Асіповічыгазбуд асвойвае новыя тэрыторыі

Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Асіповічыгазбуд” імкнецца, каб у спрыяльны сезон было як мага больш рабочых аб’ектаў, на якіх чакаюць іх прафесіяналізм.
— Аксіёма простая: ёсць работа — будуць і заробкі, — гаворыць прараб прадпрыемства Валерый Няхайчык. — Прычым кожны з 80 чалавек калектыву гатовы працаваць нават звышурочна, калі гэтага патрабуюць абставіны.
У гэтым лёгка ўпэўніліся, калі разам з ім пад’ехалі на аб’ект, дзе шчыраваў адзін з лепшых работнікаў арганізацыі машыніст ПЗМ Віктар Ломаць. Ён быў заняты засыпкай траншэі, у якую за-кладваўся газаправод.
— Рабочы дзень скончыўся. Дамоў не спяшаецеся? — пытаюся ў Віктара.
— Працэс патрабуе лагіч-нага завяршэння, інакш нельга, — адказаў ён, не задумваючыся. — Іншы раз прыходзіцца затрымлівацца на рабоце і пазней вяртацца дахаты — спецыфіка працы такая. Дома да такога графі-ку ставяцца з разуменнем. Наогул жа, справа, якой займаюся, мне падабаецца. Ды і калектывам даражу — разам ужо каля 10 гадоў. Акрамя таго, што ўсе прафесіяналы, дык яшчэ і кожны гатовы прыйсці на дапамогу ў цяжкую хвіліну. Плюс, не на апошнім месцы для чалавека і заробак. У нас ён ня-дрэнны — у сярэднім складае прыблізна 7 мільёнаў рублёў.
Даражаць рабочым месцам і мантажнік Юрый Спірыдонаў, і зваршчык Уладзімір Мельнік. Яны заняты зараз капітальным рамонтам адной з кацельняў горада, дзе вядуць замену неэканамічных катлоў на катлы, што працуюць на мясцовых відах паліва. У “Асіповічыгазбудзе” робяць таксама не першы год. Свае абавязкі выконваюць дасканала, ім давяраюць самыя складаныя ўчасткі. Побач набіраецца вопыту Аляксей Малаковіч — студэнт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсі-тэта, які ўжо другое лета працаўладкоўваецца сюды падчас канікул. Дарэчы, яго будучая прафесія звязана са спецыфікай дадзенага прадпрыемства.
— Прымаюць тут, як свайго, — гаворыць хлопец. — Ды і мне карысць. Па-першае, ёсць магчымасць набыць практычныя навыкі і ўменні, па-другое, заробленыя грошы будуць дарэчы на пачатку навучальнага года, каб, напрыклад, абнавіць гардэроб. Ды і на іншыя патрэбы, думаю, хопіць.
— Работай маладога чалавека задаволены, — пад-ключыўся да размовы Валерый Аляксандравіч. — Адказны, ініцыятыўны, лёгка ідзе на кантакт. Не цураецца ніякай працы. Упэўнены, што і на наступны год Аляксей прыйдзе да нас — рабочыя рукі, асабліва ў летні перыяд, патрэбны прадпрыемству. Падаецца, што ў далейшым з яго атрымаецца добры спецыяліст. Наогул жа, арганізацыя пастаянна прыцягвае на летні перыяд жадаючых папрацаваць. На жаль, не заўсёды сярод іх трапляюцца талковыя. Але бываюць выпадкі, калі ўладкаваўшыся часова чалавек заваёўвае давер і застаецца на пастаянную працу.
— Дзе яшчэ заняты вашы людзі?
— Вядзем работы як у раёне, так і за яго межамі. Працягваем шчыраваць на будаўніцтве 80-кватэрнага жылога дома па завулку Чарняхоўскага ў горадзе, выконваем сантэхнічныя работы. Тым жа заняты і на фермах у “Новым шляху” і “Каўгарскім”. Дапамагаем установе па захаванасці матэрыяльных каштоўнасцей “Маяк” у мадэрнізацыі прадуктаправода. Не абыходзіцца без нас і на будаўніцтве цепла-трасы ў межах вуліц Чарняхоўскага і Крыловіча. Сярод немясцовых заказчыкаў — ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь”, “ДБУ № 1 г. Рагачоў”, “Мінскаблгаз”, “УКБ Беразіно”.
— Як спрацавалі за студзень-чэрвень?
— Выканана работ амаль на 17 мільярдаў рублёў. Здадзена ў эксплуатацыю каля 9 кіламетраў інжынерных сетак.
— Як стымулюеце работнікаў?
— Падтрымліваем і добрым словам, калі чалавек заслугоўвае, і рублём. Ка-рыстаемся такой праверанай сістэмай, як каэфіцыент працоўнага ўдзелу. Папрацаваў чалавек з душой — атрымай заслужаную ўзнагароду. Інакш і нельга — трэба цаніць людзей, асабліва пры цяперашнім дэфіцыце рабочых рук.
Ніна ВІКТОРЧЫК.
Фота Ніны ЦАРЫК.