Летась раён заняў першае месца ў вобласці па вырошчванні цукровых буракоў, і гэта гаворыць аб тым, што працаваць з дадзенай культурай на Асіповіччыне ўмеюць. Аднак нельга адмаўляць і тое, што папоўніць свае веды ў пэўным кірунку ніколі не бывае лішнім. І тут немалую карысць прыносіць супрацоўніцтва з бельгійскай фірмай “SESVANDERHAVE”, чыё насенне буракоў ужо не адзін год выкарыстоўваюць нашы сельгаспрадпрыемствы.
У мінулую пятніцу раён у чарговы раз наведаў кіраўнік прадстаўніцтва фірмы Мікалай Русак, каб правесці на базе СВК “Калгас “Авангард” “палявыя” заняткі з інжынерамі, аграномамі і механізатарамі гаспадарак, якія задзейнічаны на сяўбе салодкіх караняплодаў. Спецыяліст расказаў аб тэхнічных і агранамічных сакрэтах вырошчвання цукровых буракоў — падрыхтоўцы глебы, унясенні розных удабрэнняў, пасадцы, падкормцы, абароне ад пустазелля.
Штогод тэхналогіі вырошчвання становяцца ўсё больш дасканалымі. Русак прапанаваў асіповіцкім аграрыям звярнуць увагу на такія новыя гатункі, як “вердзі” — доля цукру ў гэтага гібрыда даходзіць да 20%, “скаўт”, які на землях Брэстчыны даў ураджайнасць каля 1.000 цэнтнераў з гектара. Дарэчы, “здаваць экзамен” некаторыя гаспадаркі сталі ўжо ў выхадныя, прыступіўшы да сяўбы буракоў.
А пасадзіць гэтай культуры плануецца сёлета каля паўтары тысячы гектараў. Самыя значныя плошчы пад караняплоды адведзены ў філіяле “Белшына-агра” ААТ “Белшына” — 600 гектараў, “Чырвоным ударніку” — 200, “Каўгарскім” — 180. Перад сельгаспрадпрыемствамі стаіць задача атрымаць на круг не менш за 600 цэнтнераў буракоў, і для гэтага давядзецца прыкласці нямала шчырай працы.
Што тычыцца ходу сяўбы ранніх яравых зерневых і зернебабовых, то на ўчарашнюю раніцу раён засеяў амаль палову — 45% ад запланаваных плошчаў. 80% значыцца ў аператыўнай зводцы па СВК “Калгас імя Чарняхоўскага”, больш за 60 — у “Лапічах”. Як падкрэсліла першы намеснік началь-ніка райсельгасхарчу па раслінаводстве Ганна Яцко, многім гаспадаркам варта ўзяць больш высокія тэмпы палявых работ.