Да 70-годдзя трагедыі на Асіповіччыне: чорная дата Брыцалавіч

Усе расстраляныя і спаленыя тут — землякі, бо нарадзіўся і правёў дзяцінства ў трох кіламетрах ад Брыцалавіч, у малюсенькай вёсачцы Ражнетава-2. Добра памятаю сустрэчы-размовы з трыма шчасліўцамі, якім лёс цудам збярог жыццё. Ніколі не забудуся, як перад Вялікаднём 1977 года наведаўся ў Брыцалавічы і нас разам са старшынёй Ліпеньскага сельсавета Дзмітрыем Фалевічам частавалі духмянымі булкамі ды чырвонымі яйкамі, а з Улітай, як звалі вяскоўцы Ульяну Кандратаўну Альховік, Ганнай Іванаўнай Патапейка і яе цёзкай па прозвішчу Аляксеем Фёдаравічам падымалі чаркі ля абеліска за супакой душы нябожчыкаў…

Сустрэчы з тымі, хто застаўся жыць, першае знаёмства з мемарыяльным комплексам, які ўзвялі на месцы спаленай вёскі як сімвал неўміручай памяці аб загінуўшых, узрушылі да глыбіні душы. У святочным да Дня Перамогі нумары “раёнкі”, дзе працаваў загадчыкам сельгасаддзела, змясціў матэрыял пад назвай “Тыя, хто застаўся жыць”. Праз 11 гадоў Уліту Альховік ужо не заспеў: памерла. Зноў гутарылі з Ганнай і Аляксеем Патапейка, зноў рабіў здымкі, зноў з’явілася публікацыя ў “Запаветах Леніна”…

Цяпер і іх ужо няма сярод нас. І мемарыял змяніўся: не стала статуі хлопчыка-падлетка, сімвала брыцалаўскай дзятвы, якую перад вайной шчодра “прыносілі” ў сялянскія хаты буслы, замест яго — твор беларускага скульптара М.І.Кандрацьева.

13 студзеня 1943 года — чорная дата Брыцалавіч. Нямногія жыхары вёскі ўцалелі пасля таго сцюдзёнага ранку. Карнікі расстралялі 667 мужчын і жанчын, дзяцей і састарэлых. Каб замесці крывавыя сляды сваіх зверстваў, іх разам з пабудовамі спалілі…

Ад сведак той жудаснай трагедыі сёння засталіся толькі запісы ўспамінаў. Яны і спавядаюць пра тое, як гэта было.

Ульяна Кандратаўна Альховік:

— У нашу вёску часта наязджалі немцы. Аднойчы прыехалі, пэўна, па даносу. Павесілі майго мужа Пятра і дачку Волю. Яна сувязной у партызан была. А праз колькі дзён зноў прыехалі. Акружылі вёску, усе сем’і сагналі ў хлявы і іншыя пабудовы. Я спрабавала схавацца, але не ўдалося. Знайшлі. Таксама загналі ў хлеў. Потым вароты яго адчыніліся і пачалі расстрэльваць сагнаных сюды людзей. Стралялі, пакуль тыя не перасталі варушыцца. Доўга ў непрытомнасці ляжала я сярод мёртвых. Не магла прыйсці ў сябе: жывая ці не? Моцна балела параненая рука. Калі сцямнела, прабралася да выхаду. Нікога не было, і я пабегла… Падалася ў лес…

Ганна Іванаўна Патапейка:

— Фашысты рабілі аблаву на партызан, ды як уварваліся ў зямлянку — рванула міна. Мо дзесяць гэткіх д’яблаў лягло. Раз’юшыліся акупанты і разам з карнікамі акружылі нашу вёску…

Быў марозны ветраны ранак. Абпальвала твар, калі высунешся з сенцаў на вуліцу. Карнікі турлялі ў плечы аўтаматамі і зганялі ўсіх ад старога да дзіцяці ў калгасныя хлявы. А крыху раней вясковых мужчын сабралі ў школе. Чутны былі стрэлы, крыкі. Што з імі?

“Што будзе з намі, — лямантавалі жанчыны. — Напэўна, апошнія гадзіны мы бачым белы свет”.

Хоць бы дзяцей выратаваць, а іх ля мяне чацвёра. Ніна толькі на свет з’явілася — сем месяцаў. Кармлю, кармлю грудзьмі, а немаўлятка не сунімаецца.

Павялі чалавек з дванаццаць. За падолы маці чапляліся дзеці, яны хацелі ісці разам. Ісці ў апошнюю дарогу. А калі і мая чарга надышла, абняла сваіх Танюсю, Маньку і Сямёнку, мацней прыціснула да сябе Нінку, малюсенькую-малюсенькую. Аўтаматныя чэргі. Нібы падкошаныя жытнёвыя сцяблы, пападалі ўсе. Штосьці гарачае льецца, льецца… Згубіла прытомнасць…

Апрытомнела. Дзе я і што з маімі крывінкамі? Выбралася з-пад трупаў. Адцягвала, адцягвала іх… Знайшла мёртвых дзетак… А мяне хоць бы зачапіла…

Як дабралася да партызан — не ўяўляю. У атрадзе сустрэла гаспадара. І як толькі перажылі такое страшэннае гора!

Аляксей Фёдаравіч Патапейка:

— Мяне, чатырнаццацігадовага хлапчука, таксама фрыцы прыгналі ў калгасны хлеў. Дзверы яшчэ не былі зачынены. Сястра маёй маці Ніна і цётка Алеся прашапталі: “Алёшка, давай уцякаць”. У суседніх хлявах чуліся ўжо стрэлы. Мы выбеглі ў адкрытае поле. Бегчы было цяжка, правальваўся снег, ногі знямелі. Нас заўважылі карнікі. Кулі свісталі вакол, а я ўсё бег… Азірнуўся, бачу, Ніна ўпала, цётка Алеся застыла на снезе… Да лесу далёка, а ўслед немцы бягуць. Тут якраз стог сена. Я пад стажарышча зашыўся. А вечарам быў у партызан.

У кожнага свой лёс…

Камандзір 211-га атрада Рыгор Баразна залічыў Алёшу ў яго склад, і нароўні з усімі ён хадзіў на баявыя заданні і ў разведку, а Ганна і Уліта пяклі партызанскі хлеб. У мірны час на службу хлопца праважалі ўсёй вёскай. Бязвусы прызыўнік, а на грудзях — дзве баявыя ўзнагароды…

Вось скупыя радкі пажоўклай ад часу паперы, на якой каліграфічным почыркам выведзена: “За час службы ў СА сяржант А.Патапейка паказаў сябе выключна са станоўчага боку. Меў 34 падзякі, 3 грашовыя прэміі, яму прадастаўляўся кароткачасовы водпуск з выездам на Радзіму… Ветлівы, акуратны, сумленны і тактычны са старэйшымі па званню…”

Потым — рамантыка маладосці, асваенне цалінных і залежных зямель. Па камсамольскай пуцёўцы, выдадзенай Асіповіцкім РК ЛКСМБ 18 лютага 1955 года, Аляксей разам з моладдзю раёна едзе вырошчваць хлеб, цану якому зведаў у партызанскай зямлянцы і ў часы адраджэння Брыцалавіч, дзе паставіў і свой сямісценак.

Калі вярнуўся дадому, то ўжо да канца дзён не здраджваў механізатарскай справе. Ганаровых грамат, падзяк і розных іншых пісьмовых пашан па колькасці ў Патапейкі было не менш, чым салдацкіх. Ордэны Айчыннай вайны ІІ ступені і Працоўнага Чырвонага Сцяга, з дзясятак медалёў і знакаў упрыгожвалі яго грудзі. Праўда, не любіў чалавек іх насіць, апранаў пінжак з начэпленымі ўзнагародамі толькі выключна па святах. Так вось і мне папазіраваў…

На ўзлеску дубровы, за якой струменіць маляўнічая Свіслач, стаіць на ўзгорку абеліск — комін печы. Па абодва бакі яго — мемарыяльныя дошкі з бетону, на якіх высечаны прозвішчы расстраляных і спаленых вяскоўцаў…

Трагічны лёс напаткаў не толькі Брыцалавічы. Яна — у ліку 186 вёсак роднай Беларусі, якія разам з людзьмі згарэлі датла ад крывавых рук гітлераўскіх нелюдкаў. Адны паселішчы потым адрадзіліся, другія толькі і засталіся ў людскіх сэрцах. На іх месцы стаяць помнікі, узвышаюцца мемарыялы. Ля падножжа — кветкі. Сюды прыходзяць, каб да зямлі пакланіцца, ушанаваць памяць і яшчэ раз выказаць словы ўдзячнасці тым, хто цаной уласнага жыцця адстойваў свабоду і незалежнасць роднай Айчыны.

Званы Хатыні… Рэха іх, заклік чутныя ўсёй планеце: людзі, беражыце мір! Не дайце разгарэцца новай вайне!

Франц СЛАВІНСКІ.

Последние новости

Общество

Где в Осиповичском районе можно купаться не нарушая закон?

7 июня 2025
Читать новость
Общество

Бойцы студотрядов Осиповичского района приступили к работе

7 июня 2025
Читать новость
80 лет Великой Победе

Реалии нацистской оккупационной политики в Беларуси на примере Осиповичского и соседних с ним районов.

7 июня 2025
Читать новость
Здравоохранение

В Осиповичскую центральную районную больницу уже поступило 238 новых компьютеров, приобретенных за счет республиканского бюджета

7 июня 2025
Читать новость
Общество

Могилевская область — победитель республиканского смотра-конкурса, проводимого в рамках выставки «БЕЛАГРО-2025»

6 июня 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко утвердил новации в контрольной деятельности

6 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем