Да 140-годдзя Асіповіч: вуліцы-легенды

Памятныя мясціны, будынкі, мемарыяльныя дошкі на вуліцах Асіповічаў могуць расказаць шмат незвычайнага пра яго гісторыю. I штодня, калі едзем у транспарце ці рушым па тратуарах, бачым “загалоўкі” асобных раздзелаў летапісу горада — назвы вуліц. Давайце ж разам і зазірнем на яго старонкі, паспрабуем даведацца, што крыецца за кожным найменнем.

На карце горада Асіповічы, якую лёгка знайсці ў любым кіёску “Саюздрук”, можна налічыць звыш 160 вуліц і завулкаў, каля дзясятка ўездаў і адну плошчу — імя Леніна. Усе яны маюць сваю назву. Прычым некаторыя вуліцы і завулкі носяць адну і тую ж. Напрыклад, Чумакова, Якуба Коласа, К.Маркса, Крупскай, Асіпенкі, Розы Люксембург і інш. Такіх супадзенняў каля двух дзясяткаў. Каля 40 вуліц названы мілагучнымі прыметнікамі — Ягадная, Цяністая, Сасновая, Сонечная, Садовая, Абрыкосавая, Рабінавая, Вішнёвая, Каштанавая, Зялёная, Дружная, Баравая, Лугавая і інш. Ёсць на карце вуліцы, якія сугучны з назвамі той ці іншай мясцовасці. Напрыклад, Мінская, Замошская, Пратасевіцкая, Бабруйская, Забалоцкая. Пазначаны на ёй і завулак Магілёўскі.

Але з палову вуліц носіць назву ў гонар кагосьці са знакамітасцей: вядомых рускіх і беларускіх пісьменнікаў, рэвалюцыянераў, удзельнікаў розных войнаў. Сярод іх ёсць прозвішчы як тых, хто меў прамое дачыненне да горада, так і тых, хто тут ніколі не быў, а, можа, нават і не ведаў пра яго існаванне, але пакінуў след у гісторыі чалавецтва.

Так, у назвах вуліц можна знайсці такія імёны, як Ламаносаў, Кутузаў, Шчорс, Энгельс, Талстой, Шолахаў. Дарэчы, прозвішчы рускіх пісьменнікаў значацца ў назвах 10 вуліц, рэвалюцыянераў — прыблізна ў столькі ж. Ёсць вуліца касманаўта Гагарына, лётчыка Чкалава. Тлумачыцца гэта тым, што назвы ў гонар гэтых знакамітых людзей насілі ў савецкі час патрыятычны характар, такім чынам падкрэслівалася павага да іх за здзейснены гераізм.

Але прыемна і тое, што ўсё ж такі большасць з вуліц носіць назву ў гонар людзей, якія праславілі асіповіцкую зямлю. Напярэдадні 140-годдзя роднага горада давайце і ўзгадаем іх імёны яшчэ раз.

Вернасць справе рэвалюцыі

Вуліца Чумакова — адна са старэйшых у горадзе. На ёй да гэтай пары растуць дрэвы, якія памятаюць тыя даўнейшыя часы. На дадзены момант тут размешчана каля 100 дамоў, у асноўным гэта жылыя аднапавярховыя пабудовы, якія ў большасці сваёй пасляваенныя, пазначаныя 1946-51 гадамі. Хаця ёсць сярод іх, як кажуць, доўгажыхары. Напрыклад, дамы №№1 і 7 пабудаваны, згодна з рэгістрацыйнай карткай, у 1925 го-дзе, 66 — у 1920. Самым старэйшым лічыцца дом № 41, які належаў аднаму з камунальных
прадпрыемстваў горада. У 1934 годзе на вуліцы быў пабудаваны дзіцячы сад № 1 гарадскога аддзела адукацыі. Некаторыя з іх не адзін раз мянялі гаспадара. Вуліца Чумакова выхавала не адну сотню асіпаўчан. Сярод іх і браты Аляксандр, Віктар, Уладзімір і Станіслаў Асташэвічы, якія нарадзіліся ў доме пад № 29. Траіх Бог надзяліў паэтычным дарам. На жаль, лёс склаўся так, што ніхто з іх у Асіповічах не жыве, але бацькоўскі дом, які належыць ужо іншым людзям, яны не забываюць. Сваю любоў да роднага краю не аднойчы апавялі ў творах.

