Дарожны кругаварот

Філіял КУП “Магілёўаблдарбуд” — “ДРБУ № 199” паспяхова справіўся са справамі, якія былі прадугледжаны бізнес-планам на першае паўгоддзе. Дарожнікі займаліся добраўпарадкаваннем прылягаючых тэрыторый здадзеных летась шматпавярховых жылых дамоў у горадзе, ямачным рамонтам і многім іншым, неабходным для бяспечнай і зручнай эксплуатацыі дарожнай інфраструктуры.
Працуючы рытмічна, зладжана і напружана — напрыклад, устаноўка, якая прымяняецца для таго ж ямачнага рамонту асфальтавага пакрыцця, з красавіка працуе без выхадных — калектыў прадпрыемства атрымаў нядрэнныя прыбыткі. Аб гэтым красамоўна сведчыць самы аб’ектыўны індыкатар эканамічнага “здароўя” кожнага суб’екта гаспадарання — узровень заробкаў персаналу. У чэрвені ў сярэднім па ДРБУ ён склаў каля 5,3 мільёна рублёў.
Аднак у дарожнай справе, як і ў сельскай гаспадарцы, “летні дзень год корміць”, таму кіраўніцтва ўпраўлення актыўна шукае дадатковыя — падрадныя — заказы. I тут ДРБУ добра пашанцавала: сёлета паслугі спецыялістаў-дарожнікаў востра запатрабаваны адразу на двух буйных аб’ектах, “прапісаных” на тэрыторыі раёна. Гэта — ваенны палігон “Рэпішча”, дзе набліжаецца да завяршэння маштабная рэканструкцыя дарожнай сеткі, і наш СЗАТ “Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод”, які нарэшце выйшаў на тую стадыю развіцця, калі добраўпарадкаванне вытворчай зоны вызначаецца як першапачатковая справа.
Нядаўні выйгрыш гэтых тэндараў азначае, што за бліжэйшыя два месяцы дарожнае рамонт-на-будаўнічае ўпраўленне павінна будзе толькі на гэтых “пляцоўках” выканаць работы агульным коштам каля 5 мільярдаў рублёў! Па словах начальніка ДРБУ № 199 Уладзіміра Князевіча, выканаць узятыя на сябе абавязкі дарожнікі здолеюць, але дасягнуць поспеху ім будзе дастаткова складана. Чаму? Есць шэраг “вузкіх” месцаў у аргані-зацыі вытворчага працэсу і тэхнічным забеспячэнні, якія давядзецца ўвесь час трымаць пад жорсткім кантролем.
Найбольшы клопат выклікае “прапускная здольнасць” асфальтавага завода, які з-за зношанасці электраабсталявання даволі часта прыпыняе работу на суткі і больш. Патрабуе вялікай увагі і рацыянальнае расходаванне рэсурсу магутнага асфальта-ўкладчыка. Гэтая складаная машына мае капрызны “нораў” і надзейна працуе толькі пры дакладным выкананні інструкцыі па эксплуатацыі. Калі ж пачынае “баставаць”, то даводзіцца выклікаць наладчыкаў з Мінска. Спецыялістаў патрэбнай кваліфікацыі ў краіне можна пералічыць на пальцах…
Паколькі выкананне падрадных работ патрабуе ўкладкі 3,5 тысяч тон асфальту ў самыя сціслыя тэрміны, тройчы на тыдзень трэба арганізоўваць паездку 20-тоннага аўтапоезда-бітумавоза ў Мазыр. Сам па сабе такі рэйс не ўяўляе нічога незвычайнага, калі б не адно але: напружаны рытм ні пры якім форс-мажоры не можа быць парушаны. Гэта азначае, што машына павінна працаваць, як гадзіннік, а вадзіцель — рабіць усё магчымае, каб не трапіць у ДТЗ.
Зразумела, канцэнтрацыя тэхнікі і персаналу на прыярытэтных накірунках не азначае, што работы на аб’ектах, якія фінансуюцца з дзяржбюджэту, перахо-дзяць у разрад другарадных. За ДРБУ застаецца яшчэ два нядаўна здадзеныя ў эксплуатацыю шматкватэрныя дамы, дзе на працягу бліжэйшых тыдняў трэба давесці да ладу прылягаючую тэрыторыю, і каля 20% дарожнай сеткі раёна, якая патрабуе планавага рамонту. З гэтымі задачамі дарожнікі таксама плануюць справіцца, а вось што тычыцца стану дарог, то тут трэба дзейнічаць на перспектыву. Цяжкая зімоўка — самая складаная за апошнія 30 гадоў — не толькі моцна пашкодзіла асобныя ўчасткі асфальту, але і адмоўна паўплывала на трываласць цвёрдага пакрыцця ў цэлым. Асабліва моцна гэты ўплыў адчулі старыя дарогі, якія цяпер можна выратаваць ад хуткага разбурэння толькі так званым рамонтам картамі — поўнай заменай праслабленых участкаў. Каштуе падобнае не танна, таму прадугледжаныя на ўвесь год “рамонтныя грошы” — 4 мільярды рублёў — дарожнікі ўжо даўно асвоілі, узнавіўшы роўна 8.000 квадратных метраў сапсаванага палатна. Усё добра, ды толькі нават па самых сціплых разліках “картавую рэанімацыю” сёлета неабходна абавязкова правесці яшчэ на такой жа плошчы.
Дзмітрый САЎРЫЦКI.