Нагоды ў насельніцтва завітаць у гэтую ўстанову бываюць самыя розныя: занядужала жывёліна ў хляве або хатні гадаванец, пакусаў сабака ці нават лясны насельнік (літаральна днямі мужчына з Убалацця стаў ахвярай куніцы), патрабуецца ветагляд перад продажам кабанчыка на рынку, на паляванні сабака пацярпеў ад дзіка…
Размова пра работу ветэрынарна-санітарнай установы “Асіповіцкая райветстанцыя”, якая, дарэчы, па выніках 2011 года стала лепшай на Магілёўшчыне. У яе структуру ўваходзяць райветстанцыя, райветлабараторыя, гарадская ветэрынарная лячэбніца, лабараторыя ветсанэкспертызы на рынку, дзве ўчастковыя ветлячэбніцы. Пералічыць шматлікія функцыі, якія выконвае райветстанцыя, проста немагчыма — настолькі шырокі спектр яе работы. А вось на самым цікавым можна спыніцца.
Зімою была праведзена вакцынацыя дзікай жывёлы. Скажаце, якім чынам гэта можна зрабіць? Спецыяльныя планшэты з вакцынаю раскладаюцца ў найбольш “папулярных” звярыных месцах. Мерапрыемства праводзілася сумесна і за сродкі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Як расказала галоўны ветурач раёна Ганна Алёхна (на здымку), якая ўзначальвае ветстанцыю з 2008 года, нярэдка менавіта дзікія жывёлы нясуць пагрозу, і яркі пры-клад таму — даволі складаны ў плане барацьбы з шаленствам мінулы год. Апошнія даследаванні паказваюць, што патэнцыяльную рызыку ў распаўсюджванні класічнай чумы свіней нясуць дзікі, якіх, дарэчы, у нашых лясах водзіцца каля паўтары тысячы.
Значную частку работы райветстанцыі складае аб-слугоўванне сельгаспрад-прыемстваў раёна, прычым не толькі тых, дзе няма ветслужбы. У час наведвання ветстанцыі якраз сустрэліся з брыгадай, якая ездзіла ў СВК “Калгас “Каўгарскі” браць кроў у кароў на лейкоз, і заадно зрабіла там пробы на захворванне туберкулёзам. Дарэчы, усе гэтыя маніпуляцыі — фізічна складаная работа: трэба пэўным чынам “зафіксаваць” кожную карову, правільна ўзяць у яе аналіз. Калі рагуля хаця б наступіць на нагу, мала не пакажацца, не кажучы ўжо пра іншыя неспадзяваныя “выбрыкі”. За адзін выезд брыгада можа ўзяць некалькі соцень проб крыві, а такія рэйды бываюць амаль штодня…
Аказвае дапамогу гаспадаркам ветстанцыя і ў складанні рацыёнаў кармлення жывёлы. Так, комплексны біяхімічны аналіз крыві выяўляе, якіх рэчываў не хапае. Даследуецца ў лабараторыі і корм. Рознабакова збалансаваўшы “меню”, можна эфектыўна паправіць сітуацыю.
Ёсць у ветстанцыі і свая доследная гаспадарка: марскія свінкі, крысы, трусы і баран. На гэтых жывёлах ставяцца дыягназы на інфекцыйныя захворванні.
Якія змяненні чакаюцца тут у бліжэйшы час? З абласнога бюджэту выдзелена 400 мільёнаў рублёў на набыццё аўтамабіля ДУК — дэзустаноўкі Камарова, а з раённага — 69 мільёнаў на легкавую спецмашыну. Дадатковыя тэхнічныя магчымасці дазволяць функцыянаваць на новым якасным узроўні.
Хоць работа ў ветслужбы нялёгкая, але цікавая — інакш моладзь не заставалася б пасля абавязковага тэрміну адпрацоўкі. Нямала тут людзей, якія аддалі ветстанцыі не адзін дзясятак гадоў: ветсанітар Таццяна Гара-дзецкая, вядучы ветурач-серолаг Людміла Быліна, намеснік галоўнага вет-урача Мікалай Масюкоў, загадчыца лабараторыі ветсанэкспертызы Зоя Масюкова, ветурач Валянціна Кулакоўская, лабарант Галіна Малец. Старанна назапашаныя веды беражліва захоўваюцца і перадаюцца маладым супрацоўнікам. А нядаўна калектыў з энтузіязмам прыступіў да ажыццяўлення прапановы свайго начальніка Ганны Віктараўны напісаць летапіс установы. Думаецца, у ім будзе шмат слаўных старонак.