У раёне вядзецца сур’ёзная работа па энергазберажэнні, укараненні эфектыўных тэхналогій і абсталявання, забеспячэнні стабільнага зніжэння ўжывання паліўна-энергетычных рэсурсаў. Значная ўвага гэтаму пытанню надаецца калектывам УКП ЖКГ, які ўжо амаль 15 гадоў узначальвае Леанід Сцяпанавіч Змачынскі. Выкананне Дырэктывы № 3 Прэзідэнта краіны тут ідзе адразу ў некалькіх накірунках: пераход на мясцовыя віды паліва, замена абсталявання на больш эканамічнае, строгі кантроль за спажываннем электраэнергіі…
Як правіла, па працы і пашана: летась — другія ў вобласці, па выніках 2010 года — пераможцы раённага спаборніцтва за лепшыя паказчыкі ў галіне эканоміі і беражлівасці.
У першую чаргу гэтага ўдалося дасягнуць, дзякуючы якаснаму рамонту і мадэрнізацыі кацельнага абсталявання і цепласетак — самага слабага звяна цеплаперадачы. Дарэчы, замену іх на так званыя ПІ-трубы наша ЖКГ самастойна праводзіць ужо доўгі час. Толькі ў мінулы год на мадэрнізацыю цеплаабсталявання тут затрачана 1.916,7 млн. рублёў.
Тым не менш, як запэўніў кіраўнік, раённымі камунальнікамі не ўсе рэзервы ў гэтым накірунку яшчэ выкарыстаны, працэс замяшчэння імпартуемых цепланосьбітаў мясцовымі відамі паліва будзе працягвацца і сёлета. І на бліжэйшы час па праграме энерга-зберажэння запланавана аб’ёмная рэканструкцыя абсталявання на кацельні “Маяк”.