К 140-летию Осиповичей: улицы-легенды. Они шли через пекло войны

Вуліца Казлоўскай прымыкае да Рабоча-Сялянскай і перакрыжоўваецца з вул. Гарбатава. Звязаны з ёю і вуліцы герояў Стэльмаха, Асіпенка, Майстрэнкі. Раней насіла назву Слуцкая. Знаходзіцца на ёй каля 50 дамоў. Размешчаны тут і некаторыя ўстановы: аптова-гандлёвая база, хлебазавод, райпалівазбыт, нафтабаза. На будынку апошняга і вісіць мемарыяльная дошка, узгадваецца, у гонар каго названа вуліца. Як паведаміла кіраўнік справамі Пратасевіцкага сельсавета Алена Падвойская, родныя Казлоўскай жывуць у Мінску, перыядычна прыязджаюць на магілу Пелагеі Тарасаўны. У гэтым годзе там быў пастаўлены новы помнік, даглядаюць за якім вучні школы.

Не схіліла галавы маці

Гэта было амаль 70 гадоў таму. Гуляла лютаўская завіруха. Белыя пасмы-стрэлы калючага снегу ледзянілі і балюча калолі твар. А яна,  52-гадовая жанчына, у звычайнай ватоўцы, бурках і шарсцяной хустцы, ішла па горадзе з узнятай галовой. На яе спіне палымнеў яркай чырванню сцяг, і такія ж чырвоныя густыя кроплі сачыліся скрозь адзенне з-пад іржавых цвікоў, якімі да спіны жанчыны было прыбіта гэтае свяшчэннае палотнішча. На грудзях вісела дошка з надпісам: “Маці партызана, якая хавала савецкі сцяг”.

Яна ішла міма людзей, вочы якіх былі затуманены слязамі. Усе ведалі: гэтая жанчына не просіць літасці ў фашысцкіх катаў. А апошнія разлічвалі, што такія страшэнныя пакуты прымусяць яе размаўляць.

Яны не дачакаліся ад мужнай жанчыны ніводнага слова. І тады каты, на вачах у сагнанага мясцовага насельніцтва, павесілі мужную сялянку.

Некалькі дзён на базарнай плошчы лютаўскі вецер гушкаў яе на сваіх крылах, спяваючы вечную калыханку бясстрашнай народнай гераіне. Потым труп быў кінуты ў яму на вуліцы, якая цяпер і носіць імя Казлоўскай. Так скончыўся яе слаўны жыццёвы шлях.

А ён і напачатку быў нялёгкі. Муж Пелагеі Тарасаўны загінуў у імперыялістычную вайну. Адной прыйшлося гадаваць дачку Фёклу і сына Мікалая. Як толькі ў Пратасевічах пачаў арганізоўвацца калгас, яна адной з першых уступіла туды.

Падрасталі дзеці, з’явіўся дастатак у доме. Жанчына сумленна працавала на даручаным участку, доўгі час была свінаркай на жывёлагадоўчай ферме.

І раптам — вайна. На свяшчэнную барацьбу з акупантамі благаславіла сына Мікалая. Ён пайшоў у атрад народнага мсціўца А. I. Кудашава.

З чэрвеня 1941 года, калі часці Чырвонай Арміі вялі баі з ворагам каля роднай вёскі, Пелагея Тарасаўна хавала палкавы сцяг, які забрала з рук забітага чырвонаармейца. Была ўпэўнена, што прыйдзе час, калі ён горда будзе развявацца над яе домам. Якісьці здраднік падгледзеў, данёс у гестапа… Было гэта ў 1943 годзе. Ваенна-палявая паліцыя знайшла запаветны скрутак у саламянай страсе хлява. Казлоўскую павезлі ў Асіповічы.

Неўзабаве цёмнай ноччу ў вёску з’явіўся Мікалай, каб забраць у лес маці, але было позна.

Калі Асіповічы былі вызвалены, сын пахаваў астанкі маці на пратасевіцкіх могілках, каля старых дубоў і сосен. Спіць яна тут вечным сном. Нарадзілася не адно пасляваеннае пакаленне, у тым ліку ўнукі, праўнукі і прапраўнукі асіповіцкай патрыёткі. За іх шчаслівае дзяцінства і аддала яна геройскі сваё жыццё.

На жаль, здымка гэтай цудоўнай жанчыны няма. Паводле слоў родных, яна ніколі не фатаграфавалася.

Вуліца Ганны Коваль невялікая — усяго 6 дамоў, дзе пражывае 25 чалавек. Называлася раней, як і завулак Кіржыманава, Цагельнай. Мемарыяльнай дошкі, якая б расказвала, чым праславілася жанчына, няма.

Важак камсамольскай групы

Ганна Іванаўна Коваль — адна з адважных і смелых патрыётаў-падпольшчыкаў у Асіповічах у гады Вялікай Айчыннай вайны. Нарадзілася ў 1923 г. у Кіеве. Член ВЛКСМ з 1936 г.

З пачатку акупацыі гітлераўцамі Беларусі ўсёй душой ненавідзела “новы парадак”, стала на шлях барацьбы з ворагам.

У верасні 1941 г. арганізавала і ўзначаліла падпольную камсамольскую групу па барацьбе з ворагам. У сваёй кватэры ўстанавіла радыёпрыёмнік — слухала Маскву, запісвала зводкі, збірала моладзь і расказвала аб сапраўдным становішчы на франтах і барацьбе ў тыле. Адначасова звязалася з партызанскай групай А.І.Кудашава, якая ў верасні ўвайшла ў партызанскі атрад А.Я.Пархоменкі. Стала пастаяннай сувязной у горадзе.

Для папаўнення групы Кудашава накіроўвала людзей, у тым ліку Георгія Цыганкова, Аляксандра Коласа, Аляксандра Баторына, брата Івана і многіх другіх. З чэрвеня 1942 г. Ганна ўстанаўлівае сувязь з партызанскім атрадам А.С.Шашуры (Старадарожскі раён). Там яе знаёмяць з разведчыцай Цінай Слезінай з вёскі Паршчаха, і яны працуюць разам.

У Асіповічах Слезіна пазнаёмілася з нямецкімі афіцэрамі аддзела забеспячэння камендатуры, у якіх за дэфіцытныя прадукты выменьвалі соль, мыла, запалкі. Усё перадавалі партызанам. Раз’язджаючы на кані па вёсках, з дапамогай насельніцтва збіралі зброю, боепрыпасы, а цераз падпольшчыкаў групы і самі збіралі даныя аб асіповіцкім гарнізоне, руху воінскіх эшалонаў. Перадавалі ў атрад і зводкі Саўінфармбюро. У ліпені 1942 г. Ганна і Ціна вывозілі на падвозе пад сенам кулямёт, гранаты і радыёпрыёмнік. Перад вёскай Ставішча іх затрымаў патруль. Паклажу выявілі. Цераз два тыдні пасля допытаў і катаванняў 13 жніўня Коваль расстралялі. Слезіна сама развіталася ў камеры з жыццём…

Нова-Праектная — так называлася раней цяперашняя вуліца Крыловіча. Пра гэта можна даведацца, наведаўшы магазін “Сігнал”, дзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар героя. Жыве на ёй каля 740 жыхароў. Амаль кожны ведае пра дыверсію, якую здзейсніў у гады вайны Фёдар Крыловіч, што пацвердзіла жыхарка дома № 12 Кацярына Тарасевіч. У горадзе жывуць і родныя героя, якія свята захоўваюць памяць пра блізкага ім чалавека.

Рахунак Крыловіча

Ураджэнец Мінска, з  1940 г. ён працаваў электраманцёрам на чыгуначнай станцыі Асіповічы. У пачатку вайны наладзіў сувязь з партызанамі, у жніўні 1941 г. арганізаваў у горадзе падпольную камсамольскую групу, якая
ўвайшла ў склад мясцовага камуністычнага падполля. Псеўданім — Долгі.

Падпольшчыкі яго групы забяспечвалі партызан медыкаментамі і паперай, прымалі і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро. Пераправілі ў атрад 50 чалавек папаўнення. Праводзілі дыверсіі на чыгунцы: вывелі са строю 21  цыстэрну, 13 платформ з гаручым, 38 электраматораў, дызель электрастанцыі.

Па заданні Магілёўскага падпольнага абкама ЛКСМБ для ўзмацнення падрыўной дзейнасці ў Асіповічах Фёдар Крыловіч арганізаваў 9 падпольных груп. З 1943 г. — у распараджэнні партызанскага  спецатрада “Храбрацы” НКУС БССР, які дзейнічаў тады ў Бабруйскім і Асіповіцкім раёнах. У чэрвені 1943 г. ад кіраўніцтва атрада атрымаў заданне ўзарваць эшалон з гаручым на станцыі Асіповічы. Каб атрымаць доступ да эшалона, які прыбываў на станцыю ноччу, падпольшчык пашкодзіў электраправодку ўваходнага светлафора. І калі яго вы-клікалі для рамонту, устанавіў дзве магнітныя міны на    цыстэрнах — у пачатку і канцы састава.

Выбух і ўзнікшы пажар знішчылі эшалон з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, два — з боепрыпасамі, эшалон з танкамі “Тыгр” і бронемашынамі, рухомы састаў і большасць аховы станцыі. Разбеглася і ахова размешчанага паблізу лагера ваеннапалонных, а зняволеныя пайшлі ў лес да партызан.

За паспяховае выкананне аперацыі Фёдар Андрэевіч Крыловіч узнагароджаны ордэнам Леніна.

Пасля вайны працаваў старшым электраманцёрам электрастанцыі чыгуначнага вузла ў Асіповічах.

У мікрараёне “Чаромушкі” многія вуліцы маюць гераічныя імёны. Адна з іх — былая Касая — носіць імя Аляксандра Матросава. Гэтае прозвішча знаёма старэйшаму пакаленню са школы — як чалавек, які ў гады вайны закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота. А Аляксандр Матросаў, у гонар якога названа вуліца ў Асіповічах, — яго цёзка.

У 15 дамах пражывае 52 чалавекі. Па ўспамінах старажылаў, першыя хаты з’явіліся напачатку 50-х гадоў практычна на балоце. Зімой тут дзятва гуляла ў хакей, летам збіралі буякі.

Некаторыя дамы ўжо памянялі сваіх гаспадароў. Кожны стараецца добраўпарадкаваць сваю сядзібу, таму вуліца выглядае ўтульнай і прывабнай. Як сказаў Валерый Гацко, раней на адным з агародаў была копанка, дзе
вадзіліся карасі. Тыя, хто будаваўся, бралі там ваду, каб замясіць раствор для фундамента. Пазней яе засыпалі і побач паставілі дом.

Герой з Іванава

Аляксандр Матросаў — удзельнік вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Нарадзіўся ў горадзе Іванава. Член КПСС з 1943 г. У Чырвонай Арміі з 1939 года, на фронце — з сорак першага.

Камандзір узвода разведкі старшы сяржант Аляксандр Аляксеевіч Матросаў вызначыўся ў баях за пераправу праз раку Свіслач у Асіповіцкім раёне. 28 чэрвеня 1944 года група разведчыкаў пад яго камандаваннем непрыкметна прабралася ў тыл праціўніка, з боем авалодала пераправай каля вёскі Свіслач, захапіла варожыя дзоты і замацаваліся ў іх. 18 гадзін разведчыкі адбівалі контратакі гітлераўцаў і ўтрымлівалі пераправу да падыходу падмацавання.

Да 1980 года працаваў на ткацкай фабрыцы ў Іванава. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 24 сакавіка 1945 года. Памёр у 1992 годзе.

