Лыжка-берагіня, або Доўгая дарога дамоў №12

Салдацкія лёсы… Цяжкімі
шляхамі, звышчалавечымі намаганнямі выпрабоўвалі вы ўдзельнікаў
Вялікай Айчыннай…

Пра Паўла Антонавіча Сеўрука
можна сказаць, што ён быў на вайне нават на дзень раней
яе пачатку: іх 36-ы асобны батальён сувязі 67-ай стралковай
дывізіі стаяў у поўнай баявой гатоўнасці за 40 кіламетраў ад латвійскага
горада Лібавы (Ліепаі) ужо 21 чэрвеня…

Баявое хрышчэнне

Нарадзіўся ён на Случчыне 24
красавіка 1922 года, хаця бацькі — у сям’і гадавалася трое дзяцей — запісалі
чамусьці годам раней. Закончыў 8 класаў, паехаў вучыцца ў мінскую аўташколу, у
кастрычніку саракавога быў прызваны ў армію. Мог мець адтэрміноўку — важыў
усяго 48 кілаграмаў, але толькі атрымаў правы, у арміі былі аўтамабілі і яму
так хацелася вадзіць машыну, што ўгаварыў членаў медкамісіі, каб яны напісалі
“годны”. Так у ліку навабранцаў і апынуўся ў Прыбалтыцы.

У яго рэчмяшку апроч іншых
рэчаў ляжала простая алюмініевая лыжка, з якой бацька прайшоў першую сусветную
вайну і вярнуўся дадому жывым. На ёй было выбіта прозвішча “Сеўрук А.М.” і дата
“1916”.
У прызыўной павестцы Паўла было напісана мець пры сабе кубак і лыжку, таму
бацька і аддаў сыну сваю: маўляў, сам застаўся жывым, значыць, павінен і той
вярнуцца…

 Хвалі Балтыйскага мора пляскаліся ад ваеннага
гарадка ў Лібаве, пабудаванага яшчэ Пятром І, за нейкіх 300 метраў. Спачатку
Сеўрука хацелі зрабіць марзістам — навучыць працаваць на рацыі з дапамогай
азбукі Морзе. Але маладому хлопцу з шафёрскімі правамі вельмі хацелася круціць
руль аўтамабіля, і радавога залічылі ў гаспадарчы ўзвод, далі машыну.

Латышы, пакуль не пачалася
вайна, адносіліся да чырвонаармейцаў добра, але служыць было трывожна,
абстаноўка накалялася, у паветры ўсё больш чуўся пах пораху. Нямецкія самалёты
парушалі савецкую паветраную прастору, былі выпадкі, калі іх збівалі.

21 чэрвеня была аб’яўлена
трывога. Начальнік па харчаванні, якому непасрэдна падпарадкоўваўся Павел,
загадаў падагнаць машыну да штаба і пагрузіць скрыні з дакументамі. Батальён у
поўнай баявой гатоўнасці пачаў рух у бок літоўскага порта Клайпеды, бліжэй да
мяжы з Германіяй. Акапаліся кіламетраў за 40 ужо ноччу.

На досвітку 22 чэрвеня немцы
перайшлі ў наступленне, але нашы салдаты не адступілі, выстаялі пад шквальным
агнём. Вораг абышоў Лібаву, узяў накірунак на Эстонію, далей — на Ленінград.
36-ы асобны батальён сувязі апынуўся ў акружэнні. Немцы наступалі, падмацавання
з боку дывізіі не было, і камбат павёў салдат, вытрымаўшых суткі бою, назад у
горад.

Каб усе нашы войскі стаялі на
граніцы ў поўнай баявой гатоўнасці, то гісторыя другой сусветнай вайны была б
інакшая. Так лічыць ветэран, які на ўласныя вочы бачыў, што могуць зрабіць
цвярозы розум камандзіра і стойкасць салдат, падмацаваная ўдала выбранай баявой
пазіцыяй і дастатковай колькасцю зброі, патронаў-снарадаў і гаручага.

Дзён восем Лібава
абаранялася, Павел падвозіў снарады з ляснога склада. Потым камандаванне
вырашыла прабівацца да сваіх. Па дарозе кіламетраў на пяць расцягнулася калона
з нашых машын і войскаў: часці адыходзілі на ўсход. На выездзе з лесу дарогу
абстрэльвалі немцы, уздоўж яе дымілася падбітая тэхніка. Фашысты стралялі
запальваючымі кулямі — загарэлася і машына Сеўрука. Пачалі адыходзіць балотамі.
Павел закінуў на спіну процівагаз, каб хоць неяк абараніцца, і гэта дапамагло:
асколак прабіў яго і толькі садраў скуру на спіне.

 Ніхто ніякай каманды і ўказанняў, што рабіць і
куды ісці, не даваў. Адыходзілі дзень, пакуль Сеўрук сустрэў сваіх камбата,
камісара і другіх. 19-гадовы хлопец узрадаваўся: цяпер абавязкова выйдуць,
камандзіры ж вопытныя!..

Выйшлі да дарогі, па якой не
адна тысяча салдат ішла на ўсход. Камбат з камісарам вырашылі аддзяліцца, выходзіць
малой групай. Рухаліся ў асноўным начамі, ішлі больш месяца, пакуль на хутары
іх не захапілі. Павел толькі і паспеў зачэрпнуць колькі разоў бацькавай лыжкай
суп, як дула кулямёта прабіла аконнае шкло, і на парозе з’явіліся немцы: “Рус!
Хэндэ хох!”. Так на паўтара года і трапіў у палон: з 14 жніўня 1941 г. па 7 сакавіка 1943 г.

Варожы палон

Чырвонаармейцаў напачатку
завезлі ў турму, адтуль у вагонах-цялятніках павезлі ў г. Тыльзіт (Усходняя
Прусія) — у лагер для ваеннапалонных, дзе было больш за 30 тысяч
чырвонаармейцаў. Ён уяўляў сабой загоны 100 на 200 метраў з высокім калючым
дротам, па якім быў прапушчаны ток. Па вуглах — вышкі, вартавыя з кулямётамі.
Ноччу ўсё асвятлялі пражэктары. Паміж клеткамі — праходы, усіх загонаў — 20, у
кожным пад адкрытым небам — па 2 тысячы палонных. Немцы хадзілі па праходах і
прымушалі знімаць ніжнюю частку адзення, каб вызначыць яўрэяў. Такіх адразу
расстрэльвалі і скідвалі ў ямы, якія былі ў кожнай загарадцы.

На дзень давалі есці паўлітра
поліўкі-баланды з разбаўтанай мукой і 100 грамаў хлеба. Вады не было. Палонныя
выкопвалі глыбокія ямы, але вады і там было зусім мала, хоць не вельмі далёка
працякаў Нёман. На двары — жнівеньская спякота, нідзе ні дрэўца, ні ценю…

У верасні гітлераўцы пачалі
падганяць машыны і грузіць тых палонных, хто сам падыходзіў да машын. Сеўрук
вагаўся некалькі дзён, але выйсця не бачыў: жнівеньская гарачыня змянялася
восеньскімі дажджамі, далей — зіма. Ці выжывеш ад марозу ў земляных норах?
Трэба ўцякаць. Але як, куды бегчы па нямецкай тэрыторыі?

Падышоў да машыны на трэці
дзень. Куды павязуць: на работу ці на гібель — усё роўна, што будзе, тое і
будзе…

Гадзін праз 10 спыніліся каля
невялікага будынка. Аказалася — душ. Адзенне ўкінулі ў камеру для дэзынфекцыі.
Павел вельмі бярог свае шафёрскія правы, таму папрасіў немца, каб той патрымаў
у сябе іх: можа, растлумачыў, будзе ў Германіі рабіць на машыне. Той згадзіўся,
і правы з даведкай, якая ляжала ў іх за вокладкай — што свой пашпарт ён здаў на
захаванне ў Кагановіцкі ваенкамат г. Мінска — былі выратаваны.

 Усіх, трымаючы пад прыцэлам аўтаматаў,
прымусілі абмыцца. Вада была цеплаватая, а потым адзін немец узяў у рукі
брандспойт і ледзяной вадой са свідравіны пачаў паліваць палонных. Голыя
салдаты бегалі па пляцы, а немцы смяяліся і галёкалі. Павел сцяўся ўвесь,
сагнуўся, абхапіў галаву рукамі і застыў на месцы. Немец некалькі хвілін ліў
толькі на яго, а потым абраў другі аб’ект — цікавей жа абліваць тых, хто
бегае…

Не накарміўшы, не даўшы нідзе
абсохнуць, вязняў павезлі далей. Ноччу ўкінулі пад замок у падвал, назаўтра
далі бульбянога супу і хлеба, у рукі — вёдры і павялі капаць бульбу. Поле — 5-кіламетровыя
барозны, бульбу выворвалі коньмі, капалі ад цямна да цямна. А потым немцы гналі
з яе спірт.

 Палонныя — бельгійцы, французы і салдаты іншых
еўрапейскіх краін, захопленых фашыстамі, — набіралі бульбу ў кішэні, ноччу
рэзалі скрылікамі і прыкладалі да гарачых жалезных сценак печкі-буржуйкі. Праз
колькі хвілін лустачкі спечанай бульбы адвальваліся — так і падмацоўваліся
ноччу.

На зіму палонных паразбіралі
баўэры для працы па гаспадарцы. Павел трапіў да памешчыка недалёка ад г.
Істэнбург. Фермер трымаў свінаферму, 20 кароў. Палонныя жылі побач са свіннямі
— у закутку на ферме. Выконвалі ўсю брудную работу. Аднойчы здох вялікі кабан,
дык баўэр загадаў асмаліць яго і разабраць, каб наварыць палонным здыхляціны.
Вязні аб’явілі галадоўку, і больш ім такой ежы не давалі, варылі посную
баланду.

Фермер бачыў, што Сеўрук усё
над нечым думаў, і баяўся, што той уцячэ і сам, і падбухторыць другіх. Магчыма,
нехта і данёс наконт думак Паўла ўцячы, таму яго забралі ў каманду па ўборцы
Істэнбурга. Палонныя прыбіралі горад, асфальтавалі дарогі, і немцы толькі
дзівіліся, як змучаныя, худыя, галодныя людзі могуць так працаваць. Паўла
наогул часта называлі “кіндэр” з-за худобы…

Тут Сеўрук хацеў уцячы першы
раз. Дамовіўся з другім беларусам, што адыдуць ад дарогі, калі будзе прывал, і
пабягуць. Павел так і зрабіў, чакаў больш гадзіны, але ў напарніка нешта не
атрымалася. Хоць і быў у штанах зашыты компас, які знайшлі ў адной са сметніц,
адзін хлопец не рашыўся ўцякаць.

Прыйшла зіма сорак трэцяга,
іх перакінулі на лесанарыхтоўкі ля г. Гумбінэм. Жылі ў бараках, абнесеных
калючым дротам. З лесу ўцячы было крыху лягчэй. Вязні агледзелі, што за
туалетамі можна тоўстай палкай прыўзняць дрот і пад ім вылезці за агароджу:
пражэктар святло туды не даносіў. Па лёдзе можна было перайсці рэкі і не трэба
шукаць масты, якія могуць ахоўвацца. Толькі ж на снезе і сляды застаюцца, а ў
лесе зімой і не пагрэешся нідзе. Перашкодзіла ж задуме Паўла кароста — увесь
лагер перахварэў на гэтую хваробу. Яго завезлі ў шпіталь з пяці баракаў хворых,
а там пэўны час не было мазі, цела ўсё часалася, сверб быў невыносны.

Калі вылечыўся, то ўжо
пачынаўся сакавік, і ў першы ж выхадны, 7 чысла, Сеўрук запланаваў уцёкі. Разам
з двума рускімі і татарынам.

Вяртанне дамоў

“Хлопцы, бывайце! Больш не
ўбачымся,” — гэта былі апошнія словы да суседзяў па бараку. Лес, узлесак, рака.
Спачатку — бягом на поўнач па калючым яловым лесе, потым — на паўднёвы ўсход.

 Некалькі начэй ішлі, падсілкоўваючыся
невялікімі прыпасамі — сухарамі і драбочкамі цукру. Арыентаваліся па компасе і
сузор’і Вялікай Мядзведзіцы. Ішлі толькі ноччу, бралі ў буртах бульбу,
накладвалі ў сумкі ад процівагазаў, а днём дзе-небудзь таіліся.

На сёмыя суткі знайшлі
фермерскі хлеў, дзе не брахалі сабакі. Укралі некалькі курэй і трусоў, набралі
ў фляжкі малака, узялі соты з мёдам. Знайшлі зацішны куток пад яловым
вываратнем у лесе, расклалі невялікі агонь, зварылі ежу. Курэй тушылі ў зямлі:
загарнулі ў кавалак тканіны, выкапалі невя-лікае паглыбленне, паклалі птушыную
тушку, прысыпалі зямлёй і зверху расклалі касцёр. Зноў бацькава лыжка, як
амулет на шчасце, была ў Паўлавых руках. Зайшлі потым у пуню, якая стаяла асобна
ад пабудоў у полі, каб паляжаць-адпачыць у саломе гадзіну, ды, на бяду, і
праспалі да раніцы.

Падхапіліся ад галасоў: немцы
ўскідвалі салому на трактар. Каб уцекачы ноччу залезлі ў самае падстрэшша, то
да іх бы не дабраліся, а так — вось-вось ткнуць вілкамі. Хлопцы — да Паўла: “Ты
ж умееш крыху па-нямецку, скажы ім, папрасіся, можа, не будуць далей браць і
паедуць…”. Ён з-пад саломы колькі слоў сказаў, немцы грузіць перасталі, выйшлі
на вуліцу. Хлопцы кінуліся бегчы — і ў рукі да ворагаў. Сеўрук жа пабег у
другія вароты, дзе стаялі палякі: убачыў літару “Р” на адзенні. Яны пашкадавалі
палоннага, сказалі немцам, што салдат уцёк…

Пайшоў далей ужо адзін. Доўга
слухаў, каб не было нідзе сабак, заходзіў начамі ў хлявы, набіраў фляжкай
малако з вялікіх бідонаў. Гаспадары яго ўвечары пакідалі для малаказборшчыка,
які прыяз-джаў на трактары, і вароты не замыкалі на ферме. Вельмі дапамагло
гэтае малако ўцекачу. Некалькі фляжак выпіваў, поўную браў з сабой…

Па Прусіі ішоў дзён 8-9,
урэшце мінуў супрацьтанкавыя надаўбы, па паваленай алешыне пераправіўся праз
2-метровую акуратна выкапаную канаву — мяжу з Літвой. Пачалі сустракацца
бяднейшыя хутары. Спачатку ў хату не заходзіў, усё вывучаў навокал. Калі ўсё
падавалася нармальным, то стукаў ціхенька ў шыбу і прасіў паесці, пасушыць
ногі, на якіх з’явіліся валдыры, запалак, хлеба. Людзі пускалі і пераначаваць,
нават чарку гарэлкі налілі аднойчы. Многія ведалі рускую мову, называлі Паўла
“таварыш”. Ставілі хлеб, вараную капусту і дамашняе масла, дзе і яйкі смажылі.
Хлопец шчыра дзякаваў, цалаваў жанчынам рукі за тое, што кармілі. Адна не
толькі накарміла, а і нагрэла вады, каб памыўся, і прынесла чыстую салдацкую
нацельную бялізну. Сеўрук пакінуў ёй дзве жаночыя кашулі, якія ім выдалі ў
Істэнбургу замест сподняга…

Аднойчы на гарышчы лясніцкага
хлява ён знайшоў цялячую сухую скуру. Разрэзаў напалам, зрабіў лапці з
дапамогай шнура для бялізны. Раз жа трое мужчын не далі нічога паесці, затое
некуды павялі. На шчасце, кругом рос густы лес, было цёмна, рукі не звязалі, і
Павел раптоўна рэзка кінуўся направа і пабег, колькі хапала сіл…

Праходзіў ён каля такіх
населеных пунктаў і гарадоў па Літве: Валкавішкі, Марыямпале, Вальбержышкі.
Цяжка ісці па замерзлых грудах-храпах яшчэ з восені зааранага поля ў тонкіх
скураных лапцях. Прасіў у літоўцаў і тлушчу гусінага, каб залячыць збітыя ногі.
Пакідалі яго адпачыць на сене, давалі кажухі з аўчыны накрыцца і падушкі,
расказвалі, як пераправіцца праз рэкі. Спаў і ў кулях саломы, дзе можна было
толькі сядзець. Сустракаліся на яго пакутніцкім шляху і старыя салдаты, якія
некалі ў першую сусветную самі былі ў нямецкім палоне. Яны не толькі кармілі і
давалі прытулак, але і падказвалі, як ісці далей, каб не трапіць у паліцэйскія
гарнізоны, да каго можна зайсці на хутарах далей.

Так ішоў 10 дзён. Недалёка ад
Налібокскай пушчы смерць Сеўрука зноў абмінула: літаральна побач размінуўся з
немцамі. Чыгунка была аднапутка, і варожы эшалон на паўстанку чакаў сустрэчны
цягнік. Фрыцы вылезлі з вагонаў, хадзілі ўздоўж чыгункі, але ў прыцемках яго не
ўбачылі. Перасек чыгунку — і хутчэй у лес-выратавальнік…

Праз 10-15 кіламетраў пачаў у
лясной вёсцы прасіцца на начлег, але людзі былі такія напужаныя, што толькі ў
шостай хаце пусцілі. Жылі тут вельмі бедна — гэта адразу пасля літоўскіх хат
кінулася ўцекачу ў вочы. Ні пра які цёплы бохан хлеба з вялікай міскай
дамашняга масла не магло быць і гаворкі. Гэта была ўжо замардаваная фашыстамі
Беларусь…

 Нарэшце падышоў да мястэчка Бакшты. Пачаў
пытаць пра партызан, і тут з лесу якраз паказаліся двое ўзброеных людзей. Няўжо
патрапіў? Павел паказаў ім свае шафёрскія правы і даведку з Кагановіцкага ваенкамата,
што змог захаваць у палоне, тыя паабяцалі забраць яго ноччу, калі будуць ісці
на баявое заданне, адправілі начаваць да знаёмага бургамістра вёскі.

Аднак ніхто так і не прыйшоў
па Сеўрука, рушыў далей зноў адзін…

На роднай зямлі

Толькі 3 красавіка Павел
знайшоў партызан — на 27-я суткі пасля ўцёкаў. Да дому, да роднай Баравухі,
заставалася 100 кіламетраў…

Трапіў у партызанскую брыгаду
імя Варашылава, якая размяшчалася на мяжы Копыльскага і Стаўбцоўскага раёнаў, —
у першы атрад другім нумарам кулямётчыка.

У пачатку чэрвеня сорак
трэцяга ў складзе 12 чалавек паехаў на конях на партызанскі аэрадром у
Старасекскія балоты на востраў Зыслаў Любанскага раёна. Сюды прыбывалі самалёты
з Вялікай зямлі, якія забіралі параненых, прывозілі толавыя шашкі для рэйкавай
вайны, патроны, зброю, медыкаменты. Самалёты прыляталі і адляталі толькі ноччу.
Калі не паспявалі да раніцы вылецець назад, то заставаліся тут дняваць.

