Сегодня Международный день против фашизма, расизма и антисемитизма

Сегодня Международный день против фашизма, расизма и антисемитизма

Пахаванняў перыяду Вялікай Айчыннай вайны ў Дараганаўскім сельсавеце больш трох дзясяткаў. Але адно з іх асаблівае: вялікі валун  на брацкай магіле  яўрэйскіх дзяцей  каля вёскі  Крынка.  Мясцовыя жыхары  яго так і называюць — Дзіцячы камень.  Гэта не проста помнік былой трагедыі.  Хутчэй, увасабленне самага дрэннага, і самага добрага з таго, што ёсць у чалавечых душах.

Вядома, што там пахавана 84 непаўналетніх  і двое дарослых. Большасць імён  невядомыя, аднак надзея ёсць. “Канчатковае вырашэнне яўрэйскага пытання” — так у Трэцім Рэйхе называлі   праграму  знішчэння гэтага народа — з пэўнага часу мела звычайны для кожнай міжведамаснай справы бюракратычны “шлейф”: планы, справаздачы,  аналітычныя запіскі, спісы…  Крынкаўскі расстрэл адбыўся менавіта ва ўзгаданы перыяд, таму  не выключана, што, недзе ў дакументах  аднаго  з 12 міністэрстваў і ведамстваў нацысцкай дзяржавы непасрэдна задзейнічаных у арганізацыі масавых забойстваў (яны дагэтуль вывучаны не цалкам), ляжаць  і поўны  спіс крынкаўскіх ахвяр, і пералік  нелюдзяў, што стралялі ў дзіцячыя твары.

***

Знішчэнне яўрэйскага насельніцтва стала дзяржаўнай палітыкай Трэцяга Рэйха пасля Ванзейскай канферэнцыі, якая адбылася 20 студзеня 1942  года.  Да гэтай даты практыка антысеміцкага генацыду ўваходзіла выключна ў паўнамоцтвы Галоўнага ўпраўлення імперскай бяспекі і Галоўнага ўпраўлення СС па справах расы і пасяленняў. Пры ўсіх магчымасцях  рэпрэсіўнага апарату нацыстаў гэтыя дзве арганізацыі не маглі дзейнічаць так хутка і арганізавана, як таго жадала вышэйшае кіраўніцтва.  Да таго ж, многія ўплывовыя члены НСДАП, значная частка генералітэту і чыноўніцтва адносілася да эсэсаўскай дзейнасці, так бы мовіць, з элементамі крытыкі. Напрыклад, кіраўнік яўрэйскага аддзела гестапа Адольф Эйхман неаднаразова скардзіўся, што беларускі гаўляйтар Вільгельм Кубэ “стварае псіхалагічна невыносныя ўмовы для работы айнзацкаманд”.

Ванзейская канферэнцыя дазволіла выправіць усе “недахопы” і перасекчы спробы “вальнадумства”. Прычым на тое, каб дамовіцца аб  размеркаванні  міжведамасных паўнамоцтваў і каардынацыі дзейнасці зацікаўленых структур у знішчэнні мільёнаў чалавек, яе удзельнікам спатрэбілася ўсяго 90 хвілін.

***

…Новая змена прыехала ў санаторый Крынка 17 чэрвеня 1941года. Яўрэйскіх дзяцей  у ёй было даволі многа, і з пачаткам  вайны  бацькі па зразумелых прычынах не мелі магчымасці іх забраць. Засталася тут пэўная колькасць выхаванцаў іншых нацыянальнасцей і частка персаналу: тых,  хто адчуваў адказнасць за дзяцей, а не імкнуўся выратаваць уласную скуру любой цаной.

Акупацыйная адміністрацыя, відаць, не вельмі разумела, што рабіць з  лясным санаторыем, і таму на яго проста не звярталі ўвагі — у самым  жудасным сэнсе гэтага выразу.

Толькі звезлі сюды малалетніх прадстаўнікой “непатрэбнай нацыі” з размешчаных паблізу дзіцячых дамоў ды прылягаючых вёсак і даручылі нагляд за “Крынкай”  калабарацыяністам, сярод якіх была і адна жанчына. Умовы існавання для ўсіх дзяцей былі цяжкімі, а для яўрэйскіх —   якіх было больш 200 — увогуле невыноснымі. Трымалі іх асобна: у зале, разлічанай на пражыванне выключна ў цёплы сезон. Усю  восень і зіму дзеці мелі толькі лёгкае летняе адзенне – у якім прыехалі  на аздараўленне. Кармілі вельмі дрэнна, ніякай медыцынскай дапамогі і нагляду за санітарыяй, мінімум дроў для абагрэву.

