Дачка Яна Казіміра Завішы. Пасля смерці бацькі (1887) спадчынніца яго маёнткаў на Беларусі і ў Вялікай Польшчы. Была выхавана ў духу беларускай культуры, сімпатызавала хрысці-янскім дэмакратам. Фінансавала выдавецтва “Загляне сонца і ў наша аконца”, Беларускае выдавецкае таварыства, газету “Беларус”, таварыствы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы і інш. Адкрыла беларускія школы ў сваіх уладаннях у Кухцічах, Уздзе, Каменцы. Яе маёнтак у Кухцічах (цяпер пас. Першамайск Уздзенскага р-на) наведваліВ.Іваноўскі, I.Луцкевіч,А.Луцкевіч, Р.Скірмунт,А.Уласаў і інш. дзеячы беларускага нацыянальна-культурнага руху. Аказвала матэрыяльную падтрымку ў выданні першых кніг М.Багдановіча, К. Буйло і інш.; у знак удзячнасці ёй В.Іваноўскі і І.Луцкевіч змясцілі герб Завішаў “Лебедзь” на тытульным аркушы зборніка вершаў М. Багдановіча “Вянок”. Пасля 1917 у эміграцыі ў Польшчы, Літве, Германіі, з 1932 — у Швейцарыі. Дапамагала беларускім арганізацыям у Заходняй Беларусі, літоўскаму і яўрэйскаму культурным рухам.
Нарадзілася 8 ліпеня 1861 года. Пры хрышчэнні яе назвалі Марыя-Ева-Магдаліна-Іосіф-Эльжбета-Апалонія-Кацярына. Была выхавана на французскі манер, атрымала бліскучую адукацыю і, магчыма, назаўсёды б засталася невядомай апалячанай арыстакраткай, калі б не адвечная любоў да Беларусі. Станаўленне асобы ішло паволі, праз летнія паездкі панначкі ў маёнткі, праз яе размовы з аднагодкамі пра паданні ліцвінаў, мясцовыя быліны і легенды; праз бацькавы аповеды пра слаўны радавод Завішаў і цяжкі стан беларусаў у ко-лішняй Рэчы Паспалітай, праз усведамленне прыгажосці беларускай прыроды. 27 красавіка 1882 г. яе гвалтоўна выдалі замуж за Людвіка Красінскага. Графскі тытул Красінскага быў засведчаны ў Аўстрыі, ён быў Іспанскім грандам і Мальтанскім кавалерам. Нарадзіла дачку Марыю Людвіку. Магдаліна ўвайшла ў валоданне маёнткамі Завішаў 3 студзеня 1889 г. Пасля смерці мужа жыла ў Кухцічах, Жорнаўках, у Мінску, аднавіла сяброўскія сувязі.
У 1904 г. у Англіі пазнаёмілася з Мікалаем Радзівілам, які быў маладзейшы за яе на 19 гадоў. 30 красавіка 1906 г. у Лондане яны пабраліся шлюбам.
У хуткім часе маладому князю было адмоўлена ў сяброўстве шляхецкага паляўнічага клуба, ад яго адхінуліся ўплывовыя знаёмыя. Але відавочцы сцвярджаюць, што закаханыя адно пасмейваліся над гэтымі дробязямі і вярнуліся ў родныя Кухцічы. Там Мікалай зацікавіўся збіраннем беларускага фальклору, з дапамогаю сваіх сувязей нават правёў адгалінаванне чыгункі ў маёнтак Жорнаўкі і ў гонар жонкі даў назву станцыі “Завішын”. Актывізуецца гандаль і сельскагаспадарчая дзейнасць. Маёнткі княжацкай пары пачынаюць прыносіць вялікі прыбытак. Гэта былі гады росквіту і сямейнага шчасця.
У 1912 г. Магдаліна на свае сродкі пабудавала ў Лондане касцёл для беларусаў. Адкрыла школу ў Жорнаўках.
Памерла ў швейцарскім Фрыбургу 6.01.1945 г. у кляштары сясцёр дамініканак.
Урад Літвы ўзнагародзіў княгіню Магдаліну Радзівіл ганаровым ордэнам Гедыміна.