Партызаны атрымалі аўтаматы,
гранаты, толавыя шашкі. Па дарозе ў атрад заехалі ноччу ў вёску Баравуха
даведацца, ці жывыя бацькі. Маці адчыніла хату і не адразу пазнала сына. Потым
са слязьмі на вачах расказала, што немцы ў 1941 годзе бацьку забілі…

З партызанскага жыцця Павел
Антонавіч успамінае многае — і бой з нямецкім гарнізонам у в. Дзягцяны, і
паходы на чыгунку, калі брыгада ўзарвала не адзін кіламетр рэйкавага палатна, і
знішчэнне тэлеграфных слупоў і нямецкага тэлефоннага кабелю, і падрыў бетонных
і спальванне драўляных мастоў.

Целаахоўнік камісара ў
брыгадзе № 100 імя Кірава пад камандаваннем Шубы, разведчык, суправаджаючы
сакратара Старадарожскага райкама партыі Траскунова — многія “спецыяльнасці”
прыйшлося засвоіць Паўлу за час, калі быў у партызанах. І ўсюды ў яго кішэні
ляжаў абярэгталісман —
алюмініевая бацькава лыжка, на якой яшчэ ў Тыльзіцкім лагеры кончыкам нажа
выдзер “1941”
і дадаў “П.А.”, а ў атрадзе яшчэ дабавіў “1944”.

Пасля вызвалення Беларусі яго
лёс звязаны з Дараганаўшчынай: 1944-49 гады — участковы міліцыянер, потым —
намеснік дырэктара санаторна-лясной школы-інтэрнат па гаспадарчай частцы,
загадчык гаспадаркі сярэдняй школы. Мае ваенныя ўзнагароды: ордэн Вялікай
Айчыннай вайны, медалі “За перамогу над Германіяй” і ” Партызану Вялікай
Айчыннай вайны ІІ ст.” Ажаніўся, мае сына і дачку. Апошняя — Галіна Паўлаўна
Тварановіч-Сеўрук — прафесар, доктар філалагічных навук, гонар Дараганаўскай
школы.

“Дзвюм смярцям не бываць, а
адной не мінаваць”, — вось магічная слоўная формула, якая прыдавала сілы Паўлу
Сеўруку на працягу ўсёй Вялікай Айчыннай вайны. I ён выжыў, перамог і сваю
слабасць, і звычайны чалавечы страх. I няхай яго паспяховаму пешаму “рэйду”
з-пад Iстэнбурга па акупаванай фашыстамі тэрыторыі дапамагала ўдача, усё ж не
выходзіць з галавы думка пра бацькоўскую лыжку-абярэг. Якую ветэран свята
беражэ і сёння…

Жанна КАРАЛЕНЯ, дырэктар краязнаўчага музея
ДУА “Дараганаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”.

 

 

Последние новости

Общество

Гороскоп на 28 июня для каждого знака зодиака

28 июня 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко сказал, что делать, чтобы ЕАЭС был эффективной структурой, а не площадкой теоретических дискуссий

27 июня 2025
Читать новость
Общество

В этом месяце перестало биться сердце Зинаиды Константиновны Пацкевич — бессменного председателя совета ветеранов Осиповичской ЦРБ “Серебристый ландыш”

27 июня 2025
Читать новость
Общество

В сельхозпредприятиях Осиповичского района в разгаре сезон кормозаготовки. Качество заготавливаемого сенажа контролируется в ветеринарной лаборатории ВСУ “Осиповичская райветстанция”

27 июня 2025
Читать новость
Власть

ЕАЭС 2.0. Лукашенко обозначил контуры обновленной версии экономического союза

27 июня 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 27 июня для всех знаков зодиака

27 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем