Пяцёра дзяцей у сучаснай сям’і — з’ява рэдкая, а ў той далёкі даваенны час — звычайная сітуацыя. Вольга Дзмітрыеўна Рубеж удзячная бацькам, што падарылі ёй двух братоў і дзвюх сясцёр. Інакш — ці выжыла б?
Бацькі пайшлі з жыцця рана. Як у тутэйшым свеце трымаліся адно аднаго, так і на той трапілі амаль разам. Ад хваробы жывата ўвосень адышоў бацька. Раптоўна. Як актыўны калгаснік, павінен быў пайсці на сход. Старшыня заехаў за ім, а бацька, занядужыўшы, прылёг, ды так і не ўстаў. А праз 3 месяцы, не дачакаўшыся вясны, ад пляўрыту памерла і матуля, пакінуўшы дзяцей круглымі сіротамі.
Так і гадаваліся самі, збіўшыся ў цесную купку, як кураняты, што засталіся без квахтухі. Самаму старэйшаму з пяцёх на той час было 16. Людзі памагалі. Дзяліліся хлебам. А працаваць дзеці і самі ўмелі — жыццё навучыла…
Жылі на той час у Рагачоўскім раёне. І вось — вайна. Старэйшы брат пайшоў у войска.
— Куды людзі — туды і мы, — успамінае Вольга Дзмітрыеўна. — Усяго хапіла. Хаваліся ў бліндажы, але ад ворага не зберагліся. Пахапалі ўсіх жыхароў вёскі — “для пераезду на новае месца жыхарства”. Абяцалі “залатыя горы”. Людзі пабралі вопратку, розныя рэчы, хтосьці нават швейную машынку прыхапіў. Загналі ў брудныя вагоны і павезлі нас у сапраўднае пекла. Ехалі доўга, састаў некалькі разоў перафарміроўваўся. Высадзілі ў пінскіх балотах. Калючы дрот, па перыметру — жудасныя нямецкія постаці з аўтаматамі. І — вада, суцэльная багна пад нагамі… Ламалі галлё, насцілалі, каб хоць як можна было сесці. Хто падыходзіў да дроту, атрымоўваў прыкладам па галаве. Многія ўжо і не падымаліся…
Вільгаць і хвароба — галоўныя ворагі. А яшчэ — жаданне піць. Навокал дрыгва, а спажываць смярдзючую вадкасць не будзеш. Людзі здымалі завушніцы і пярсцёнкі, аддавалі іх вартавым за глыток вады. Вользе з роднымі дапамагала тое, што трымаліся разам. Адзін лагер, затым другі, трэці… Колькі часу прайшло? Для нявольнікаў — вечнасць. Фронт, што праходзіў якраз праз лагер, захапіў у свой вір фашысцкіх салдат і іх палоннікаў, разарваў дрот. Кругом ляталі снарады, кожны з якіх нёс не адну смерць. Людзі адзічэлі ад нечалавечых умоў, кідаліся ва ўсе бакі. Хутар, што месціўся непадалёк, аказаўся замініраваным. Навокал былі расстаўлены міны, зверху на іх мацаваліся нейкія цацкі, хапаючыся за якія, дзеці ўзляталі ў паветра.
Як выбраліся з гэтага пекла, Вольга не памятае. Апынуліся ў вёсцы Васілевічы. Ніколі раней так не радаваліся бульбе, а тут яе было ўволю. Уцалеўшых вязняў размеркавалі па наваколлю. Пажыла Вольга з сёс-трамі ў вёсцы Гута, брата на той час накіравалі ў Гомельскае ФЗУ, у тым горадзе ён і асталяваўся на ўсё жыццё. А дзяўчаты яшчэ памыкаліся. Дзве з іх перахварэлі тыфам і, ачуняўшы, толькі ў жніўні сорак пятага дабраліся да роднай хаты.
У наш раён Вольгу Дзмітрыеўну закінуў лёс. Нейкі час працавала на торфапрадпрыемстве ў Татарцы, затым выйшла замуж, сям’ёй пераехалі ў Пагарэлае. Леанід Іванавіч працаваў механізатарам у калгасе, яго жонка — школьнай тэхнічкай. І зараз жывуць у гэтай вёсцы.
А вайна — яна назаўсёды ў памяці. З пачуццём жаху, голаду і роспачы…