Дзеці вайны Яскравыя "кадры" памяці №36

Пра сваё дзяцінства падчас Вялікай Айчыннай
вайны распавядае жыхарка в. Дараганава Ларыса Стоцкая. Па прафесіі бібліятэкар,
яна доўгі час працавала ў Дараганаўскай школе, цяпер — пенсіянерка. Жыццё
Ларысы Сідараўны — як падручнік гісторыі, такое ж насычанае і цікавае.
Незагойную рану на сэрцы жанчыны пакінула вайна. І сёння яна не можа без слёз
успамінаць тыя жахлівыя моманты свайго маленства…

— Калі яна ўварвалася ў жыццё, мы жылі ў вёсцы
Сялец Дараганаўскага сельсавета. У 1939 годзе тату нашага Сідара Кузьміча
Стоцкага забралі ў войска, а мы з сястрой і мамай працягвалі здымаць кватэру ў
мясцовага жыхара Міхаіла Міхадзюка. У дзіцячай памяці не захавалася храналогіі
ваенных падзей, але некаторыя асобныя «кадры» памятаю вельмі яскрава.
Мама настаўнічала ў мясцовай школе. З ранку да вечара яна была на працы, а нас
з сястрой усё больш даглядалі гаспадары, якіх мы нават сталі называць, як і іх
родны сын, маці Ліда і бацька Міхаль. Хутка па вёсцы папаўзлі чуткі аб
зверствах фашыстаў, аб іх «адметных» адносінах да яўрэяў. Спачатку
людзі адмаўляліся ў іх верыць — настолькі жудаснай была «слава»
акупантаў. Наш бацька быў беларус, а мама Бася — яўрэйка, таму яна вымушана
была хавацца, а праз час пайшла ў партызаны, пакінуўшы нас з Вольгай на волю
лёсу і добрых людзей. Міхаіл і Лідзія Міхадзюкі сур’ёзна турбаваліся за жыццё
сваіх малалетніх «кватарантаў», адразу сталі выдаваць нас з Вольгай
за сваіх родных дачок. Дарэчы, усе вяскоўцы ведалі, хто мы, але, да гонару
сяльчан, ніхто не выдаў. Наогул у Сяльцы не было ніводнага паліцая ці іншага
варожага прыслужніка.

Добра памятаю першую сустрэчу з фашыстамі. Яны
наведаліся да нас у хату, а ў бацькі быў уласны веласіпед — сямейны гонар. Калі
бацька пайшоў служыць, то павесіў «ровер» у пакоі на сцяне. Вось
ворагі яго адразу знялі і забралі, а разам з двуколай машынай прыхапілі з двара
курэй і іншую жыўнасць.

Наогул на акупіраванай тэрыторыі захопнікі
адразу ж пачалі ўсталёўваць сваю ўладу — здзекаваліся з лю-дзей, прыніжалі,
сеялі страх… Добра памятаю, як гітлераўцы расстралялі трох аднавяскоўцаў. Яны
схапілі старшыню і брыгадзіра мясцовага калгаса Саву Міхадзюка і Аляксея
Патапчыка і везлі на падводзе агародамі, калі параўняліся з хатай дзеда
Еўдакіма. Той спытаў, куды вязуць хлопцаў. «І ты сядай, паедзеш з
намі», — такім быў адказ ворагаў. А праз некалькі хвілін за вёскай
раздаліся стрэлы… Праз колькі часу зноў страшная вестка пранеслася па Сяльцы
— за сувязь з партызанамі фашысты расстралялі сям’ю Цімафея Міхадзюка. Загінулі
гаспадар, яго жонка і двое непаўналетніх дзетак…

Памятаю і тое, як бацька Міхаль вазіў нас з
сястрою ў аддаленую вёску Востраў, дзе мы жылі па некалькі дзён у сям’і яго
сябра Фёдара Мятліцкага.

«Калі не дапамагу, іх смерць будзе на маім
сумленні!» — не раз чула такія словы ад бацькі. Ён навучыў, куды трэба
хавацца, калі заўважым, што ў двор заходзяць ворагі, што гаварыць, як сябе
паводзіць. І я старанна гэта выконвала. Толькі дзякуючы ім, маці Лідзіі і
бацьку Міхалю, мы з сястрою і засталіся жывымі.

Калі вайна скончылася і жыццё наладзілася,
вярнулася дадому мама Бася. Яна зноў стала працаваць у школе. Напачатку ўсе
жылі ў сям’і Міхадзюкоў, затым пабудавалі свой дом. Мы з сястрою ўсё жыццё
любілі і паважалі сваіх названых бацькоў, — скончыла свой успамін Ларыса
Сідараўна.

…Тых, хто ратаваў i даў прытулак людзям
яўрэйскай нацыянальнасці, называюць праведнiкамi. Такі статус на сённяшнi дзень
у Беларусi маюць больш за 500 чалавек. Сярод гэтых людзей і прозвішчы Міхаіла і
Лідзіі Міхадзюк з далёкай беларускай вёсачкі Сялец, якія выратавалі жыццё дваім
маленькім дзяўчынкам — Ларысе і Вользе Стоцкім. Статус Праведніка надаецца
чалавеку арганізацыяй «Ят Фашым» з Iзраiля. Аднак, здаецца, не гэта
галоўнае. Галоўнае, што ўратаваныя ўсё з удзячнасцю памятаюць…

Хрысціна Клімава.

Последние новости

Общество

Честь, долг, память: страницы истории воина-интернационалиста из Осиповичей

15 февраля 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп на 15 февраля для всех знаков Зодиака

15 февраля 2026
Читать новость
Образование

Дзіцячы сад № 6 “Сонейка” вясной адзначыць 30-годдзе

14 февраля 2026
Читать новость
Общество

Елизовский сельсовет: малая родина большого масштаба

14 февраля 2026
Читать новость
Армия

Военнослужащий 465 ракетной бригады Виктор Артёмов принял активное участие в расчистке города во время циклона «Улли»

14 февраля 2026
Читать новость
Общество

Комбинат бытового обслуживания функционирует в Осиповичах с 1960 года

14 февраля 2026
Читать новость

Рекомендуем