Чыгунку часцяком называюць і крывяноснай сістэмай, і дзяржавай у дзяржаве. Ці не перабольшванне гэта? Наўрад. Бо не сакрэт, што якраз на гэту галіну прыпадае асноўная колькасць дастаўляемых у патрэбнае месца і грузаў, і пасажыраў. Як не сакрэт і тое,што менавіта на чыгунцы традыцыйна захоўваюцца належны парадак і стабільнасць.
Тут няма галоўных і другарадных прадпрыемстваў — ад надзейнасці кожнага залежаць рытм і дакладнасць работы ўсяго вялізнага механізму. Каардынуе ж дзейнасць усіх службаў па забеспячэнні рытмічна-бяспечнага руху транспарту, ахове працы і г.д. на нашым вузле станцыя Асіповічы.
Сёння тут 360 чалавек, калектыў параўнальна малады і творчы, усе працуюць іменна ў адной запрэжцы, многія вучацца ў вышэйшых навучальных установах, знаходзячы ў гэтым плане падтрымку ў кіраўніцтва. І без розніцы, хто і на якой пасадзе, — людзі перажываюць за вынік працы, стараюцца як можна лепш выконваць свае абавязкі.
Адзін з самых галоўных паказчыкаў работы станцыі — своечасовае адпраўленне грузавых і пасажырскіх цягнікоў, электрычак і дызеляў. І калі ўсё ідзе па графіку, то гэта і ёсць сведчанне зладжаных дзеянняў працаўнікоў.
Вось толькі некалькі лічбаў. За студзень-чэрвень пагрузкі народнагаспадарчых грузаў тут адпавядаюць 292 тысячам тон — 100,7%. Праўда, аб’ёмны паказчык ад-праўленых вагонаў выкананы толькі на 93,6% — замест 286 тысяч па маршруце пайшло 267.739 вагонаў. Але хіба вінавата наша станцыя ў тым, што з мая скарацілася колькасць перавозак? Выручка ад рэалізацыі тавараў, прадуктаў, работ і паслуг перавысіла 5,3 мільярда рублёў — 109,5% да бізнес-плана з ростам да такога ж перыяду летась на 34,6%. Сабекошт рэалізаванай прадукцыі — амаль 4,6 мільярда (100,5%), па асноўнай дзейнасці прыбытак па рэалізацыі — 730 мільёнаў (148,1%), чысты прыбытак — 10 мільёнаў, узровень рэнтабельнасці — 16%, за 6 месяцаў прадалі 455 тысяч білетаў, аказалі платных паслуг ледзь не на 2,5 мільярда рублёў і г.д.
Ёсць цікаўнасць да заробкаў? Калі ласка: сярэдняя зарплата за паўгоддзе — 1 мільён 692 тысячы рублёў.
Як і на кожным прадпрыемстве, на станцыі таксама ёсць свае лідары. Напрыклад, няма прэтэнзій да саставіцеля цягнікоў Пятра Чарткова, які аддаў калектыву ўжо 19 гадоў, манеўровага дыспетчара Валерыя Чарных, завочна скончыўшага тэхнікум чыгуначнага транспарту, старшага рэгуліроўшчыка хуткасці руху вагонаў Алега Ласіцкага, працуючага тут з 2000 года, толькі добрыя водгукі аб працы Святланы Шэбашавай. Не падводзіць і моладзь — білетныя касіры Ала Крэпская, Ганна Вікторчык, Наталля Ахрамчук і Вольга Дзенісевіч, раз’язныя касіры — Валянціна Пінчук, Вольга Бараноўская, Наталля Борыс.
Натуральна, сумленная праца работнікаў кіраўніцтвам станцыі ўсяляк заахвочваецца: яны маюць магчымасць адпачыць у санаторыі-прафілакторыі “Дубравенка”, накіраваць дзяцей у аздараўленчыя лагеры, тут толькі вітаюць тых, хто вядзе здаровы лад жыцця, займаецца фізкультурай і г.д. Дык ці варта здзіўляцца, што бягучасці кадраў ужо не адзін год практычна няма, што людзі адсюль ідуць толькі на заслужаны адпачынак?