гаворыць з болем у сэрцы, як і кожны, хто перажыў вайну і не далічыўся родных і блізкіх. I хто губляў іх ужо пасля вайны. Як, напрыклад, мая матуля, у якой напрыканцы саракавых снарадам разарвала  15-гадовага дваюраднага брата так, што адзін згустак крыві і застаўся на кустах…

Беларусы ў той вайне пацярпелі больш за іншых, і такіх вёсак, як Асавок, не адна сотня. У знак памяці аб спаленых пасяленнях створаны мемарыяльны комплекс Хатынь, дзе на сімвалічным дрэве жыцця ёсць галінкі і з назвамі вогненных вёсачак Асіповіччыны.

Было б справядлівым, лічыць аўтар ліста, паставіць помнік загінуўшым у вайну паселішчам, каб не згасала памяць пра іх. “Думаю, што наш гераічны раён варты такога манумента, — піша ён. — Няхай усе нашчадкі бачаць: вось вёска Брыцалавічы — амаль пяць Хатыняў, вось столькі такіх жа было ў раёне. Можна нават арганізаваць збор сродкаў на яго стварэнне — гатовы ўнесці першы ўзнос. А ў каго няма загінуўшых на вайне родных — няхай не ахвяруюць…”

Дарэчы, Уладзімір Рачкоўскі мае сярод землякоў аднадумцаў. Яшчэ напачатку 2000-х гадоў вучні Каменіцкай СШ выступалі з такой прапановай і нават зрабілі папяровы эскіз помніка. I старшыня раённага таварыства беларускай мовы Сямён Бародзіч таксама ў адным са сваіх допісаў у газету выказваўся наконт гэтага. Дык, можа, і праўда настаў час ажыццявіць задуманае? Давайце абмяркуем разам…

Ніна ВIКТОРЧЫК.

Последние новости

Общество

Гороскоп на 26 июля для всех знаков зодиака

26 июля 2025
Читать новость
Общество

Иностранцы без ВНЖ: как правильно сдать жилье и узаконить трудовые отношения

25 июля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко дал интервью одному из наиболее известных мировых изданий

25 июля 2025
Читать новость
Общество

26 июля ФК “Осиповичи” проведет заключительный матч первого круга чемпионата страны по футболу 1 лиги

25 июля 2025
Читать новость
Год благоустройства

24 июля состоялось заседание штаба по благоустройству Осиповичского района

25 июля 2025
Читать новость
Общество

Уборачная кампанія ў разгары. У гэтым пераканалася карэспандэнт АК, наведаушы ААТ “Ясеньскае”

25 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем