Поспех лёгкім не бывае 26.02.10, № 15-16
“Быць новым здабыткам!” — такімі словамі завяршаўся
матэрыял пра гэтую гаспадарку ў мінулагоднім “злётаўскім” нумары “раёнкі”.
Прагноз спраўдзіўся на ўсе сто: філіял “Белшына-агра” ААТ “Белшына” зноў на
п’едэстале гонару, у шматлікіх намінацыях раённага спаборніцтва сярод
сельгаспрадпрыемстваў за 2009 год лідзіруюць менавіта “белшынаўцы”.
Падчас неаднаразовых паездак у гаспадарку заўважыла
адну асаблі-васць: тут не прынята самалюбавацца, хай пакуль што і
нешматгадовай, але асабістай славай і рознымі дасягненнямі. Галоўнае — сённяшні
дзень.
Што тычыцца мінулага года, то ён выдаўся і
паспяховым, і нялёгкім: дадаткова было ўведзена ў абарот 1.000 гектараў зямлі,
колькасць буйной рагатай жывёлы павялічылася на 1.300 галоў. Вельмі шмат
клопатаў было звязана з увядзеннем у строй новай робатызаванай фермы ў
Вязычыне. Складанасць у тым, што няма ў каго пераняць вопыт, да ўсяго
прыходзіцца даходзіць самім. Гэта, мабыць, той самы выпадак, калі тэхніка
апярэдзіла час: электронныя робаты ўзяты на ўзбраенне, а вось спецыялістаў па
іх абслугоўванні ў нас пакуль што не рыхтуюць. Наогул, адна з актуальных
праблем сельгаспрадпрыемства — недахоп высокакваліфікаваных спецыялістаў, і не
толькі ў дачыненні абслугоўвання электронных “даярак”…
Як лічыць дырэктар філіяла Алег Грышчанка, за мінулы
год адбылося, бадай, самае галоўнае — кожны працаўнік, якіх усяго 400,
навучыўся думаць у адным кірунку, успрымаць “Белшыну-агра” як адно цэлае, а не
проста сінтэз трох складаемых. Асаблівасць работы такога буйнога
сельгаспрадпрыемства ў тым, што нават невялікі промах у чым-небудзь можа
падарваць дзейнасць па ўсіх напрамках. Таму “белшынаўцы” разумеюць, што ім ніяк
нельга дапускаць збояў. І імкнуцца сапраўды гэтае правіла выконваць.
Планы на сёлета хоць і грандыёзныя, але рэальныя:
давесці колькасць дойных кароў на новым комплексе да 720 (пакуль што тут доіцца
крыху больш за 400), для паляпшэння колькасці і якасці малака працаваць над
узнаўленнем статка, шукаць шляхі аптымальнага выкарыстання кармоў, стварэння
неабходных рацыёнаў, павышаць адказнасць людзей за даручаны ўчастак агульнай
справы. У сваю чаргу кіраўніцтва філіяла можа гарантаваць, што сярэдняя
заработная плата, на якую ў 2009 годзе не меў уплыву нават крызіс — яна склала 910
тысяч рублёў — будзе захавана і ў бягучым. Для чаго, канечне, прыйдзецца
папрацаваць не горш, чым раней. Для аптымізацыі работы плануецца ўстанавіць
зернесушылку, каб самім апрацоў-ваць сваё зерне, паставіць цэх для вытворчасці
камбікорму. Мажліва, адразу выдаткі будуць і адчувальнымі, але затое ў будучым
гэта прывядзе да зніжэння сабекошту малака і мяса, а, значыць, павелічэння
рэнтабельнасці вытворчасці.
Не сакрэт, што для прадуктыўнасці жывёлы патрэбны
паўнацэннае кармленне і належныя ўмовы ўтрымання. І першае, і другое ў
“Белшыне-агра” ў наяўнасці. Прычым на высокім узроўні. Буйная рагатая жывёла —
цялушкі дарошч-вання і быкі на адкорме — у сельгаспрадпрыемстве знаходзяцца на
беспрывязным утрыманні. Жывёла свабодна гуляе па глыбокай падсцілцы з саломы,
што станоўча ўплывае на яе самаадчуванне. За 2009 год сярэднясутачныя прывагі
БРЖ у гаспадарцы склалі 737 грамаў, на адкорме — 863. Што тычыцца свіней, то
яны ў сярэднім за суткі прыбаўлялі 504 грамы, на адкорме — 544. Усяго за год
гаспадаркай рэалізавана 1.039 тон мяса.
Безумоўна, за ўсім гэтым стаяць людзі. Сярод лідэраў
раённага спаборніцтва — аператар па дарошчванні маладняку БРЖ Ганна Тумашык,
якая атрымала сярэднясутачныя прывагі 865 грамаў, аператар па адкорму БРЖ
Сяргей Койпіш — яго гадаванцы далі прывагі ў 981 грам. Ірына Улянкова — лепшы
аператар па абслугоўванні свінаматак з парасятамі: 452 грамы — такія былі
штодзённыя прыбаўкі ў вазе. Сярод аператараў па дарошчванні парасят-ад’ёмышаў
высокіх вынікаў дасягнула Людміла Гараўская. “Падапечныя” свінаматкі ў сярэднім
давалі амаль 10 (калі дакладна — 9,7, хоць неяк і ненатуральна гэта гучыць)
парсючкоў на адзін апарос.
