Перазагрузка — рэч карысная

Больш за год Асіповіцкі кансервавы завод не функцыянаваў, але вясной вытворчыя памяшканні напоўніліся галасамі работнікаў будаўнічых брыгад і наладчыкаў абсталявання. І ўжо ў канцы мая-пачатку чэрвеня з канвеера выйшлі першыя слоікі з сокам. Якія пераўтварэнні чакаюць прадпрыемства ў далейшы час, даведаліся ў дырэктара ТАА “Deniv” Алены Шпакавай, якая набыла кантрольны пакет акцый завода:
— Наша кампанія займаецца аптовым продажам прадуктаў харчавання. Таму, як толькі з’явілася магчымасць, набылі акцыі завода. Пакуль што ніякіх шырокамаштабных змен не будзе. Пачаўся сезон агародніны і садавіны, плануем адразу вырабляць сокі і марынаваныя агуркі. Затым пойдзе перапрацоўка яблык і агародніны.
— Такім чынам, спецы-фіка вытворчасці застанецца ранейшай?
— Пакуль што мы арыентуемся на гэту прадукцыю. Наша задача на сёння — мінімізаваць выдаткі на выпуск прадукцыі і захаваць яе высокую якасць. Для гэтага неабходна аўтаматызаваць вытворчасць, каб паменшыць ручную работу, знізіць сабекошт сыравіны і страты на вы-творчасць.
— Што зроблена сёння?
— Справа ў тым, што на заводзе дагэтуль была толькі ручная праца і нават не было ўмоў, каб гэтую працу мінімізаваць. Таму першапачаткова, акрамя касметычнага рамонту, мы перарабілі пад’язныя шляхі і склад гатовай прадукцыі, набылі аўтаматычны вакуумны ўпакоўшчык, этыкероўшчык, а таксама пагрузчыкі, з дапамогай якіх ажыццяўляецца транспарціроўка прадукцыі на тэрыторыі цэха. З гэтым арсеналам плануем адпрацаваць сезон, адначасова аднаўляючы іншае начынне. Вясной жа, калі большасць пастаўшчыкоў прыпыняе сваю работу для прафілактыкі, мы зможам паступова рэканструяваць адзін цэх за другім, не спыняючы вы-творчасці. Тарны склад жа мадэрнізуем зараз.
— Колькі задзейнічана чалавек і ці прыйшлі старыя кадры?
— Загадчыкі вытворчасці і лабараторыі, тэхнолаг вярнуліся былыя. Увогуле, усіх, хто пажадаў, мы прынялі на тыя ж месцы і пасады. Зараз працуе 20 чалавек у адну змену. Збіраемся перайсці ў двухзменны рэжым работы. А ў далейшым — у кругласутачны. Таму зараз вядзецца падбор кадраў, разглядаюцца розныя кандыдатуры, у тым ліку без спецыяльнага навучання і падрыхтоўкі. Плануецца забяспечыць работнікаў медыцынскімі страхоўкамі і абанементамі на паслугі басейна і спартыўнай залы.
— Якія бонусы прапануе кампанія завадчанам?
— Пра зарплату, на якую выйдуць работнікі, гаварыць пакуль што рана. Але, зыходзячы з нашай пазіцыі, яна будзе не ніжэй за сярэднюю ў рэгіёне. У любым выпадку, для нас важна стварыць сацыяльна накіраванае прадпрыемства. Усім сваім супрацоўнікам гарантуем афіцыяльнае працаўладкаванне, стабільны заробак, сацыяльныя гарантыі і ахову працы. Неабходна, каб работнік, з якога ты вырасціў прафесіянала, застаўся працаваць у цябе, у чым яго і трэба зацікавіць.
— Плануецца павышэнне кваліфікацый?
— Без гэтага нельга абысціся. Раней на заводзе нікога не накіроўвалі на вучобу. Але час не стаіць на месцы, з’яўляецца шмат тэхналогій, якія дазваляюць палепшыць якасць і прадукцыйнасць. Мы актыўна шукаем маладога, перспектыўнага тэхнолага, які будзе гатовы да ўкаранення новага. Для ўсіх нашых работнікаў ствараецца план павышэння кваліфікацыі.
— Ці плануеце набываць сыравіну ў мясцовых фермераў?
— Насамрэч пытанне не ў тым, у каго набыць, а ў кошце. Калі, напрыклад, у Століне нізкая цана і, нават дадаўшы выдаткі на лагістыку, яна застанецца больш выгаднай, чым у іншых пастаўшчыкоў, мы, канечне, набудзем там. Калі ж мясцовы прадпрымальнік прапануе цану меншую ці такую ж, то з задавальненнем возьмем сыравіну ў яго. Мы заўсёды імкнёмся падтрымліваць тутэйшых вытворцаў, і гэта, як правіла, выходзіць для нас больш выгадна.
— Што чакае фірменны магазін?
— Плануем пашырыць памяшканне, аб’яднаўшы яго з пунктам прахадной, які, у сваю чаргу, пабудаваць асобна. У сталіцы ў нас ёсць вялікі аптовы склад харчовых прадуктаў, таму маем магчымасць прадаваць тут танныя тавары. Словам, зрабіць магазін нізкіх цэн. Такім чынам, жыхары раёна змогуць набываць, акрамя прадукцыі кансервавага завода, яшчэ і іншыя прадукты харчавання па аптовым кошце.