Зіма 1941/42 года была халоднай,  смяротнасць —  высачэннай, аднак каля 90  няшчасных да вясны ўсё ж засталіся ў жывых.

Тым не менш, кіраўнік гаспадарчай часці дзіцячага міні-канцлагера Вера Ждановіч — яна непасрэдна займалася размеркаваннем прадуктаў харчавання, паліва, вопраткі і г.д. — пасля вайны была пакарана адносна мякка: асуждана на 10 гадоў зняволення.  Відаць, у яе дзеяннях не знайшлося адназначных доказаў удзелу ў генацыдзе.

Ды і па ўспамінах ўцалеўшага вязня дзіцячага гета Уладзіміра Свердлава, ахоўнікам не было загаду забіваць яўрэйскіх дзяцей. Аб гэтым яму асабіста казаў адзін з паліцаяў.

Напрыканцы красавіка, а можа, напачатку мая1942 года такі загад быў аддадзены…

***

У прыцемках  — раніцай ці вечарам, ужо ніхто не памятае — дзяцей пастроілі ў калону і павялі. Як казалі  канваіры  — у іншы лагер, дзе ім будзе лепш.

Пра тое, што  іх вядуць забіваць, 10-гадоваму   Уладзіміру Свердлаву сказаў яго сябра Яша.  Ён быў старэйшы, не па ўзросце  разважлівы  і  моцны духам хлопец, які заўсёды імкнуўся  дапамагчы таварышам па няшчасці. Яша і параіў  Валодзі  ўцякаць  — цемра ды густы прыдарожны хмызняк давалі надзею на поспех. А галоўнае —  знешне Свердлаў быў тыповым славянінам.  Сам Яша бегчы адмовіўся. Змрочна пажартаваў, што з яго характэрным  яўрэйскім тварам гэта будуць уцёкі да першага немца. Ды  і як кінуць зусім маленькіх, якія так даверліва трымаюць цябе за рукі…

Валодзя ўцёк і застаўся жыць. Яшу і іншых знішчыла экзекуцыйная каманда бабруйскага СД. Выклікалі  па спісе —  8-10 чалавек, спіхвалі ў яму і стралялі. Акцыя прайшла арганізавана, хутка і акуратна:  пасля таго, як яму-магілу закапалі,  ніякіх крывавых плям на зямлі не засталося.

Знясіленага і параненага Уладзіміра Свердлава ў адной вёсцы прагналі, убачыўшы след ад  шасціканечнай зоркі на адзенні. Яго — паўжывога — недзе паміж Асіповічамі і Петрыкавам выпадкова знайшла   жыхарка  вёскі Макарычы. Яна  вярталася дадому з Дараганава, дзе шукала сваю дачку. Як яны пераадолелі шлях працягласцю ў паўтары сотні кіламетраў, ні  Уладзімір,  ні  яго выратавальніца Аляксандра Звоннік у памяці не захавалі. Хапала іншых клопатаў: даючы прытулак  яўрэю, жанчына рызыкавала і сваім жыццём, і жыццём сваіх дзяцей.

***

Пасляваенны лёс Уладзіміра Свердлава склаўся добра. Яго сям’я ўцалела, ён пражыў доўгае, спакойнае жыццё. І здолеў выканаць тое, што лічыў сваім маральным абавязкам: назбіраў грошай, каб пабудаваць помнік на магіле, дзе ляжыць яго сябра Яша і іншыя вязні крынкаўскага дзіцячага гета.

Ужо некалькі гадоў Уладзіміра Свердлава  няма на гэтым свеце, але захаваны ў створаным яго намаганнямі помніку заклік яшчэ доўга будзе кранаць чалавечае сумленне.

 

Последние новости

Общество

“Аўталаўка — гэта свята!” — так лічаць жыхары малых населеных пунктаў Асіповіцкага раёна

4 июля 2025
Читать новость
Общество

Международный молодежный патриотический проект “Дорогами Памяти и Славы” в Осиповичах

4 июля 2025
Читать новость
Год благоустройства

У абласным этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне паверхневага воднага аб’екта асіповіцкі гарадскі пляж заняў першае месца

4 июля 2025
Читать новость
Общество

Прямая линия с первым заместителем председателя Осиповичского райисполкома

4 июля 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 4 июля для всех знаков зодиака

4 июля 2025
Читать новость
Общество

Программа мероприятий республиканского праздника “Купалье” (“Александрия собирает друзей”). Агрогородок Александрия Шкловского района Могилёвской области

3 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем