В Осиповичах прошел День Независимости Республики Беларусь и День города

Свята
Незалежнасць і адзінства
3 ліпеня на Асіповіччыне разам з галоўным святам краіны — Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — адзначалі і Дзень горада
Аб’яднанне гэтых мерапрыемстваў у адзіны фэст, што стала ўжо добрай традыцыяй, сёлета, у Год народнага адзінства, асабліва сімвалічна: народ нашай краіны, дзе на працягу стагоддзяў побач жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, рэлігій і культур, згуртоўваюць менавіта ідэі суверэнітэту і незалежнасці краіны. Гэта разнастайнасць стала візітнай карткай Беларусі, яе ўнікальнай спадчынай і неацэнным дарам продкаў, якія неабходна захаваць дзеля міру і згоды ў грамадстве, дабрабыту і працвітання будучых пакаленняў.
Святочныя мерапрыемствы ў 11 гадзін таксама ўжо традыцыйна адкрыў мітынг на мемарыяльным комплексе “Алея Герояў” — знак вялікай удзячнасці і павагі да тых, хто падчас Вялікай Айчыннай вайны адстаяў права беларусаў на свабоду, а пазней адраджаў Айчыну, закладваў падмурак, на якім будуецца суверэнная Беларусь, развіваюцца рэгіёны, у ліку якіх наш раён займае пачэснае месца. Прамовы, ускладанне вянкоў і кветак да стэлы і абеліскаў на Алеі Герояў, хвіліна маўчання, ружэйныя залпы…
А палове дванаццатай у гарадскім парку загучала музыка: пачаўся святочны тэматычны канцэрт “Мая радзіма — Беларусь!”. І гукі мелодый і песень у выкананні прафесійных музыкантаў і аматарскіх калектываў не сціхалі да самага вечара: лірычныя і рытмічныя, сучасныя і ваенных часоў — і большасць з іх аб тым, як мы разам жывём, працуем, кахаем і марым…
Ушанаванне тых, хто ўнёс асабліва важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Асіповіччыны — абавязковы элемент святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Дня горада. Лепшым з лепшых старшыня райвыканкама Канстанцін Жыгуцкі ўручыў больш за тры дзясяткі Ганаровых грамат і Падзячных лістоў.
З цёплымі словамі і віншаваннямі звярнулася да прысутных старшыня райаб’яднання РГА “Белая Русь” Таццяна Пахоменка, якая ўзнагародзіла шэраг землякоў падзякамі і падарункамі грамадскага аб’яднання.
Пасля канцэрта і ўшанавання выдатных людзей Асіповіччыны ў парку разгарнулася сапраўднае народнае гулянне, шматлюднае і вясёлае. Падчас чатырохгадзіннай культурна-забаўляльнай праграмы “Табе, любімы горад!” на сцэне летняга амфітэатра выступілі юныя выканаўцы і ўдзельнікі калектываў мастацкай самадзейнасці цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, прайшоў фестываль патрыятычнай песні “У сэрцы маім Беларусь” і прагучала канцэртная праграма духавога аркестра раённага цэнтра культуры і адпачынку “Мы разам!”. Паралельна ў парку ішла разнастайная забаўляльная праграма: працавалі выстаўкі-кірмашы, сельскія падворкі, палявая кухня, спартыўныя, гульнявыя, тэматычныя пляцоўкі, пункт здароўя і іншае.
У сем вечара гараджане і госці свята перамясціліся бліжэй да аднаго з най-прыгажэйшых месцаў райцэнтра — вадаёма з фантанамі на ўскрайку гарадскога парку. І нядзіўна: не так часта нам даводзіцца слухаць класічную музыку ў жывым выкананні, а тут — цэлы канцэрт!
У 20.30 у промнях вечаровага сонца заззяла медзь: выступленне распачаў ваенны духавы аркестр Асіповіцкага гарнізона, а праз гадзіну са сцэны загучалі спевы артыстаў айчыннай эстрады — груп ByCity і PROвокация.
“Мы, беларусы — мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі, шчыра сябруем, сілы гартуем мы ў працавітай, вольнай сям’і”, — у 22.55 гэтыя словы загучалі па ўсёй краіне падчас рэспубліканскай акцыі “Спяём гімн разам”. У гэты час гучаў Дзяржаўны гімн і ў нашым парку: галасы асіпаўчан і гасцей райцэнтра, маладых і сталых, падлеткаў, дзяцей зліліся ў адзіны. А потым неба расквеціў традыцыйны прыгожы феерверк…
Меркаванне
Сяргей Макарэвіч, індывідуальны прадпрымальнік:
— На свята прыйшоў з дочкамі Ксеніяй і Наталляй — якраз паспелі на ўрачыстую частку і ўручэнне ўзнагарод. Потым дзяўчынкі паспрабавалі кашу і чай з палявой кухні і, зразумела, запатрабавалі трохі грошай, как набыць пару-тройку сувені-раў: балазе, на выставах-кірмашах прадстаўлена мноства цікавых штучак ручной работы — ад біжутэрыі з пацерак да ганчарных вырабаў.
Дарэчы, забаў для дзяцей было вялікае мноства. Ды і дарослыя знаходзілі, чым сябе заняць: выдатныя канцэрты, прычым абсалютна розных напрамкаў, фуд-корты на свежым паветры, дзе можна пасядзець з шашлычком або куфлем піва.
Але, напэўна, усё-такі галоўнае ў гэтым свяце — дух яднання: сустракаешся са старымі сябрамі, з якімі не пабачыліся б яшчэ бог ведае колькі, знаёмішся з новымі людзьмі, знаходзіш агульныя тэмы для размовы. І заўважыў: часцей за ўсё, пачаўшы, як звычайна, з абмеркавання міравой палітыкі і еўрапейскага футбола, надвор’я і побыту, усё адно пераходзім да навін роднага горада: дзе што з’явілася, адкрылася, пабудавалася, аб кім з агульных знаёмых напісала “раёнка”… І гэта нядзіўна: у пэўным сэнсе Асіповіччына — наша вялікая сям’я, бо ўсе мы, вольна або мімаволі, аб’яднаныя агульным жыццём, яго цяжкасцямі і праблемамі, але ў першую чаргу — радасцямі і дасягненнямі…