Вуліца Майстрэнкі знаходзіцца недалёка ад Базарнай плошчы. Па ўспамінах яе жыхара Івана Закрэўскага, які мае тут прапіску з 1952 года, называлася яна Пясчанай. Месца было балоцістае, таму пры будаўніцтве дамоў прыходзілася рабіць падсыпку. Гаспадары трымалі гусей, кароў, авечак, коз і нават коней і нічым не адрозніваліся ад сельскіх жыхароў. Зараз, акрамя курэй, катоў ды сабак, практычна ніякай жыўнасці няма. Пра Майстрэнку старэйшае пакаленне ведае ўсе падрабязнасці: “Мне пра героя расказваў цесць, я паведаміў сваім дзецям і ўнукам”…

Камандзір танка

Барыс Аляксандравіч Майстрэнка нарадзіўся 1 снежня 1924 года ў Асіповічах. Яго бацька працаваў на нашай станцыі дарожным майстрам. Тут, у горадзе, сям’я жыла да 1928 года, затым былі пераезды ў розныя месцы, у тым ліку ў Жлобін і Ноўгарад-Северскі. Якраз адтуль Барыс пайшоў у жніўні 1941 года на ўсход, каб не заставацца на акупіраванай тэрыторыі, і дабраўся да Ташкента, дзе працаваў слесарам на заводзе. Член ВЛКСМ.

У 1943 годзе скончыў танкавае вучылішча. У Чырвонай Арміі з 1942 года. З чэрвеня сорак трэцяга на Ленін-градскім фронце. Камандзір танка, лейтэнант Майстрэнка вызначыўся ў чэрвені 1944 г. у час прарыву абароны праціўніка на Карэльскім перашыйку і вызваленні Выбаргу.

Памёр ад ран 15 студзеня 1945 года. Пахаваны каля вёскі Хмельнік-Млын.

Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена роўна праз два месяцы. Яго імем названа сярэдняя школа  № 1 у Ноўгарадзе-Северскім Чарнігаўскай вобласці.

У газеце “Запаветы Леніна” ад 17 мая 1973 года ў артыкуле М. Салаўёва “Наш зямляк — Герой Савецкага Саюза” чытаем: “Танкісты занялі пазіцыю, замаскіравалі баявую машыну і падрыхтаваліся да сустрэч з гітлераўцамі. Яны не прымусілі сябе чакаць. Цягнуўся бой некалькі гадзін. За гэты час экіпаж лейтэнанта Барыса Майстрэнкі знішчыў 10 аўтамашын з ваеннай маёмасцю і боепрыпасамі, каля 30 салдат і афіцэраў праціўніка. Захопленае перакрыжаванне дарог танкісты ўтрымлівалі да падыходу асноўных сіл брыгады. 152-я танкавая брыгада мела багаты вопыт прарыву абаронных рубяжоў гітлераўцаў, таму і выконвала яна самыя складаныя аперацыі. У адным з такіх суровых баёў, калі засталося прарваць трэцюю, апошнюю паласу абароны фашыстаў, загінуў камандзір танкавай роты. Гэта заўважыў Майстрэнка і прыняў камандаванне ротай на сябе. У гэты момант з гітлераўскага доту па нашых пехацінцах нямецкі кулямётчык вёў інтэнсіўны агонь.

Манеўр удаўся. Фашысты пакінулі дот і спрабавалі ўцячы. Аднак былі знішчаны”.

Последние новости

80 лет Великой Победе

Он освобождал Осиповичи. 28 июня — День освобождения района от немецко-фашистских захватчиков

28 июня 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 28 июня для каждого знака зодиака

28 июня 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко сказал, что делать, чтобы ЕАЭС был эффективной структурой, а не площадкой теоретических дискуссий

27 июня 2025
Читать новость
Общество

В этом месяце перестало биться сердце Зинаиды Константиновны Пацкевич — бессменного председателя совета ветеранов Осиповичской ЦРБ “Серебристый ландыш”

27 июня 2025
Читать новость
Общество

В сельхозпредприятиях Осиповичского района в разгаре сезон кормозаготовки. Качество заготавливаемого сенажа контролируется в ветеринарной лаборатории ВСУ “Осиповичская райветстанция”

27 июня 2025
Читать новость
Власть

ЕАЭС 2.0. Лукашенко обозначил контуры обновленной версии экономического союза

27 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем