Да 25-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС №37

“А дрэвы стаялі чорныя…”

На Хойніцкі раён прыйшоўся адзін з мацнейшых
удараў Чарнобыльскай катастрофы. Адразу пасля аварыі забруджаную радыенуклідамі
тэрыторыю пакінула болей 10 тысяч жыхароў. З медыкаў выехалі адзінкі…

Пра першыя дні свайго “чарнобыльскага
шляху” расказвае Наталля Фаміна — адна са шматлікіх жанчын-медыкаў, якой
прыйшлося працаваць медыцынскай сястрой у Хойніцкай райбальніцы ў тым страшным
восемдзесят шостым і яшчэ 10 гадоў пасля.

— Ён быў такім цёплым, той красавіцкі вецер, а
сонца такім пякучым, што людзі ўвесь вольны час праводзілі на ўлонні прыроды.
Памятаю, з раніцы ў суботу 27 красавіка пафарбавала ў кватэры ўсе вокны,
пакінула іх адчыненымі насцеж і пайшла ў гарадскі парк. Дзень быў настолькі
прыгожы і па-летняму спякотны, што ніколькі не хацелася вяртацца ў памяшканне.
Хто ж ведаў, што гэтыя вецер і сонца былі проста згубныя для людзей?

Толькі ў панядзелак 29 красавіка нам, медыкам,
стала вядома пра атамную аварыю. Цалкам зразумець і ацаніць яе маштабы людзі
змаглі значна пазней, а тады мы жылі ў звычайным перадсвяточным настроі — праз
дзень, за выключэннем тых, хто быў на дзяжурстве, усім медыцынскім калектывам
выйшлі на першамайскую дэманстрацыю.

3 мая мяне накіравалі вывозіць цяжкахворых
жыхароў з вёсак Уласы і Чамкоў, што па-трапілі ў 30-кіламетровую зону
адчужэння. Мы ехалі па лесе, стаяла вясна, а дрэвы, асабліва грабы, замест веснавой
яркай зелені ўмомант сталі чорнымі. І гэта было жудасна…

У пачатку мая 1986 года кіраўніцтвам былога СССР
было прынята рашэнне аб эвакуацыі з горада Хойнікі і раёна ўсіх дзяцей
дашкольнага і школьнага ўзростаў разам з маці, а таксама цяжарных жанчын. Іх
было запланавана размясціць у санаторыях, дамах адпачынку, пансіянатах і
заводскіх прафілакторыях, піянерскіх лагерах у адпаведнасці з зараней
складзенымі ва ўсіх дзіцячых установах спісамі. Размяшчаць дзяцей на новых
месцах меркавалася такім чынам, каб яны былі разам з таварышамі па класах і
групах, з тымі ж самымі выхавацелямі і настаўнікамі. Гэта не толькі
садзейнічала большай арганізаванасці ад’езду і пражывання, але і павінна было
зменшыць цяжар псіхалагічнага стрэсу, якому дзеці і дарослыя падвергліся.

Іх вывезлі з раёна 7 мая. Гэты дзень многім
запомніўся не толькі эвакуацыяй, але і тым, што ў раёне практычна не працаваў
аўтобусны транспарт — уся тэхніка была задзейнічана на адпраўцы насельніцтва.
Акрамя ўсіх хойніцкіх аўтобусаў, людзей вывозілі на транспарце з многіх гарадоў
рэспублікі — усяго калона налічвала больш за 300 аўтобусаў. Гэта — шок для
пацярпелых, людзі былі вымушаны кідаць набытую доўгімі гадамі і цяжкай працай
маёмасць, зямлю, дзе вякамі жылі іх продкі, пакінуць усё. Як жыць далей, дзе і
на што? Менавіта гэта стала прычынай многіх захворванняў нервовай сістэмы. Тыя
тыдні і месяцы, як і наступныя гады, былі для перасяленцаў вельмі цяжкімі. Той,
хто гэтага не перажыў, не зможа ацаніць маштабаў трагедыі…

А пасля пачаліся новыя працоўныя будні. Іх
спецыфіка, у адрозненне ад ранейшага ладу жыцця, была ў тым, што не хапала
ўмелых і працавітых жаночых рук у медыцыне, на прадпрыемствах гандлю, у
прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Ды і сямейным мужчынам, якія прывыклі да
клапатлівага жаночага догляду, даводзілася асвойваць няпросты халасцяцкі быт:
самастойна гатаваць ежу, прыбіраць у кватэры, мыць бялізну, у прыватных дамах
яшчэ і даглядаць жывёлу, сад і агарод.

Выпадковыя з’яўленні тым летам дзетак на
хойніцкіх вуліцах успрымаліся са змешанымі пачуццямі: здзіўленнем, настальгіяй
па сваіх і трывогай за тое, каб гэтае дзіцятка не хапнула тут залішняй
радыяцыі. Таму нават да незнаёмых бацькоў людзі падыходзілі і раілі хутчэй
пакінуць горад.

