Папрасіце пажарнага распавесці вам анекдот пра сваю прафесію і ў большасці выпадкаў пачуеце нешта падобнае: “Пайду ў вайскоўцы, калі не возьмуць — у міліцыянеры, калі і туды не патраплю — у пажарныя. Усё роўна працаваць не буду!”. А дыспетчары могуць падмацаваць анекдот рэальнай гісторыяй, калі іх папракалі ў лайдацтве. Адкуль цягнуцца карані гэтага забабону? Карэспандэнтка “АК” вырашыла распытаць вопытных пажарных, ці так ужо бесклапотна выглядалі іх працоўныя будні.
Пра Яўгенію Іосіфаўну КАСЦЕНКА наша газета пісала неаднойчы, вядома, як выключная жанчына, якая праслужыла пажарнай з 1945 па 1981 год.Таму менавіта ў яе трэба запытаць, якой была часць паўстагоддзя таму.
— На вуліцы Камуністычнай стаяў аднапавярховы драўляны будынак з каланчой, на якой пастаянна знаходзіўся дзяжурны. Побач рос вялікі і прыгожы сад, — успамінае Яўгенія Іосіфаўна. — У 1945 годзе пажарная часць знахо-дзілася на казарменным становішчы. Гэта значыць дадому нікога не пускалі, толькі ў выключных выпадках. Працавалася вельмі цяжка, таму памочніцы, якіх мне давалі, хутка з часці збягалі.
Ад пачатку у штаце было чалавек 50, а з “тэхнікі” —5 нямецкіх коней іпавозкі, на якіх размяшчаліся бочка, паршнявы насос ды іншы немудрагелісты рыштунак. Зразумела, калі нешта гарэла ў горадзе, мы паспявалі гэта патушыць, а ў раёне — не заўжды. У 1947 годзе з’явілася першая машына — нямецкая аўтацыстэрна “Фрыц-круп”. Пазней атрымалі яшчэ адзін аўтамабіль, аднак штат часці чамусьці скарацілі ўдвая. І, канешне, людзей не хапала… Таму дапамагалі простыя жыхары.
Да нас з мужам Іванам Фёдаравічам (рабіў началь-нікам пажарнай аховы на картонна-руберойдавым заводзе — аўт.) завітваюць хлопцы з РАНС і распавядаюць пра свае справы. Калі працавала, не было так шмат і такіх моцных пажараў. Людзі імкнуліся добра глядзець за сваёй маёмасцю. Найбольш вялікі пажар быў у тагачаснай, яшчэ драўлянай, школе № 3. Ішоў, здаецца, 1947 год, настаўнікі нешта святкавалі, і па невядомай прычыне будынак загарэўся. Выратаваць яго не атрымалася.
У 1980-м годзе пажарную часць перавялі ў новы будынак па вуліцы Чапаева, дзе яна размяшчаецца і сёння. Па словах Яўгеніі Іосіфаўны, 1980-ыя гады прайшлі спакойна, а вось у 1990-я пачынаецца рэзкае павелічэнне колькасці ўзгаранняў. Колішні начальнік пажарнай часці (1995-2001 гг.), цяперашні намеснік начальніка стралкова-пажарнай каманды па пажарна-тэхнічнай часці на станцыі “Асіповічы” Мікалай Мікалаевіч ЧАЙКА кажа, што на 1 студзеня 1995 года пажараў у раёне было 157.
— Паступова лічба памяншалася, — працягвае ён. — У 2002 годзе іх колькасць раўнялася ўжо 104. Яшчэ 10 гадоў, смяяліся мы, і можна службу разганяць! Канешне, гэты жарт далёкі ад таго, што ёсць на самой справе. Самы маштабны пажар — пажар прыроднага характару на тарфяніках у Татарцы ў 2000 го-дзе. Тады нават стаяла пытанне аб эвакуацыі насельніцтва, аднак, на шчасце, абышлося. На ім працавалі не толькі мы, але і калегі з Бабруйска і Магілёва.
Як у 1990-я гады быў экіпіраваны пажарны? Быццам рыбак. Форма была брызентавая, потым са скураза-мяняльніка, называлася “Шторм” і плавілася ад высокіх тэмператур. На ногі апраналіся кірзавыя боты, крыху пазней — звычайныя берцы. Апараты для дыхання былі кіслародныя, даволі складаныя ў карыстанні і не вельмі дасканалыя. І просты металічны шлем. Камплект выдаваўся на год, але яго маглі насіць і два, і тры гады. Часам на вопратцы ад лапікаў не заставалася вольнагамесца.
Відавочнае паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы прыпадае дзесьці на 2007 год… Пажарная служба заўжды была дарагая. Калі міліцэйская машына “Жыгулі” каштавала 4-5 тысяч рублёў, то пажарная машына — як 20-30 такіх аўтамабіляў. А служыць яна, у сярэднім, 11-13 гадоў. Можа, таму нас і называлі “дармаедамі”, маўляў, пажарным толькі грошы давай, а яны спяць! Але ж, калі пажарны мае магчымасць спаць, гэта азначае, што ў штаце хапае людзей, а ў боксе — машын, краіна багацее!