За мінулы год працаўнікам лакаматыўнага дэпо не сорамна: планавыя паказчыкі выкананы паспяхова. А дзеля таго, каб спраўляцца з вытворчымі заданнямі, трэба мець і граматных спецыялістаў, і наогул дружны калектыў аднадумцаў. І ў дэпо, як сведчыць Валерый Лайшаў, ён ёсць. На пасадзе начальніка Валерый Уладзіміравіч ужо 23 гады, ведае тут усё, як гаворыцца, і ўсіх, і за сказанае слова заўсёды прывык адказваць.
— Сёння ў нас працуе 530 чалавек, з якіх 174 машыністы і 111 іх памочнікаў, — расказаў кіраўнік. — Узрост першых вагаецца ў межах 40-50 гадоў, другіх — ад 18 да 30. І яны, і наогул абсалютная большасць — людзі надзейныя, справу ведаюць дасканала, усё даручанае выконваюць з належнай адказнасцю. Ды і кіраўніцтва са свайго боку стараецца рабіць усё, каб работнікі павышалі сваю кваліфікацыю, удасканальвалі майстэрства. Сёння ў Белдзяржуніверсітэце транспарту завочна вучыцца 22 дэпоўца, яшчэ 6 — у тэхнікумах.
Тых, хто выдатна працуе, у нас багата, а адсюль і вынікі. За год, да прыкладу, маем значную эканомію паліва-энергетычных рэсурсаў. Машыністы электравозаў сэканомілі на 27 мільёнаў рублёў электраэнергіі — і тут добрым словам трэба найперш успомніць Сяргея Вашчанку, Сяргея Падгорнага і Аляксандра Пяшко; эканомія дызпаліва склала 294 мільёны — тут наперадзе Уладзімір Мельнік, Міхаіл Дземідовіч і Анатоль Века. Паказчык перавозак — 104,8%, прадукцыйнасць лакаматыва — 100,3%, яго прабег — 102,9%. Летась нашы машыністы правялі 40.078 грузавых паяздоў, тады як у 2009 годзе — 35.925.
Даход ад рэалізацыі прадукцыі, работ, паслуг у дэпо перавысіў 49,7 мільярда — 110,5%, рэнтабельнасць склала 3,5%, прыбытак за год — амаль 1,7 мільярда рублёў, чысты — 40 мільёнаў.
Карацей, лічбаў можна прыводзіць багата, і за кожнай з іх заўсёды трэба бачыць чалавека працы. І мы ганарымся, што знакам “Выдатнік Беларускай чыгункі” ўзнагароджаны машыніст-інструктар Аляксандр Ефімовіч і па выніках года атрымаў падзяку начальніка дарогі Эдуард Дзенісенка, што маем чатыры працоўныя дынастыі, якія ўжо перавысілі векавы рубеж: 141 год адпрацавалі ў дэпо Задолі, 127 — Фядосавы, 118 — Сікорскія, 102 — Грыцаевы, што ёсць такія выдатныя работнікі, як машыністы дызель-цягнікоў Васіль Чаропка, Вацлаў Весялоўскі і многія другія. З такімі людзьмі і рабіць прыемна, і вызначаныя задачы вырашаюцца паспяхова.