Так, у адным з вершаў “Горад дзяцінства” Станіслаў Асташэвіч напісаў:

Горад мой, стаіш на скрыжаванні
Вось і пасрабрылі скроні зімы,
Ручаін чыгуначнай ракі…
Але не забыць жыцця выток…

Памятаю, як у дзяцінстве раннім
Як каму, а для мяне Радзіма —
Пелі паравозныя гудкі…
Гэты зліты з сэрцам гарадок.

Стаіць на гэтай вуліцы і культавае збудаванне — Крыжа-Узвіжанская царква. Згодна з актам інвентарызацыйна-тэхнічнага бюро ад 10 жніўня 1950 года, пабудавана яна была ў 1945 годзе.

Адважны машыніст

Тры гады Акім Чумакоў не ўзнімаўся на паравоз. Увесь гэты час у яго руках замест рэверса была вінтоўка — верная сяброўка ў барацьбе з польскімі легіянерамі, немцамі, рознага роду бандытамі. У 20-м іх яшчэ да канца не дабілі, і яны разрозненымі групамі нападалі на савецкія органы, актывістаў, стралялі з абрэзаў.

Але аднойчы Чумакова выклікаў да сябе сакратар партячэйкі і прапанаваў баявы пост змяніць на працоўны. Акім усе тры гады толькі і думаў аб тым, калі зноў паімчыцца па стальных магістралях. З таго дня ён зноў пачаў вадзіць цягнікі. Цяжка было ў той час працаваць. Станцыі былі забіты пасажырамі. Вагонаў не хапала. І таму людзі атакавалі таварнякі, прыстройваліся на адкрытых платформах. Былі сярод іх і спекулянты, якія машыністу не давалі праходу. Але Акім верыў, што хутка з разрухай будзе скончана…

27 жніўня 1922 года яму было даручана даставіць з Слуцка ў Асіповічы эшалон, у якім быў вагон з каштоўнасцямі. Тым часам у раёне паміж Асіповічамі і Старымі Дарогамі дзейнічалі разбойныя групы Пташынскага і Цвіркі, якія рабавалі насельніцтва. Банда дазналася аб вагоне з каштоўным грузам. На адным з раз’ездаў бандыты вывелі са строю чыгуначную сувязь, разабралі стыкі рэек і, прывязаўшы да рэйкі вяроўку, каб яе сарваць з месца, заляглі ў чаканні цягніка. Чумакоў здалёк заўважыў пашкоджаныя пуці і збавіў рух цягніка. Бандытам не ўдалося сарваць з месца рэйку, бо яна ўрэзалася ў шпалу, і цягнік прайшоў праз перашкоду. Але адзін з бандытаў паспеў ускочыць на прыступку паравоза і запатрабаваў спыніць цягнік. У адказ машыніст толькі павысіў хуткасць. Тады бандыт выстраліў у яго два разы. Цяжка паранены, сыходзячы крывёю, Чумакоў працягваў весці састаў, пакуль не вывеў яго ў бяспечнае месца. Выратаваць жыццё адважнага машыніста не ўдалося, але абавязак свой ён выканаў да канца.

29 жніўня 1922 года жыхары Асіповіч правялі А.М. Чумакова ў апошні шлях. Яго вялікай сям’і, якая засталася без кармільца, па рашэнні беларускага ўрада бязвыплатна быў перададзены дом па вул. Серпухаўскай, якая пазней была перайменавана ў вуліцу А.М. Чумакова. У гонар 50-й гадавіны Савецкай улады імем Чумакова быў названы манеўровы цеплавоз на станцыі Асіповічы, які і зараз у страі. На лакаматыўным дэпо адкрыта мемарыяльная дошка.

Вуліца Сташкевіча пачала існаванне ў другой палове 20-х гадоў. Пра гэта сведчыць дом № 3, які быў пабудаваны ў 1927 годзе. Стаяць да гэтай пары і іншыя дамы (№№ 1, 7, 11, 13, 14), якія з’явіліся на свет да вайны. У адным з такіх дамоў нарадзілася самая старэйшая жыхарка вуліцы, 88-гадовая Ганна Фадзееўна Бобрык (на здымку). Па яе словах, назва вуліцы Кароткая адпавядала і яе працягласці. На ёй да вайны стаяла дамоў 10-15. Насупраць быў лес. Адзін з яе братоў добра іграў на гармоніку. Часта каля іх дома збіралася моладзь на вячоркі. Жылі ўсе дружна і весела. Пазней вуліца вырасла, забудавалася новымі шматпавярховымі дамамі, у тым ліку і адміністрацыйнымі будынкамі.

Камсамольскі актывіст

Нарадзіўся Аляксандр Якаўлевіч Сташкевіч у 1898 годзе ў Асіповічах у сям’і чыгуначніка — Якава Андрэевіча. Маленькі дом № 4 на вул. Лібаўскай (К.Лібкнехта) утойваў у сваіх сценах беднае, бязрадаснае жыццё гэтай, дзе, акрамя Аляксандра, раслі сёстры Марыя, Вера і Надзея, сям’і. Якаў Андрэевіч многа працаваў, каб пракарміць усіх, але знаходзіў час і на выхаванне дзяцей.

Да рэвалюцыі Аляксандр скончыў 4-класную Мінскую агульнаадукацыйную школу чыгуначнікаў, а ў 1918 годзе з поспехам прайшоў навучанне ў Гомельскім чыгуначным вучылішчы па спецыяльнасці тэхніка эксплуатацыі службы пуці.

На работу трапіў у Асіповічы, удзельнічаў у барацьбе з белапалякамі.

У 1920 г. арганізаваў на чыгуначным вузле камсамольскую ячэйку з 20 чалавек. Пасля выгнання белапалякаў у Асіповічах пачынаецца барацьба з разрухай і рэшткамі бандыцкіх з’яў. Сташкевіч не застаецца ўбаку. Як вопытны арганізатар, залічваецца на камандную пасаду ў часці асобага прызначэння камандзірам 2-й роты, праводзіць баявую і палітычную работу сярод байцоў, рыхтуе іх да сутычак з унутранай контррэвалюцыяй, чакаць якіх доўга не прыйшлося. Сташкевіч вядзе барацьбу з бандытамі ў Татарцы і іншых станцыях.

26 кастрычніка 1920 года бандыты зрабілі ўзброены напад на ссыпны пункт чыгуначнай станцыі Градзянка — раён абароны 2-й роты. Для падаўлення бандыцкіх налётаў арганізуецца атрад з 30 байцоў, памочнікам камандзіра якога быў прызначаны Аляксандр Сташкевіч. На наступны дзень цягніком атрад прыбыў у Градзянку. Ноччу банда ў колькасці 200 чалавек напала на невялікі атрад Сташкевіча. Завязаўся жорсткі бой. Сташкевіч сваім прыкладам падтрымліваў стойкасць байцоў у гэтай няроўнай барацьбе. У ходзе бою памочнік камандзіра быў паранены, але не пакінуў пазіцыі, працягваў весці агонь па бандытах, якія, карыстаючыся цемрай, акружылі Сташкевіча і ўзялі яго ў палон. У лесе непадалёку ад Гра-дзянкі 28 кастрычніка раненага чырвонаармейца забілі. Пакінуўшы яго цела ў лесе, бандыты схаваліся.

Рота страціла свайго лепшага камандзіра і палітработніка, камсамольская ячэйка — актыўнага арганізатара і агітатара, сям’я — любімага сына, Радзіма — свайго патрыёта, які стойка і мужна абараняў заваёвы Савецкай улады, да канца выканаў абавязак перад сацыялістычнай дзяржавай.

3 лістапада 1920 года з усімі воінскімі ўшанаваннямі Аляксандр Якаўлевіч Сташкевіч быў пахаваны на асіповіцкіх рускіх могілках. З гарачай прамовай выступілі камандзір атрада міліцыі Славінскі і другія баявыя таварышы Сташкевіча, раздаўся аружэйны салют — і герой быў пахаваны.

Мінуў час, прайшлі дзесяцігоддзі, а імя камсамольца Сташкевіча не засталося забытым. У 1969 годзе на магіле пастаўлены абеліск. Адна з вуліц, якая раней насіла назву Кароткая, названа ў яго гонар.

