Каляды на Асіповіччыне 19.01.10, № 4
Каляды — вялікае і адметнае свята зімняй пары. Яно вядома з часоў язычніцтва. Пазней на яго аказала значны ўплыў хрысціянства. Яго асабліва любілі сяляне.
Калядам папярэднічаў шасцітыднёвы Піліпаўскі пост, якога на Асіповіччыне, як і ў Беларусі ўвогуле, строга прытрымліваліся. Таму прыходу каляднай урачыстасці вельмі чакалі, да яе рыхтаваліся загадзя. Напярэдадні Каляд сяляне наводзілі парадак і чысціню ў хаце: мылі падлогу, стол і лавы, самі мыліся ў лазні і інш. На свята надзявалі лепшае адзенне.
Каляды (або Святкі) пачыналіся 24 снежня па старому стылю, па новаму — 6 студзеня. Доўжыліся яны 2 тыдні. Гэтаму святу былі ўласцівы спецыфічныя звычаі, абрады і песні. Пачатак Каляд, іх сярэдзіна і заканчэнне даўней адзначаліся спецыяльнымі святочнымі вячэрамі, якія называліся куццёй. Яна гатавалася з ячных круп. Першая куцця была поснай, другая — багатай (шчодрай), а трэцяя — беднай.
Існаваў калядны рытуал — абрад хаджэння калядоўшчыкаў. Арганізоўваўся гурт з некалькіх хлопцаў, якія хадзілі з двара ў двор, з хаты ў хату і песнямі віншавалі гаспадароў са святам. У склад гурта абавязкова ўваходзілі павадыр, музыкі (гарманіст, скрыпач) і механоша. Калі вёска ці сяло былі вялікімі, то арганізоўвалі некалькі гуртоў.
Гаманлівы і гучны гурт заходзіў у двор і прасіў дазволу ў гаспадара зайсці ў хату, каб праспяваць калядныя песні-велічанкі і павіншаваць з Калядамі. Спяваннем песень калядоўшчыкі жадалі сваім аднавяскоўцам багатага ўраджаю на нівах, прыплоду ў хлявах, зычылі ім заможнага жыцця, матэрыяльнага дастатку і шчаслівай долі. У гэтых песнях звычайна гіпербалізаваліся, ідэалізаваліся гаспадары, гаспадыні, іх дзеці, сем’і, багацце і жыццё ўвогуле. Звяртаючыся да гаспадара, калядоўшчыкі, напрыклад, гучна спявалі:
Будзь здароў,
Як рыжык бароў!
Май торбу грошай,
Жыві ў раскошы!
Май усяго даволі,
А бяды ніколі!
У каляднай песні “Добры вечар таму” калядоўшчыкі спявалі аб дзіве, якое здаралася ў сялянскім гумне ў святочны вечар:
Добры вечар таму,
Хто ў гэтым даму…
Слаўны
гаспадарочак!
Адчыні вакно,
Паглядзі ў гумно,
Што ў тваім гумне
Шуміць ды гудзе,
Пчаліная матка ідзе,
Тры раёчкі вядзе.
Першы раёчак —
У першы вуллёчак,
Другі раёчак —
У другі вуллёчак,
А трэці раёчак —
У трэці вуллёчак…
На Асіповіччыне, як і ў многіх іншых раёнах Беларусі, даўней абход двароў нярэдка адбываўся з “казой”. У даўнія часы гэта жывёла вельмі шанавалася. Паводле народных уяўленняў, каза была сімвалам пладавітасці і ўраджайнасці. Гэта думка добра адлюстравана ў каляднай беларускай народнай песні “Го-го-го, каза”, варыянт якой спявалі калядоўшчыкі ў вёсках Асіповіччыны:
Го-го-го, каза!
Го-го-го, шэра!
Дзе каза ходзіць,
Там жыта родзіць,
Дзе каза нагой,
Там жыта капой.
Заканчвалі сваё віншаванне калядоўшчыкі напамінкам гаспадару аб тым, што яны заслужылі падарунка. Вось што яны казалі, напрыклад, праз песню “Паночак, гаспадарочак!”, якая бытавала на Асіповіччыне:
Паночак, гаспадарочак!
Просім не трымаці,
Кароткія світкі —
Студзёна стаяці.
Наш дар невялічкі:
Рэшата аўса,
Наверх каўбаса.
Звычайна гаспадары сустракалі калядоўшчыкаў прыветліва і давалі ім пачастункі: каўбасу, сала і інш. Атрымаўшы падарунак, яны ішлі ў другі двор.
Аб вясёлым характары свята гавораць калядныя песні. Так, у песні “Прыехала Каляда звечара, звечара”, якая зафіксавана ў вёсцы Зборск, моладзь спявала:
Прыехала Каляда звечара,
звечара,
Да прывезла дудак рэшата,
рэшата.
Да паставіла на стаўпе,
на стаўпе,
Сама села на куце, на куце.
А вы, музыкі, іграйце,
іграйце,
А вы, дзевачкі, гуляйце,
гуляйце!
А вы, хлопчыкі, пляшыце,
пляшыце!
P.S. Жыхары Асіповіччыны і зараз любяць калядаваць. Вясёлыя гурты калядоўшчыкаў можна сустрэць не толькі ў вёсках, але і ў горадзе. Своеасаблівым працягам народных традыцый калядавання сталі “Ліпеньскія шчадроўкі”, падчас якіх кожны калектыў мастацкай самадзейнасці, удзельнік народнага гуляння, выносіць на суд гледачоў свой праект шчадровак. Адраджаецца гэтая традыцыя ў школах, пазашкольных установах, а таксама і ў дзіцячых садках. Значыць, не парываецца повязь пакаленняў.