Добра ідуць справы ў гаспадарцы ў малочным кірунку.
Так, на 100 гектараў сельгас-угоддзяў атрымана 1.168,2 цэнтнера малака. Самы
высокі тут і надой на адну карову — 6.832 кілаграмы. Дарэчы, у сёлетніх планах
— дасягнуць 7-тысячнага рубяжа, а калі атрымаецца, то прыбавіць кілаграмаў 400.
Адразу тры малочнатаварныя фермы — Вязычынская, Свіслацкая і Вязаўніцкая
з’яўляюцца лепшымі не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і ў раёне. Тут атрымалі ад
каровы 7.701, 7.467 і 6.510 кілаграмаў адпаведна. Загадчык фермы ў Вязаўніцы
Галіна Камнева лічыць, што дапамагае з’яднанасць, узаемавыручка і адказнасць —
з цягам часу прыкметна, як мяняюцца адносіны людзей да працы. Ірына Жук,
загадчык Вязычынскай фермы-флагмана, упэўнена, што спрыяюць аддачы і належныя
ўмовы. Толькі за мінулы год тут зрабілі рамонт даху, рам. З’явіліся дзве
даільныя ўстаноўкі, два транспарцёры, агарадзілі і добраўпарадкавалі тэрыторыю.
Ганарыцца калектыў гэтай фермы і сваёй лепшай працаўніцай, рэкардсменкай
Асіповіччыны вось ужо на працягу некалькіх гадоў, Таццянай Паповай, якая
надаіла ад каровы 8.579 кілаграмаў малака. І гэта, як лічыць сама Таццяна
Адамаўна, яшчэ не найвышэйшая кропка “малочнага алімпу”. На МТФ “Свіслач”
працуюць аператары машыннага даення Лідзія Данільчык і Сняжана Жуковіч, у якіх
другое і трэцяе месцы ў раённым рэйтынгу. Цікавы факт: усе 30 даярак з філіяла
летась перасягнулі мяжу (многія — вельмі далёка) у 5.700 кілаграмаў малака ад
каровы.
У прынцыпе, такія поспехі заканамерныя. Менавіта ў
“Белшыне-агра” працуе шмат добрых спецыялістаў. Напры-клад, лепшыя ў раёне
тэхнік-асемянатар Віктар Мацвіенка і галоўны заатэхнік Андрэй Клышын. Як
расказаў Андрэй Віктаравіч падчас сустрэчы, розных спраў у яго вельмі шмат.
Кожны дзень яму даводзіцца, напрыклад, размаўляць па мабільным тэлефоне на
працягу 2-3 гадзін. І, канечне, не таму, што любіць ён пагаварыць пра тое-сёе —
вырашаюцца дзелавыя пытанні. Пастаянна мець на ўвазе 15 ферм, каардынаваць
дзейнасць работнікаў — справа не з лёгкіх. Адно толькі не вельмі добра: мала
часу застаецца на сям’ю. Праўда, жонка і дзеці разумеюць важнасць справы, не
папракаюць. Аб тым, што Клышын — чалавек вельмі арганізаваны, гаворыць такі
факт: не любіць ён карыстацца штодзённікам. Лічыць, што, наадварот, можна
хутчэй згубіць якія-небудзь звесткі, лепш усё трымаць у галаве. Пакуль
атрымліваецца.
Перспектывы гаспадаркі? Яўна праследжваецца яе
жывёлаводчы кірунак. Зараз ужо 5.182 галавы БРЖ, 4.100 свіней. Пагалоўе будзе
павялічвацца, вытворчасць малака і мяса расці — гэта факт.
Працаваць у “Белшыне-агра” прэстыжна. Праўда, з-за
высокіх патрабаванняў да дысцыпліны ёсць немалая цякучка кадраў: тыя, хто
дазваляе сабе падчас работы выпіць чарку, хутка з працоўным месцам
развітваюцца. Для добрасумленных жа “белшынаўцаў” знойдзецца шмат “бонусаў”.
Зарплата дастойная, жыллё ёсць і будзе яшчэ — толькі на гэты год запланавана
пабудаваць 21 домік у Вязаўніцы. Кожны мае права пры жаданні адпачыць у
санаторыі “Шыннік”. Прафсаюз ладзіць розныя экскурсійныя паездкі — у Жыровічы,
Брэст, іншыя цікавыя мясціны. Падчас навагодніх святаў вазілі на двух аўтобусах
дзяцей на ёлку ў Мінск.
Словам, як ты да людзей, так і людзі да працы.
Валянціна КОРБАЛЬ.