Як прынята, студзень — час падвядзення вынікаў работы за папярэдні год. Якім ён быў для жывёлагадоўлі на Асіповіччыне і аб планах-2011 расказвае першы намеснік начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Алена Кадуш:
— Ужо адышоўшы ў гісторыю 2010 год можна назваць адносна стабільным. Нельга сказаць, што мы зрабілі нейкі прарыў у развіцці жывёлагадоўлі, але заваяваных рубяжоў не страцілі. Больш таго, намеціліся пэўныя прагрэсіўныя тэндэнцыі. I яны тычацца як вытворчасці мяса, так і малака.
У раёне ёсць станоўчы вопыт у мясной жывёлагадоўлі — напрыклад, СВК “Калгас “Ясень”. Тут займаюцца развядзеннем быкоў абердзін-ангусаў, якія адметны хуткім выспяваннем, добрай укормленасцю, іх мяса мае высокую якасць і адпаведна цэніцца, у тым ліку за мяжой. Дзякуючы тонкавалакністаму, не жылістаму мясу, абердзін-ангус заўсёды запатрабаваны як для чыстапароднага развядзення, так і для скрыжоўвання. Справа гэтая ў нас на цяперашнім этапе знаходзіцца ў стане актыўнага развіцця: зараз падрастаюць цяляты-абердзіны ўжо другога пакалення. Вядзецца аналітычная дзейнасць: да-следаванні і параўнальны аналіз, супастаўляюцца вынікі вырошчвання звычайных цялят і абердзін-ангусаў. Зразумела, што займацца апошнімі больш выгадна, калі вы хочаце атрымліваць мяса.
Што тычыцца малака, то з другога паўгоддзя мы пачалі атрымліваць значна большую колькасць “экстры”. Дарэчы, зараз яе закупачная цана 1.210 рублёў за кілаграм, тады як першага гатунку, напрыклад, 965. Вось і лічыце. Гаспадаркі таксама навучыліся лічыць. У лідары па “экстры” выйшлі філіял “Белшына-агра” — 41,6% ад агульнай колькасці здадзенага малака па году, “Авангард” — 33,9%. Зараз жа адпаведныя лічбы значна вышэйшыя. Добра ідуць справы ў гэтым кірунку ў “Лапічах”, “Райаграпрамтэхзабеспячэнні”.
— Якія асноўныя планы на 2011 год?
— У першую чаргу — будаўніцтва малочнатаварных ферм у “Авангардзе”, “Ясені” і “Новым шляху”. У “Карытным” будзе рэканструяваны кароўнік і ўстаноўлена даільная зала — гэта зойме і 2012 год. Адбудзецца перабудова памяшкання пад свінаферму ў Коханаўцы. У рэканструяванай пабудове ў Вяззі з’явяцца “электрамамы”. Дарэчы, мы ўжо пераканаліся, што выкормліваемыя такім чынам цяляты даюць большыя прывагі, ды і сачыць за станам іх здароўя аказваецца прасцей. Што ні кажы, а ўкараненне новых тэхналогій хутка даказвае сваю эфектыўнасць.
— Вы, Алена Васільеўна, на пасадзе намесніка начальніка райсельгасхарчу знаходзіцеся нядаўна, і многім працаўнікам ферм, ды і не толькі ім, цікава будзе крыху бліжэй пазнаёміцца…
— Родам я з суседняга — Бабруйскага — раёна. З дзяцінства марыла стаць урачом. Прычым, мне было не так і важна, каго лячыць у будучыні — людзей ці жывёл: жывое, яно і ёсць жывое. Галоўнае — дапамагаць і бачыць вынік сваёй работы. Мабыць, менавіта таму ёсць схільнасць да розных “лекарскіх” эксперыментаў. У 1999 годзе паступіла ў Віцебскую ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Пасля завяршэння вучобы ў 2004 годзе пачала самастойнае працоўнае жыццё ў “Гіганце”. Потым рабіла па спецыяльнасці ў “Калгасе імя Неўскага”. Гэтыя гаспадаркі па-добраму славяцца на Бабруйшчыне. I хоць адразу цяжкавата было, затое зараз я ўдзячна маім былым кіраўнікам, што многаму навучылі.
У Асіповіцкім раёне з 2009 года. Перад тым, як апынулася ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання, займала пасаду вет-урача ў філіяле “Белшына-агра”. Дзякуючы дружнаму калектыву і разуменню кіраўніцтва працаваць было цікава — нягледзячы на тое, што гаспадарка вялікая і работы заўсёды хапала. Пакуль што сваёй сям’і не маю, і гэтым у поўным сэнсе карыстаюся: стараюся траціць вольны час на паглыбленне ведаў, цікаўлюся прафесійнай літаратурай па заатэхніі і ветэрынарыі. Праца на новым месцы — гэта заўсёды вельмі адказна. Iмкнуся выконваць свае абавязкі як мага лепш, бо разумею, што многае залежыць і ад мяне.