Ад прадзедаў спакон вякоў…

У экспазіцыйнай зале “Прырода роднага краю” Дараганаўскага школьнага музея прадстаўлены флора і фаўна нашага рэгіёна. Тут знаходзяцца цікавыя і нават незвычайныя музейныя прадметы, якія не заўсёды можна ўбачыць, блукаючы па лясных сцежках. А ў музеі яны знайшлі пастаянную прапіску.
Акамянелая ракавіна марскога вожыка, якой больш за 200 мільёнаў гадоў, знойдзена каля вёскі Радуцічы гісторыкам і краязнаўцам Валерыем Шчагловым. Галаваногія малюскі, белемніты, або чортавы пальцы. Усе гэтыя знаходкі — сведчанне таго, што некалі на тэрыторыі Беларусі плёскаліся марскія хвалі.
Незвычайная геалагічная калекцыя музея. Яна прадстаўлена рознымі горнымі пародамі. У ёй знаходзяцца невялікія адбіткі папаратнікаў, акамянелае дрэва, каралы і каралавы вапняк, вапняк-ракушачнік, горны крышталь, прыродная сера, аманіты, драўляны вугаль для кавальскага горна, клык невядомай жывёлы, каменны ідал, або “Курыны бог”, што выкарыстоўвалі для адпужвання тхароў мясцовыя жыхары аж з бронзавага веку і да XVIII ст.
Асноўную частку геалагічнай калекцыі складаюць музейныя прадметы, якія перадала музею жонка геолага Аляксандра Трушнікава — выпускніка Дараганаўскай школы, які загінуў у час адной з паўночных экспедыцый.
Тут жа можна ўбачыць старажытныя каменныя сякеры — рубілы, крэмневыя прылады працы і крамнёвыя пласціны эпохі мезаліту, кавалкі гліняных вырабаў, а таксама невялікую шліфаваную каменную сякеру бронзавага веку. Знайшоў яе жыхар вёскі Радуцічы Анатоль Аўдзейчык на сваім падворку, а дакладней, куры, шукаючы сабе ежу. Верхні слой зямлі не даваў ад-крыцца такой цікавай каменнай прыладзе працы вачам прадстаўнікоў папярэдніх пакаленняў. Усе гэтыя сведкі глыбокай даў-ніны знойдзены на берагах ракі Пціч.
Прасліца — рэч з выгляду маленькая, але гэта знаходка, якой можам ганарыцца. Сведчыць аб гандлёвых шляхах, судаходнасці ракі Пціч, па якой хадзілі, напэўна, лодкі вікінгаў. І трапіла яна ў нашы мясціны з Кіеўскай Русі.
Валянціна Аўдзейчык,
дырэктар Дараганаўскага школьнага комплекснага краязнаўчага музея.