А яшчэ той час запомніўся перапоўненымі
міжгароднімі аўтобусамі па выхадных: мужчыны ехалі праведаць сям’ю…

Праз некаторы час мяне накіравалі зноў на раён —
правесці дазіметрыю. Гэта было страшна. Стрэлкі дазіметра калыхаліся пры замеры
радыяцыйнага фону ва ўсіх канцах Хойніцкага раёна, а самы вялікі ўзровень
радыяцыі “выдавалі” кусты квітнеючых бэзу, язміну і чаромхі. 9 і 10
мая 1986 года з 30-кіламетровой зоны вывозілі ўжо жывёлу…

Памятаю, як зайшла ў адну з хат, дзе яшчэ былі
гаспадары. Гаспадыня рыхтавалася да Вялікадня — стаяла рэшата нафарбаваных яек,
ляжалі вэнджаныя кумпякі і напечаныя кулічы.

— Пачастуй Наталлю Іванаўну, — звярнуўся да
жанчыны гаспадар.

— Ды ці будзе яна есці гэта? — ціха перапытала
тая.

І зусім не пакрыўдзілася на маю адмову, а толькі
цяжка ўздыхнула… Прадуктамі з падворкаў і агародаў харчавацца ўжо было нельга.
Кароў даілі, а малако вывозілі — піць яго забаранялася…

Пазней да нас у бальніцу сталі ехаць вучоныя і
ўрачы са сталіцы, іншых гарадоў краіны і замежжа. Прыязджалі са сваім
абсталяваннем, якога многія з нас на той час не бачылі ў вочы: УЗ-апаратамі,
камп’ютарамі, мабільнымі ЭКГ. Разам з камандзіраванымі маталіся па раёне і мы.
Аглядвалі пацыентаў, бралі кроў на аналізы, ноччу везлі яе ў Гомель, а раніцой
— зноў на работу, да людзей. Праз час у Хойніках узвялі новую бальніцу з самым
сучасным абсталяваннем, але медыкаў сваіх не хапала — урачы працавалі вахтавым
метадам.

Цяпер, праз дваццаць пяць гадоў з дня аварыі на
ЧАЭС, магу ўспамінаць і гаварыць аб тых жахлівых днях даволі спакойна. А тады
гэта была трагедыя для ўсіх нашых Хойнікаў, бяда для ўсёй Беларусі. Вельмі
хвалявалася за родных дзяцей: Святлана на той момант вучылася ў Гомельскім
інстытуце чыгуначнага транспарту, Аляксандр служыў у арміі. Праз некаторы час
Святлана ў складзе будаўні-чага студэнцкага атрада ўзводзіла ў раёне новыя
жылыя домікі — яны тады пабудавалі цэлую вёску для перасяленцаў, якую назвалі
Вялікі Бор.

Час лечыць раны. Даўно сталі дарослымі нашы
дзеці. Дачка пасля заканчэння інстытута патрапіла ў Асіповічы, працуе на
чыгунцы, прыехаў сюды і сын з сям’ёй. І нас з бацькам да сябе пераманілі. Мы з
мужам Сцяпанам Цігранавічам, таксама ліквідатарам-чарнобыльцам — ён доўгі час
працаваў у Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным заказніку дазіметрыстам
— маем чатырох цудоўных унукаў. Малодшы, да слова, вучыцца ў САШ-2, любіць
жывапіс, робіць цудоўныя карціны з бяросты, чым вельмі радуе бабулю з дзядулем.
Жыццё працягваецца…

Жыццядзейнасць гэтых людзей на забруджанай
тэрыторыі не прайшла бясследна для іх здароўя. Але, як і многія іншыя
спецыялісты, яны там выконвалі вельмі патрэбную і важную на той момант работу.
І іх сціплы ўклад у барацьбу з нябачнай бядой не забыты.

Тамара Валадзько.

 

Последние новости

Власть

“Вчера согрешил, съел”. Лукашенко признался, что страшно любит картошку

12 сентября 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко: в этом году хороший урожай, будем с хлебом и картошкой

12 сентября 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко рассказал о планах связать Минск и города-спутники быстрым транспортным сообщением

12 сентября 2025
Читать новость
Благоустройство

В а.г. Вязье Осиповичского района активно проводится ремонт улично-дорожной сети

12 сентября 2025
Читать новость
Культура

Ко Дню народного единства Нацбиблиотека представит выставку с редкими картами

12 сентября 2025
Читать новость
Общество

На гэты раз канчаткова. Дабрацца да Градзянкі: місія выканальная

12 сентября 2025
Читать новость