Юрысконсульт ААТ “ЖорнаўкаАГРА” Сняжана Бяляўская мяркуе, што галоўная ўмова паспяховай работы — быць перакананым у значнасці справы

Тады ўсё атрымаецца. А ў тым, што яна верыць у будучыню свайго прадпрыемства, сумнявацца не прыходзіцца: чым тады карэнную бабруйчанку трымае асіповіцкая перыферыя?
У наш раён Сняжана трапіла ў 2014 годзе па размеркаванні пасля Бабруйскага аграрна-эканамічнага каледжа. На той момант у ААТ “Лапічы”. Прынялі ў гаспадарцы маладога спецыяліста добра, забяспечылі жыллём. Паралельна з работай атрымлівала вышэйшую адукацыю ў МДУ імя Куляшова па спецыяльнасці “правазнаўства”.
Свае шматлікія “паперы” любіць. І для яе тая самая непрымаемая многімі руціна — вобласць, дзе яна бачыць асаблівую прыгажосць. Працаваць з дакументамі якраз-такі цікава, лічыць Сняжана. Бо за кожным з іх — канкрэтныя лічбы, факты, поле дзейнасці. Безумоўна, тут важна ўмець аналізаваць, быць дасведчаным і ўважлівым, валодаць прававой базай. Зараз вядзецца работа ў дагаворна-прэтэнзійным кірунку, надзяляецца ўвага падрыхтоўцы дакументаў для продажу дамоў — працаўнікі сельгаспрадпрыемства, якія ў іх жывуць, змогуць атрымаць жыллё ва ўласнасць згодна з існуючымі прававымі актамі. Шчыра кажучы, цэлы дзень заняты.
Юрысконсульт падкрэслівае, што сёлета гаспадарка адчувае асаблівую падтрымку дзяржавы: пагасіліся некаторыя запазычанасці, выдзелена новая тэхніка. Напрыклад, ужо атрымалі пагрузчык і трактар “Беларус-3522”, яшчэ чакаюцца МАЗ, сеялка, культыватар. Так што выйсці ў поле на яравую сяўбу можна будзе з новымі тэхнічнымі рэсурсамі. Ну і, зразумела, з пазітыўным настроем.
Дні ляцяць хутка. Работа, сямейныя клопаты. Вось ужо хутка пойдзе ў школу сынок Герман. Планы таксама ёсць — чакае работа на зямлі. У вёсцы Троіцкай набылі дачу, цэлых 25 сотак. Так што на бліжэйшыя гады задача — зрабіць тут свой утульны куток. Магчыма, не ўся плошча адразу будзе асвоена, але, як кажуць, ёсць да чаго імкнуцца. У гэтым і прывабнасць сельскага жыцця: цішыня, блізкасць прыроды і… пастаяннае ўдасканаленне агранамічных навыкаў. А яшчэ — задавальненне ад выніку ўласных намаганняў.
Валянціна Корбаль
