Што аб’ядноўвае жывёлаводаў з СВК “Калгас “Ясень” Тэзегюль Губадаву і Алега Сідаровіча? Тое, што гэтыя працаўнікі ніколі не шкадавалі аб сваім лёсе, звязаным з калгаснай фермай. Тэзегюль, або Таццяна, як яе завуць на працы, робіць у Ясені, Алег — на комплексе ў Заельніку. А яшчэ — высокая выніковасць справы, якой яны займаюцца.
Абое — з кагорты лепшых жывёлаводаў раёна. Напрыклад, за мінулы год Тэзегюль на дарошчванні маладняку дабілася сярэднясутачных прываг бычкоў і цялушак у 852 грамы, а жывёла на адкорме ў Сідаровіча штодзень прыбаўляла па 816 грамаў. Губадава лічыць, што з увядзеннем, як параілі спецыя-лісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, новага метаду кармлення БРЖ можна хутчэй дасягнуць больш высокіх прыбавак у вазе цялят. Ну і яшчэ, канечне, не апошнюю ролю маюць адносіны да працы, да сваіх гадаванцаў.
З вяскоўцамі заўсёды цікава пазнаёміцца бліжэй. Тэзегюль сама з сонечнага Баку. На Беларусі жыве ўжо 22 гады, у тым ліку з 2003 года — у Ясені. Чаму вырашыла пераехаць менавіта ў нашу рэспубліку? Сваякі падказалі, што тут створаны добрыя ўмовы: абстаноўка спакойная, ёсць магчымасць працаўладкавацца, атрымаць жыллё. Так яно з цягам часу і выйшла, новыя карані пушчаны ў Ясені. У Асіповічах жа ўладкаваны сын, падрастае маленькая ўнучка Ангелі-нка.
Не стаяла праблемы выбару перад Сідаровічам: ён — хлопец мясцовы, мяняць Асіповіччыну на нейкі іншы рэгіён не збіраўся. Пасля завяршэння вучобы ў школе паступіў у Асіповіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 8. Атрымаў спецыяльнасць трактарыста-машыніста, уладкаваўся ў свой калгас механізатарам, потым перайшоў працаваць на ферму. У прынцыпе, работа задавальняе: пастараешся — і вынікі не застаўляюць сябе чакаць. А калі ты малады, многае яшчэ наперадзе.
Днямі гаспадарку наведала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Святлана Сідарэнка, каб падзякаваць ясенскім жывёлаводам за іх шчырую працу. Губадава і Сідаровіч атрымалі Па-дзячныя лісты і грашовыя прэміі.