— Мама жыла ў Вязычыне, а тата ў Бозаку, — пачынае свой нялёгкі сповед Надзея Антонаўна Казанец. — Спярша матулю сватаў хлопец аж з Арэхаўкі, але не даспадобы прыйшоўся нявесце, дык потым прыйшлося ісці за ўдаўца, на пяцёра чужых дзяцей. Нарадзілася двое агульных, мы з братам, якімі бацька не доўга цешыўся. У 33-м годзе пасля мыцця ў лазні застудзіўся, захварэў і ў хуткім часе памёр. Мы зусім малыя шчэ былі, мне — 5 гадоў, брату — 7. Маці гадавала ўсіх адна — і сваіх, і чужых. Працавала ў калгасе цялятніцай, даяркай…
Надзея паспела скончыць толькі 4 класы мясцовай школы. Вайна перарвала вучобу. Першыя дні фашысцкага нашэсця запалі ў памяць асобнымі, найбольш яркімі эпізодамі. Немцы набліжаліся да вёскі. У спешцы эвакуіравалі дзяцей са Свіслацкага дзетдома ў Лапічы, але, на жаль, уратаваць іх не ўдалося… Маладая маці Вольга Крысковіч, уцякаючы ад акупантаў, згубіла двухмесячнае дзіця, якога шукалі некалькімі групамі. Знайшлі толькі праз суткі. Уратавалі, але пражыло яно ўсяго 3 гадкі: скасіла хвароба… Пад печчу хавалі раненага салдата…
Паступова ў навакольных лясах сталі арганізоўвацца партызанскія атрады. Многія сваякі Надзеі таксама пайшлі ў іх. У камандзіра брыгады Самсоніка быў сувязны Налівайка з Вязычына. Для пераканання новай улады ў сваёй “адданасці”, уладкаваўся ў Свіслацкую паліцыю да-глядчыкам коней. А данясенні камбрыгу перадаваў праз мясцовую моладзь. Надзеі з братам не раз даводзілася хадзіць “наведаць цётку” ў Вязычын. Ідучы назад, жартуючы і валтузячы адно аднаго, праходзілі міма паліцэйскіх, якія і здагадацца не маглі, што пад анучамі, закручанымі на нагах “свавольнікаў”, схованы важныя для партызан звесткі, лістоўкі.
Многа трагічных эпізодаў узгадвае былая ўдзельніца вайны. Здараліся і здрады. Не ўсе маглі пад дулам аўтамата выстаяць і вытрымаць. Двух хлопцаў-падрыўнікоў выдала жыхарка Баранцаў Аксіння Бурак, іх пасля здзекаў і катаванняў забілі. Дваіх самых заўзятых прадстаўнікоў “новага рэжыму” Дразда і Шпака, пра якіх па навакольных вёсках складаліся вершы, характарызуючыя іх халуй-скую сутнасць, фашысты таксама не пашкадавалі, зніш-чылі іх разам з семьямі.
Пра розныя баявыя дзеянні народных змагароў успамінае Надзея Антонаўна. Дыверсіі на чыгунцы, разведка, знішчэнне асобных фашыстаў і іх памагатых, арганізацыя ўкрыццяў і пабегаў…
Але самае страшнае мясцовых жыхароў чакала наперадзе. У 1944 годзе наляцелі карнікі, сагналі ўсіх жыхароў вёскі ў аўчарню на калгасным двары. Па лесе суцэльнай сцяной з аўтаматамі наперавес ішлі яны, ад такога “прачосвання” цяжка было ўкрыцца, і многія мясцовыя жыхары, якія хаваліся па лясах, трапілі падчас аблавы ў палон.
— Стаялі такія жудасныя крыкі, — успамінае жанчына, выціраючы слёзы, — што цяжка трымаць і цяпер. Адна маладзіца толькі паспела нарадзіць дзіця, праз некалькі хвілін яе выгналі з хаты з нованароджаным у руках, а старэйшая дачушка цягне ручкі да матулі, крычыць: “Ой, мамачка, я так баюся!”. Нікога не шкадавалі. З Лазовага, Пагарэлага — адусюль гналі людзей. Мне пашанцавала збегчы агародамі. Брат з сябрам таксама ўцяклі. Назбіралася нас некалькі чалавек, уцалелых. Дзядзька вёў кабылу. Раптам тая натапырыла вушы, стала нервова фыркаць. Усе насцярожыліся. Глядзім: у рацэ ляжаць мёртвыя Міхальчыха з Кулінкай — вясковыя жыхаркі. Сястра была цяжарная, а давялося перабірацца праз раку па ледзяной вадзе. Наперадзе чакала дарога, якую трэба было перасекчы па роўным полі, бо вакол ворагі з кулямётамі…
І Надзея Антонаўна доўга расказвае пра тую страшную ноч, у дэталях узнаўляючы храналогію падзей, якія навечна адлюстраваліся ў памяці. Аб гэтым сведчыць дакладнасць, з якой яна памятае ўсе дэталі, удзельнікаў, лясныя сцяжынкі, якія ратавалі.
— Тым часам фашысты “рассарціравалі” сваіх ахвяр: дарослых зачынілі ў адну з хат, а дзяцей у варыўню, і запалілі абедзве пабудовы, — працягвае свой цяжкі сповед наша гераіня. — Столькі людзей пагінула. А ўсе ж родныя, знаёмыя… Там загінула і мая матуля. Як адчынілі дзверы — поўная хата людзей. Ляжаць роўным пластом, вышэй печы, — зноў слёзы не даюць казаць. — А потым ужо мы пахавалі ўсіх у агульную магілу, абкапалі пяском. А самі — назад у лес…
Прыйшлося сербануць гора ўраз пасталеўшай дзяўчыне. Пажыла ў радні ў Вязычыне, а потым вярнулася ў сваю вёску. Жыла разам з сястрой, якая праз пару месяцаў нарадзіла сына — будучага палкоўніка. Пасля вайны Надзя выйшла замуж. Было рознае, але пражылі разам 63 гады, дом уласны пабудавалі, вырасцілі чацвярых дзяцей. З цягам часу да гэтага багажа дадаліся 7 унукаў і 5 праўнукаў.
Гады праляцелі, але і цяпер Надзея Антонаўна такая ж рухавая, эмацыянальная, жыццярадасная. Капаецца ў градах, шые на машынцы тое-сёе з неабходнага ў жаночым ужытку, чытае кнігі. Лечыцца не імпартнымі лекамі з аптэкі, а траўкамі, якія збірае “па навуцы”, вывучыўшы публікацыі журнала “Народны доктар”. Асвойвае “Біблію”. Паказвае зборнікі вершаў Івана Грудзінскага з дароўным надпісам аўтара, некалькі твораў якога пры-свечаны ёй.
…А вайна жыве не толькі ў памяці і сэрцы — матэрыялізавана ў магілцы далёкага сібірскага салдата Віктара Марозава. Яе жанчына да-глядае на працягу многіх гадоў. Аб тым часе нагадвае і кожная сцяжынка, якую бабуля бачыць колішняй — зрытай асколкамі снарадаў, залітай крывёю нашых змагароў…