Спрачаемся, вы гэтага пра нас не ведалі! №50

Так ужо ўстроены чалавек, што яму заўсёды цікава
даведацца пра іншых людзей што-небудзь нерадавое. Што граху таіць, асабліва
гэтая рыса ўласціва журналістам — іначай яны імі і не былі б. Сёння ж прапануем
сваім чытачам даведацца некаторыя факты з жыцця супрацоўнікаў рэдакцыі — не ўсё
ж нам “мучыць” вас сваімі допытамі!

Намеснік галоўнага рэдактара Дзмітрый Саўрыцкі,
калі быў школьнікам, праяўляў вялікую цікавасць да ўсялякіх піратэхнічных “штучак”.
Са сваімі сябрамі-“алхімікамі” нават вынайшлі рэцэпт “чорнага пораху”. Аднойчы
на выпрабаваннях самаробнай дымавой шашкі накрылі “воблакам” даволі вялікую
вёску Верайцы. А яшчэ ў тэхнічна падкаваных падлеткаў атрымлівалася падключацца
да радыё-вяшчання і “круціць” рок-канцэрты на бліжэйшыя вёскі Дубавое, Дражню і
Перарожкі. Розныя свавольствы — даўно мінулае. Цяпер жа Дзмітрый Віктаравіч
змяніў свае экстрэмальныя захапленні на абсалютна мірнае — фатаграфаванне.

Фатограф — чалавек, у якога ўспрыманне свету
ідзе перш за ўсё праз яго эстэтычны бок. Магчыма, з-за таго фотакарэспандэнт
Ніна Царык і нераўнадушна да кветак? Некалькі экзатычных відаў ёсць у яе дома.

Цягу да чытання адказны сакратар Ала Дзьячэнка
пранесла праз усё жыццё. Ёсць гэтаму і матэрыяльнае пацвярджэнне: у сям’і
сабрана бібліятэка ў 1500 экзэмпляраў. Самы шматлікі кнігазбор А.Дзюма — 50
тамоў. Аснову дамашняй бібліятэкі складае руская класіка. Своеасаблівым
упрыгажэннем калекцыі з’яўляюцца 10 тамоў выбраных сачыненняў Леніна 1987 года
выдання.

Захапляўся калекцыяніраваннем і вадзіцель Віктар
Зінавенка, аддаючы перавагу значкам. Іх было ў хлопца аж 600 штук! Цікавілі
юнака і манеты. Самая каштоўная знаходка — мядзяк, зроблены ў 1850 го-дзе.

Не думайце, што Тамара Валадзько, загадчык
аддзела пісьмаў, мае вадзіцельскія правы не вельмі даўно. Яшчэ ў 9 класе, калі
ўсе аднакласніцы на вучэбна-вы-творчым камбінаце атрымлівалі прафесію аператара
машыннага даення, яна вывучала трактар. Пасля паспяховай здачы правілаў
дарожнага руху, ваджэння дзяўчыне ўручылі пасведчанне трактарыста-машыніста ІІІ
класа.

Вы можаце сказаць, калі пачалі стабільна
размаўляць на якой-небудзь мове? Хутчэй за ўсё адказ будзе адмоўны. А вось
карэспандэнт Вольга Жарнасек ужывае выключна беларускую мову дакладна з 1
красавіка 2006 года. Менавіта ў гэты дзень было прынята адпаведнае рашэнне раз
і назаўсёды. А яшчэ Вольга з прыездам у Асіповічы 2 гады таму набыла сабе новае
захапленне — лепіць розныя падзелкі з гліны. Усяго ўжо зрабіла іх каля двух
дзясяткаў, і пераважная большасць вырабаў “перакачавала” ў якасці падарункаў да
сяброў, сваякоў і проста знаёмых.

Рэдакцыйны карэктар Ірына Жук некалі ў
дзяцінстве марыла, каб яе бацькамі былі яшчэ і Ала Пугачова з Міхаілам
Баярскім. Зараз Ірына Анатольеўна ніколькі не шкадуе, што яе тата і мама —
“усяго” Анатоль Уладзіміравіч і Лілія Сцяпанаўна Тамашэўскія, і не трэба
ніякага другога “камплекту”. А яшчэ Ірына збіралася стаць артысткай цырка,
нават наладзіла сабе трэніроўкі па адпрацоўцы “трукаў”. Цяпер жа ў яе добра
атрымліваюцца камп’ютарныя “па”.

