Захавальнікі “блакітнага агню” ў Асіповіцкім раёне

7 верасня — Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці
У індустрыяльныя 70-я гады, калі ва ўсе канцы велізарнай тады краіны адпраўляліся геолагаразведачныя экспедыцыі, недалёка ад Асіповіч у ваданосных пластах на глыбіні 500 метраў выявілася месца, якое падыходзіла для падземнага захавання прыроднага газу. Гідрагеахімічныя даследаванні пацвердзілі: так, гэта магчыма. І 22 ліпеня 1976 года пачалося запампоўванне газу ў падземную кладоўку — Асіповіцкае падземнае сховішча газу (ПГС). Так пачалася гісторыя філіяла “Асіповіцкае ўпраўленне магістральных газаправодаў ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь” — аднаго з трох існуючых у рэспубліцы падземных сховішчаў газу — у якую ўпісана ўжо нямала старонак, якія апавядаюць і пра развіццё газавай галіны краіны ў цэлым.
На дадзены момант Асіповіцкае ПСГ працуе ў цыклічным рэжыме: у сярэднім пяць месяцаў вядзецца запампоўванне газу і столькі ж — адбор, што дазваляе павялічыць аб’ём актыўнага газу, без павелічэння аб’ёму самога сховішча, і аператыўна згладжваць сезонную нераўнамернасць спажывання газу. Сёння аб’ём актыўнага газу ПСГ складае каля 300 мільёнаў “кубоў”, а сутачная прадукцыйнасць — 4,5 мільёна. Акрамя захавання і аддачы газу ў сетку, філіял займаецца яго транспарціроўкай у Бабруйск, Асіповічы, Светлагорск, Мар’іну Горку, Клічаў, Ялізава, Ясень, Старыя Дарогі, Глуск і іншыя гарады і населеныя пункты, пры гэтым працягласць газаправодаў у адзіночным выкананні складае каля 600 кіламетраў.
Бесперабойную працу кожнага аб’екта забяспечвае высокапрафесійны калектыў: усе начальнікі службаў маюць вышэйшую тэх-нічную адукацыю і прайшлі падрыхтоўку ў Полацкім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці “праектаванне і эксплуатацыя газаправодаў”. Сапраўднымі прафесіяналамі за час работы ў філіяле сталі слесар па рамонце тэхналагічных установак газакампрэсарнай службы Міхаіл Жук, якому напярэдадні прафесійнага свята прысвоена званне “Ветэран ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь”, механік аўтатранспартнага цэха Віктар Бычанок, намеснік начальніка Вітас Вайвада, вадзіцель Іван Кароль, электрагаза-зваршчык лінейна-эксплуатацыйнай службы Віктар Кубар, якія ўзнагароджаны Ганаровай граматай таварыства, слесар па рамонце аўтамабіляў аўтатранспартнага цэха Аляксей Мірашнічэнка, аператар газаразмеркавальнай станцыі “Ялізава” Віктар Шустоўскі, якім аб’яўлена падзяка, і многія іншыя.
У філіяле працуюць 7 чалавек, што носяць званне “Заслужаны работнік ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь”, і 13 — “Ветэран працы”, так што маладым спецыялістам ёсць у каго набірацца прафесійнага вопыту і адказных адносін да працы. Асабліва пашанцавала ў сэнсе атрымання ведаў моладзі, у чыіх сем’ях ўжо не першае пакаленне працуе на “падземцы”, а такіх працоўных дынастый на прадпрыемстве нямала: гэта сем’і Сухачовых, Цэмкала, Крупіных, Кароль, Краўчанка і іншыя.
Таму, што людзі застаюцца працаваць у філіяле на доўгія гады і перадаюць любоў да “блакітнага агню” сваім дзецям і ўнукам, нямала спрыяе не толькі развітая сістэма сацыяльных гарантый і годны ўзровень аплаты, але і экалагічная палітыка, якая праводзіцца ў арганізацыі: сёння дзейнасць любога прадпрыемства звязана з прамысловым уздзеяннем на навакольнае асяроддзе, а пераважная большасць работнікаў філіяла жывуць побач з вытворчай базай ПСГ і хочуць быць упэўненымі ў сваёй бяспецы і чысціні асяроддзя.
Трэба аддаць належнае арганізацыі работы па прыродакарыстанні: прымяняючы навейшыя энергазахавальныя тэхналогіі і экалагіч-нае абсталяванне, выконваючы ўсе нормы, устаноўленыя заканадаўствам РБ і міжнароднымі прававымі актамі, і ўсведамляючы сваю адказнасць перад людзьмі, філіял “Асіповіцкае ўпраўленне магістральных газа-праводаў ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь” прымае на сябе дадатковыя абавязкі па ахове прыроды. Напрыклад, на мінулым тыдні прымаючы ўдзел у суботніку “Живая планета — сделаем вместе!”, які праводзіцца няўрадавым экалагічным фондам ім. У.І.Вярнадскага, работнікі навялі парадак на тэрыторыі дзяржлясфонду каля р. Свіслач і на спартыўнай пляцоўцы ля дзіцячага сада “Сонейка”, дзе праводзяцца культурныя і спартыўна-масавыя мерапрыемствы філіяла. Вынік: вывезена каля 870 кг бытавога смецця, макулатура, ПЭТ-бутэлькі і шкло адпраўлены ў перапрацоўку. Такім чынам, можна лічыць, что газавікі не толькі захоўваюць і дастаўляюць для нашага камфортнага побыту “блакіт-нае паліва”, але і з’яўляюцца захавальнікамі роднай прыроды.
Зараз філіял “Асіповіцкае ўпраўленне магістральных газаправодаў ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь” — падраздзяленне сучаснай, высокаэфектыўнай, сацыяльна арыентаванай кампаніі, якая найлепшым чынам выконвае задачы па захаванні, водпуску і транспарціроўцы газу на тэрыторыі рэспублікі і за яе межамі, а кожная новая старонка яго гісторыі — частка нашага сёння і заўтра.
Соф’я САВАЙТАН.