З успамінаў сястры Аляксандра Сташкевіча Наталлі Папковай: “Аляксандр быў акуратным, энергічным, любіў паляванне і рыбалку. У час грамадзянскай вайны вёў актыўную барацьбу з ворагамі Савецкай улады. Якое гора было нам, пакуль знайшлі месца, дзе быў забіты мой брат”.

Барацьбіт за свабоду

Па звестках, атрыманых у агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, вуліца Патоцкага ўзнікла каля 1956 года, калі там былі пабудаваны першыя баракі для рабочых вагоннага дэпо. І называлася яна Вагонная. Зараз там, акрамя жылых дамоў, шмат адміністрацыйных будынкаў і прадпрыемстваў.

Нарадзіўся ён у 1878 годзе ў вёсцы Матарына Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння 3 класаў царкоўна-прыход-скай школы батрачыў. З 1894 года — рабочы будаўнік у Петраградзе, Кранштаце, Рызе. З 1908 па 1914 год — кандуктар чыгункі ў Варшаве. Удзельнік Першай сусветнай вайны. Да 1917 года на фронце. Падтрымліваў патрабаванні бальшавікоў аб спыненні вайны. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года накіраваны ў г. Лунінец у распара-джэнне атрада рабочай гвардыі. Там Патоцкі арганізаваў і ўзначаліў збор зброі на месцах былых баёў, потым адпраўляў яе ў Петраград і Маскву для ўзбраення рабочых атрадаў. Удзельнічаў у разгроме белапольскіх інтэрвентаў, войск Калчака. З 1921 па 1924 год працаваў супрацоўнікам паста Упраўлення Транспартнай Надзвычайнай Камісіі на чыгуначнай станцыі Асіповічы, вёў барацьбу з бандытызмам. З 1921 па 1941 год на рознай гаспадарчай рабоце на чыгуначных станцыях Койданава, Мінска.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны І.К.Патоцкі пераехаў з Мінска ў Асіповічы, арганізаваў падпольную работу супраць акупантаў. Да гэтай работы прыцягнуў свайго сына Мікалая, іншых камсамольцаў, патрыятычную моладзь. Па схаванаму ў печы радыёпрыёмніку прымаў, а потым распаўсюджваў сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро. Устанавіў сувязь з партызанскім атрадам 210, якім камандаваў М.Каралёў, і атрадам 752 В.Лівенцава. Перапраўляў у атрады ваеннапалонных, медыкаменты, паперу, друкарскі шрыфт, фарбу, даныя аб гарнізоне.

Партызаны ў сваю чаргу забяспечвалі падпольшчыкаў узрыўчаткай, якая потым выкарыстоўвалася Патоцкім для дыверсій на чыгуначным вузле Асіповічы.

У 1942 годзе пры пагрозе арышту ён з сынам Мікалаем пайшоў у партызанскі атрад № 752.

За рэвалюцыйную і баявую дзейнасць у гады рэвалюцыі, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай вайнаў І.К.Патоцкі ў 1967 годзе ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені. Быў персанальным пенсіянерам саюзнага значэння.

Памёр 11 мая 1970 года.

Последние новости

80 лет Великой Победе

Он освобождал Осиповичи. 28 июня — День освобождения района от немецко-фашистских захватчиков

28 июня 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 28 июня для каждого знака зодиака

28 июня 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко сказал, что делать, чтобы ЕАЭС был эффективной структурой, а не площадкой теоретических дискуссий

27 июня 2025
Читать новость
Общество

В этом месяце перестало биться сердце Зинаиды Константиновны Пацкевич — бессменного председателя совета ветеранов Осиповичской ЦРБ “Серебристый ландыш”

27 июня 2025
Читать новость
Общество

В сельхозпредприятиях Осиповичского района в разгаре сезон кормозаготовки. Качество заготавливаемого сенажа контролируется в ветеринарной лаборатории ВСУ “Осиповичская райветстанция”

27 июня 2025
Читать новость
Власть

ЕАЭС 2.0. Лукашенко обозначил контуры обновленной версии экономического союза

27 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем