На апошняй сельгаснарадзе з разглядам формы-24, якая прайшла ў аўторак, была падведзена канчатковая рыса пад вынікамі работы ў жывёлагадоўлі за 2011 год. Старшыня райвыканкама Пётр Шукаловіч адзначыў, што гэты перыяд быў не асабліва плённым: насупраць усіх асноўных паказчыкаў — а гэта вытворчасць малака, яго рэалізацыя, сярэдні ўдой ад каровы — стаіць знак “мінус”.
Возьмем хаця б апошні. Летась ад кожнай каровы ў гаспадарках раёна атрымалі па 4.761 кілаграму малака — на 444 менш, чым за аналагічны паказчык 2010 года. Прычыны? Iх шмат. Многія сельгаспрадпрыемствы наракалі на якасць кармоў. Што ж, час пакажа, ці толькі ў кармах справа. Тым больш, што за мінулы сезон у дастатку нарыхтавана добрых кармоў, хапае зараз і канцэнтратаў. Значыць, можна чакаць прыбавак? Не варта забываць, што на малако ўплывае і распарадак дня, і выкананне рацыёнаў, і санітарныя ўмовы.
Кіраўнік раёна пад-крэсліў, што да жывёлы трэба ставіцца беражліва, не дапускаць невытворчага выбыцця кароў. Невыкананне “мяса-малочных” планаў не зусім зразумелае яшчэ і таму, што раён добра ўкамплектаваны спецыялістамі. Гаварыў старшыня райвыканкама і аб мадэрнізацыі малочнатаварных ферм, рамонце тэхнікі і размеркаванні пасяўных плошчаў. Варта аддаць сёлета больш увагі прадукцыйнасці сенажацей і пашаў. Словам, трэба, каб было больш аддачы ад працы, а сама работа стала больш арганізаванай, мэтанакіраванай і якаснай.
На гэты раз вырашылі наведаць некалькі ферм розных гаспадарак. Першым аб’ектам стала МТФ “Паплавы” ААТ “Пратасе-вічы”. Асноўная заўвага, якая тут была зроблена, — скапленне гною на выгульнай пляцоўцы. Сельгаспрадпрыемству дадзена некалькі дзён на ліквідацыю недапрацовак. Наогул, зараз гаспадарка перажывае складаныя часы: у хуткім часе “Пратасевічы” будуць рэарганізаваны і далучаны да ААТ “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне”. I сёння важна, каб працэс гэты прайшоў планамерна і без усякіх “сюрпрызаў”.
Пабывалі на МТФ у Крынцы калгаса “Каўгарскі”. Тут санітарныя ўмовы створаны належныя, аднак важкіх падстаў хваліц-ца прадукцыяй ферма не мае.
У СВК “Калгас імя Чарняхоўскага” наведалі два сельгасаб’екты — у Заняцеччы і ў Дрычыне. На першай ферме для ўтрымання жывёлы прыстасавана памяшканне для захавання сена, і гэта дазволіла пазбегнуць скучанасці жывёлы. Ёсць тут над чым папрацаваць у плане захавання старых пабудоў.
Нядрэннае ўражанне пакінула ферма ў Дрычыне. Аднак таксама хацелася б, каб ад яе была большая аддача. У гаспадарцы ўсё яшчэ самыя нізкія надоі — за мінулы год тут надаілі 3.182 кілаграмы ад каровы, тады як філіял “Белшына-агра” ААТ “Белшына”, напрыклад, атрымаў 5.841 кілаграм. Праўда, і там не абышлося без мінуса.
“Мы і надалей будзем імкнуцца наведваць менавіта аддаленыя невялікія фермы, — падкрэсліў начальнік райсельгасхарчу Міхаіл Поклад. — Па іх стане і можна дакладна вызначыць, як рэальна ідуць справы ў гаспадарцы”.
На пленарным пася-джэнні агучылі шэраг задач на 2012 год. Адказ трымалі гаспадаркі, якія “цягнуць” раён назад. “Лапічы” тлумачылі, чаму ў калгасе ўжо каторы месяц жывёла мае нізкія прывагі. Так, за снежань штодня свінні прыбаўлялі ўсяго па 280 грамаў. Аказваецца, сярод гадаванцаў распаўсюджаны за-хворванні. У “Карытным” з-за неналежнага ўтрымання буйная рагатая жывёла ў мінулым месяцы за суткі плюсавала толькі па 372 грамы — на 246 менш, чым за адпаведны леташні перыяд! “Ясень” трымаў адказ не толькі за малако, але і за тое, што мінулым жнівом не змог нарыхтаваць свайго насення. I гэта пры тым, што сёлета перад раёнам стаяць грандыёзныя планы — атрымаць 40 тысяч тон збожжа…
Безумоўна, на нарадзе, дзе былі сабраны кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак, старшыні сельсаветаў і прадстаўнікі іншых зацікаўленых арганізацый-партнёраў, аказаліся закранутымі не толькі пытанні жывёлагадоўлі. Прыйшоў час не проста запісваць пастаўленыя задачы ў блакнот, але і неадкладна прыступаць да іх рашэння.
За 2011 год у раёне:
Вытворчасць малака — 333.457 цэнтнераў (-7.396) — 97,8%.