Не так даўно ў магазіне “Беразіна”, які належыць райста, адчыніўся камісійны аддзел, куды можна прынесці рэчы, якія былі ўжо ў карыстанні, але выгляд пры гэтым маюць нядрэнны. Па словах вядучага спецыяліста па гандлі таварыства Алены Мялешкі, адкрыццё аддзела запатрабавана жыццём. Зніжэнне даходаў прымушае многіх правесці рэвізію сваіх антрэсоляў і шафаў і знайсці там мноства амаль новых, але незапатрабаваных рэчаў, якія яшчэ могуць саслужыць верную службу іншым людзям, а гаспадарам — папоўніць сямейны даход. Напрыклад, элегантны касцюм, куплены сыну на выпускны вечар, або дамскія боцікі, якія не падышлі па размеры.
А раптам пашанцуе і нехта імі зацікавіцца?
Перш чым зрабіць такі крок, работнікамі райспажыўтаварыства быў вывучаны вопыт іншых гандлёвых арганізацый, якія вядуць падобны продаж тавараў. У прыватнасці, знаёміліся з работай камісійнага магазіна, што знаходзіцца ў падпарадкаванні ААТ “Гандаль”. Прынцып работы з рэчамі, здадзенымі на камісію, аналагічны: чалавек прыносіць рэч, і з ім заключаецца дамова, у якой агаворваюцца ўсе моманты, звязаныя з яго рэалізацыяй.
— На жаль, прымаецца “на камісію” больш, чым прадаецца, — гаворыць загадчык аддзела Анастасія Чысцякова. — Што знаходзіцца на паліцах і вешалках — у асноўным дзіцячае і жаночае адзенне, невялікі асартымент тавараў для мужчын. Ёсць абутак. Што тычыцца цэн на тавары, то яны фарміруюцца сумесна, каб кожны бок меў ад здзелкі карысць. Невялікі пакуль вопыт паказвае, што прадаюцца тавары, якія ацэнены рэальна. Аднак ёсць выпадкі, калі людзі значна завышаюць кошт здаваемай рэчы, і не пагадзіцца з імі не маем права. У любым выпадку 1% за зберажэнне тавару адыходзіць магазіну, колькі б гэтая рэч ні ляжала на прылаўку. Наогул жа, калі яна прадаецца за лічаныя дні, “камісіёнка” залічвае на свой рахунак пятую частку ад заяўленай сумы. Пры ўмове, што тавар праз 20 дзён не купілі, гаспадар можа або забраць рэч назад, або зноў пакінуць у магазіне. Пры гэтым адбываецца ўцэнка на 20% ад першапачатковай цаны, а яшчэ праз 2 тыдні — на 30% ад ужо ўцэненай сумы.
У райста разумеюць: пры правільна арганізаванай рабоце аддзел можа прыносіць прыбытак. Для гэтага патрэбна добрая рэклама, больш прасторнае памяшканне і добры выбар тавару. “Мы працуем над гэтым”, — заверылі ў райста.