Было такое вучылішча…

Гістарычны пошук
15 красавіка наш горад наведала дэлегацыя Омскага аўтабранятанкавага інжынернага інстытута на чале з яго начальнікам — генерал-маёрам Андрэем Фёдаравым. Прычынай візіту расійскіх гасцей стаў пошук фактаў з гісторыі навучальнай установы з нагоды адзначэнняяе 75-годдзя.

…5 снежня 1939 года ў Асіповіцкім гарнізоне было створана пяхотнае вучылішча, якое і лічыцца родапачынальнікам Омскай ваеннай ВНУ. Шлях яго з нашых краёў у Сібір ішоў праз Бабруйск, куды ўстанова ваеннай адукацыі была перабазіравана ў 1940 годзе. Там жа, праз год, вучылішча перапрафіліравалі ў ваенна-трактарнае. З пачаткам Вялікай Айчыннай яно было эвакуіравана спачатку ў Камышын (пад Сталінград), потым у Акцюбінскую вобласць (Казахстан) і, нарэшце, у ліпені 1943 года канчаткова “прапісалася” ў Омску — як танка-тэхнічнае.
Нягледзячы на даволі кароткі тэрмін знаходжання ў Асіповічах, мясцовыя гісторыкі-аматары знайшлі дакументальныя пацвяр-джэнні існавання пяхотнага вучыліша. Дакладна ўстаноўлена, што наш зямляк Мікалай Львоў (1920-2000) атрымліваў у ім воінскую спецыяльнасць, а яго жонка Кацярына Львова працавала там справаводам-машыністкай. Вядома таксама, што рыхтавалі афіцэраў-пехацінцаў у паўднёвым ваенным гарадку.
Расійская дэлегацыя агледзела даваенныя пабудовы, якія захаваліся на тэрыторыі гарадка, —казармы, афіцэрскі інтэрнат (у 1940-41 гг. тут быў шпіталь) і двухпавярховы будынак былога штаба 4 кавалерыйскай дывізіі. Госці з вялікай павагай даведаліся, што гэты асабняк мае дачыненне да асобы Георгія Жукава, што ў гонар знакамітага савецкага ваеначальніка на ім устаноўлена мемарыяльная дошка.
Моцна ўразілі расійскіх вайскоўцаў і помнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны — мемарыяльны комплекс на вуліцы Гармашава і брацкая магіла каля вёскі Цяплухі. Яны звярнулі ўвагу на тое, у якім добраўпарадкаваным стане тыя знаходзяцца, і, як прызналіся, менавіта ля іх “адчулі, колькі крыві было праліта на беларускую зямлю”.
Суправаджалі омічаў ветэраны Узброеных Сіл Юрый Iгнацьеў і Андрэй Торбін. Прынамсі, апошні сур’ёзна займаецца зборам звестак аб перадваеннай гісторыі Асіповіцкага гарнізона, таму абмен інфармацыяй аб існаваўшай тут “кузні камандзірскіх кадраў” быў карысным і для прымаючага боку.
Фота з архіва Андрэя ТОРБІНА.