Роздум каля малочнай вIтрыны, або Асіпаўчанам — асіповіцкае
Ад чаго залежыць рост цэн на малочную прадукцыю?
Ірына Пятроўская, начальнік планавага аддзела:
— Кошт малочнай прадукцыі залежыць ад выдаткаў на яе вытворчасць. Кошт выдаткаў складаецца з кошту энерганосьбітаў, тара-ўпаковачных матэрыялаў, падаткаў, заработнай платы работнікаў прадпрыемства і адлічэнняў на яе. Аднак асноўным пунктам за-трат з’яўляецца кошт малака — на сёння ён займае ў сабекошце прадукцыі каля 83%. Калі ў студзені 2010 года сярэдняя закупачная цана малака за 1 кілаграм была 810 рублёў, то зараз — 2.750 рублёў. Тэмп росту складае 339,5%, тады як адпускныя цэны на малочную прадукцыю за гэты ж перыяд выраслі толькі на 132%.
Як вынік, за снежань 2011 года прадпрыемствам атрыманы страты ад рэалізацыі прадукцыі на ўнутраным рынку — рэнтабельнасць склала мінус 45,4%. Улічваючы склаўшуюся сітуацыю, з мэтай рэалізацыі прадукцыі на ўнутраным рынку з мінімальнай, але дадатнай рэнтабельнасцю, прадпрыемства вымушана павышаць адпускныя цэны на малочную прадукцыю.
Якія змяненні ў асартыменце адбудуцца ў бліжэйшы час?
Святлана Грэчная, тэхнолаг:
— На паліцах магазінаў з’явіцца малако тлустасцю 3,6%, смятана 26-працэнтная, тварожны прадукт тлустасцю 4%, узбагачаны кальцыем, а таксама 1,5% малако, узбагачанае ёдаваным бялком. На гэтым крыху спынімся падрабязней, бо пакупнікі часта вагаюцца, ці набываць ёдаваныя прадукты.
Для ўзбагачэння малочных прадуктаў выкарыстоўваецца ёдаказеін — аналаг прыроднага злучэння ёду з бялком малака. Рэгулярнае ўжыванне прадуктаў, узбагачаных ёдаваным бялком, нармалізуе ўтрыманне ёду ў арганізме чалавека. А гэта для жыхароў Беларусі аспект немалаважны — такім чынам кожны з нас можа хоць у некаторай ступені паклапаціцца аб сваім здароўі. Ёдаказеін лёгка засвойваецца, лішняя колькасць выводзіцца, не адбываецца назапашвання яго кампанентаў у арганізме. Ёдаказеін не выклікае алергічнай рэакцыі, таму спажыўцы могуць не хвалявацца, што ёдаванае малако можа ім пашкодзіць.
Вас хвалююць смакавыя якасці такога малака? Дарма: ёдаказеін не ўплывае ні на пах, ні на смак, ні на колер. Ад яго толькі карысць.
Чаму ў магазінах маем пераважна малочную прадукцыю ААТ “Асіповіцкі малочны камбінат”?
Алена Казачонак, намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях:
— Яшчэ ў ліпені пакупнікі маглі заўважыць тэндэнцыю да зніжэння прапановы на асіповіцкім рынку такіх малочных магнатаў, як “Бабушкина крынка”, “Савушкин продукт”, “Гормолзавод № 2” і іншых. Гэта звязана з тым, што натуральнамалочная прадукцыя ўжо з лета страціла сваю рэнтабельнасць, яе выпуск стаў справай непрыбытковай. Каб па-ранейшаму задавальняць попыт, даводзіцца працаваць са стратамі. Дарэчы, колькасць заявак на нашу прадукцыю ўвесь час павялічваецца. Для прыкладу: за 22 дні студзеня па гораду Асіповічы ў параўнанні з мінулагоднімі лічбамі заяўкі ўзраслі практычна напалову.
У адрозненне ад іншых пастаўшчыкоў мясцовы малочны камбінат свой горад і раён абавязаны забяспечваць малочнай прадукцыяй, нягледзячы на часовыя страты. Але працяглы час працаваць стратна прадпрыемства не зможа. Акрамя таго, калі цана прадукцыі невысокая, узрастае попыт, ёсць спакуса купіць і перапрадаць танныя прадукты ў суседняй, напрыклад, краіне. Што, напэўна, і адбываецца.
Вы ўсё яшчэ мяркуеце, што прадукцыя ААТ “Асіповіцкі малочны камбінат” дарагая? Заглянем тады ў прадуктовыя гандлёвыя кропкі абласнога цэнтра і сталіцы. Так, у Магілёве, напрыклад, прадукт кефірны тлустасцю 3,2% каштуе 3.530 рублёў (асіповіцкі аналаг — 2.620), смятана 26-працэнтная вагой 400 грамаў — 6.090 (наша, прычым 500 грамаў, — 5.150). У сталічных магазінах цэны на тлустае малако вагаюцца ад чатырох да пяці тысяч рублёў. Дарэчы, літровая бутэлька вады мінеральнай “Мінская” каштуе 3.660, вады пітной “Банаква” — 4.000 рублёў… Параўнаем з малаком?
Да слова. Ёсць яшчэ і такая катэгорыя пакупнікоў, якая заўсёды набывае прадукты мясцовай вытворчасці. Галоўны аргумент у іх такі: тое, што зроблена ў Асіповічах — якаснае і заўсёды свежае. Мяркую, такая пазіцыя самая бяспройгрышная. Для ўсіх.
Валянціна КОРБАЛЬ.