Для карэспандэнта Ганны Мацкевіч кіно — не
проста прыемнае баўленне часу, кожны раз гэта нагода для глыбокага роздуму.
Больш за ўсё дзяўчына любіць глядзець японскія і карэйскія фільмы. Любімы
рэжысёр — Кім Кі Дук. Не адзін год Аня наведвае магілёўскі кінаклуб “Рэзананс”,
з якога, у прынцыпе, і пачалося захапленне.

Загадчык ад-дзела эканомікі Ніна Вікторчык
заўсёды сур’ёзна да ўсяго рыхтавалася і спадзявалася толькі на свае сілы.
Менавіта таму, калі дзяўчына ехала паступаць з Брэсцкай вобласці ў Магілёў, яна
вязла з сабою ўсе падручнікі з 5 па 10 клас, каб і там мець магчымасць так жа
грунтоўна падрыхтавацца да ўступных іспытаў. Сродак аказаўся верны — экзамены
былі здадзены выдатна.

Галоўны бухгалтар Алена Ерко з дзя-цінства
захаплялася хакеем, не прапускала ні адной трансляцыі матчаў. Калі капітан ЦСКА
Вячаслаў Фяцісаў патрапіў у аварыю, Алена напісала ў часопіс “Фізкультура і
спорт” пісьмо, у якім цікавілася здароўем куміра. Неўзабаве школьніца атрымала
адказ, што ўсё ў парадку, а таксама падзяку за неабыякавасць да лёсу хакеіста.

Аператар Аляксандр Санковіч у сваёй асабістай
гаспадарцы мае ка-та, сабаку і… вожыкаў, якія самі абралі для “пастаяннага
месца жыхарства” адну з гаспадарчых пабудоў на сядзібе Аляксандра Пятровіча.

Што тычыцца галоўнага рэдактара, то вы-глядае
Віталь Кулакоў стрыманым, строгім. Але гэта — толькі першае ўражанне, трыманне
“маркі кіраўніка”. І тыя, хто сутыкаецца з ім штодня, даўно яго “раскусілі”.
Плюс, схільнасць да жартаў, сяброўскіх “падколак”, на якія проста грэх
крыўдзіцца. Ведаеш, калі і “атрымаеш” — па справе, затое за межамі рэдакцыі —
заўсёды абароніць калектыў, пастараецца зрабіць усё магчымае, каб у нас было
ўсё добра. А яшчэ не ўсе, мусіць, ведаюць, што ён яшчэ са школы з вялікай
павагай ставіцца да творчасці Уладзіміра Высоцкага — “барда ўсіх часін і
народаў”. І вельмі шкадуе, што калі быў на Алімпіядзе-80, то з-за
арганізаванага ад’езду групы з Масквы так і не змог развітацца са сваім
кумірам, які якраз тады дачасна пакінуў свет. “Колькі сёння тэм для Уладзіміра
Сямёнавіча навокал, як не хапае грамадству гэтага разумнейшага чалавека!” — такія
словы мы не раз чулі з вуснаў рэдактара…

Самае складанае — расказаць пра сябе. Аўтар
гэтага матэрыялу за ўсе гады навучання ў школе атрымала толькі дзве “бягучыя”
тройкі (па матэматыцы) і адну двойку (за паводзіны на ўроку музыкі). Кожнае
школьнае лета займалася гадаваннем інкубатарскіх качанят. Аб паспяховым
вядзенні сельскагаспадарчай дзейнасці расказвае і атрыманы некалі значок “Юный
кроликовод”. Але, як кажуць, не працай адзінай. Аднойчы на спрэчку быў
устаноўлены асабісты рэкорд — расказала без перапынку запар 60 анекдотаў.
Паўтарыць дасягненне больш так ніколі і не ўдалося…

Факты “здабывала” Валянціна КОРБАЛЬ.

Последние новости

Власть

Лукашенко предложил механизм совместной работы государственных и частных фармпредприятий

15 августа 2025
Читать новость
Власть

“Здесь мы можем преуспеть”. Лукашенко ориентирует на активное развитие в стране биофармацевтики

15 августа 2025
Читать новость
Общество

Председатель Бобруйского межрайонного комитета госконтроля проведет прямую линию и прием граждан в Осиповичском районе

15 августа 2025
Читать новость
Профилактика

Обеспечим безопасность на кухне!

15 августа 2025
Читать новость
Профилактика

С 15 по 17 августа на территории Осиповичского района проводится профилактическое мероприятие под девизом «Соблюдаем ПДД на двух колёсах!»

15 августа 2025
Читать новость
Сельское хозяйство

Ураджай-2025. Жніво ў лічбах

15 августа 2025
Читать новость

Рекомендуем