Калгасны справаздачна-выбарны сход — падзея заўсёды важная. Прычым, не толькі для працаўнікоў сельгаспрадпрыемства, але і для мясцовага насельніцтва: калгас — гэта вось, вакол якой круціцца ўсё сельскае жыццё. На парадку дня ў СВК “Бярэзіна” было некалькі пытанняў: аналіз зробленага, зацвярджэнне гадавой справаздачы за 2010 год і бізнес-плана на 2011 год і іншыя.
Галоўны эканаміст Валянціна Бурачэўская ў сваім дакладзе паведаміла, што асноўны кірунак дзейнасці гаспадаркі — малочна-мясны. У агульным аб’ёме рэалізацыі выручка ад продажу прадукцыі жывёлагадоўлі склала 85,9%, у тым ліку ад рэалізацыі малака — 67,3%. За 2010 год на 100 гектараў сельгасугоддзяў атрымана 94,5 цэнтнера мяса і 1.031,4 ц малака, тады як у сярэднім па раёне апошняя лічба складае 750; валавой прадукцыі — на 3.159 мільёнаў рублёў — 100,8% да ўзроўню папярэдняга года. Чысты прыбытак “Бярэзіны” адпавядае 181 мільёну, агульная рэнтабельнасць — 6,6%.
Са станам спраў у СВК знаёмілі і іншыя галоўныя спецыялісты. Так, галоўны інжынер Максім Бондар паведаміў, што ў сельгаспрадпрыемстве ў наяўнасці 12 трактароў, адзін з якіх — энерганасычаны. Ёсць да яго і ўсе неабходныя агрэгаты. Начальнік райсельгасхарчу Міхаіл Поклад пад-крэсліў, што трэба больш уважліва ставіцца да арганізацыі работы “Беларуса” — ён павінен быць аптымальна задзейнічаны. Не варта забываць, што за ўзятую ў лізінг тэхніку трэба разлічвацца, значыць, яна па-вінна як мага хутчэй сябе акупіць і прыносіць прыбытак.
Галоўны аграном Галіна Шахно прааналізавала прычыны, што паўплывалі на леташнюю ўраджайнасць, якая пры параўнальна высокай для раёна “бярэзінскай” бальнасці глебы — 33,4 — была нізкай — 20,1 цэнтнера з гектара. Падвяло азімае трыцікале: поле давялося перасяваць. Ды і іншыя культуры з-за спякотнага надвор’я не ўрадзілі, хаця ўсе неабходныя мерапрыемствы па хімпраполцы, падкормцы былі выкананы. Міхаіл Віктаравіч нагадаў, што прынята праграма “Чыстыя палі”, якая падразумявае ачыстку ворнай зямлі ад дробнага кустоўя, адзіночных дрэваў, пашырэнне плошчаў. У “Бярэзіне” якраз ёсць значны на-дзел каля аднаго з урочышч, які трэба разараць. Хацелася, каб гаспадарка сёлета, улічваючы пралікі мінулага года, мела больш важкі колас.
Галоўны бухгалтар Іна Трухановіч агучыла не толькі шматлікія лічбы, але і прозвішчы лепшых працаўнікоў, якія прэміраваны за сваю руплівасць. Гэта механізатары Уладзімір Епіфанаў і Мікалай Голад, вадзіцель Аляксандр Бодрусеў, токар Яўгеній Голубеў, інжынер-электрык Віталь Сямёнаў, загадчык майстэрань Сяргей Вішнякоў, галоўны інжынер Максім Бондар, брыгадзір будаўнічай брыгады Дзмітрый Лебедзеў і рабочы Ілля Рапалаў, лабарантка Марыя Федаровіч, загадчыцы ферм Людміла Галацэвіч, Галіна Лебедзева і Алеся Кунцэвіч. Ва ўнутрыкалгасным спаборніцтве лепшай прызнана МТФ “Чучча”.
Было і асаблівае пытанне, вынесенае на пасяджэнне, — выбары новага старшыні калгаса. Іван Кандратовіч, які да нядаўняга часу ўзначальваў гаспадарку, падаў заяву з просьбай вы-зваліць яго ад займаемай пасады — здароўе і ўзрост бяруць сваё, — на што калгасны сход даў згоду. Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання пад-крэсліў, што Іван Іванавіч унёс значны ўклад у развіццё “Бярэзіны”: калгас стаў адным з лепшых. Асабліва добрыя вынікі дасягнуты ў жывёлагадоўлі, вялося будаўніцтва, адбылося пераабсталяванне ферм, значна палепшыліся там санітарныя ўмовы. Узрасла сярэднямесячная зарплата працаўнікоў да 740 тысяч рублёў.
За прапанаваную кандыдатуру Дзмітрыя Міхалёва, галоўнага спецыяліста аддзела раслінаводства райсельгасхарчу, прагаласавалі аднагалосна, новы старшыня ў той жа дзень прыступіў да выканання сваіх абавязкаў. Поспехаў яму на нялёгкім і вельмі важным шляху.