Жыццё вымяраецца не толькі гадамі, але і карыснымі справамі, якімі напаўняецца твая жыццёвая пуцявіна. Кожны з нас, безумоўна, сам вырашае не толькі іх колькасць, але і якасць.
Менавіта гэтая рыса і адрознівае Тамару Літвіненка ад іншых. Яшчэ калі вучылася ў школе, яна даказала бацькам, настаўнікам, аднакласнікам і ў першую чаргу сабе самой, што калі рабіць што-небудзь, то толькі на выдатна. Таму і атрымала за старанныя адносіны да вучобы залаты медаль. Праз некаторы час стала студэнткай Гомельскага чыгуначнага інстытута. Прычым спецыяльнасць выбрала для сябе зусім не жаночую — інжынер кіравання працэсам перавозак. Для таго, хто не знаёмы з сістэмай работы на чыгунцы, той, напэўна, і прафесію сабе такую б не выбіраў. Для Тамары ж слова “чыгунка” было вядома з дзяцінства, паколькі бацька Рыгор Афанасьевіч Рудзькоў доўгі час працаваў машыністам цягніка, у прыватнасці, яму добра быў знаёмы маршрут Асіповічы-Градзянка-Асіповічы.
Не адзін раз ён браў з сабою і дачку. Яна ўважліва сачыла за працай людзей, якія абслугоўвалі цягнік. Падабалася назіраць і за дарогай, паабапал якой узвышаліся векавыя сосны і елкі. Асабліва любіла, калі вагоны напаўняліся гоманам пасажыраў, ехаўшых па сваіх справах. Ды і ў трохпавярховым доме, дзе жыла іх сям’я, усе вакол былі чыгуначнікі. Словам, як зараз прызнаецца, выбар зроблены правільна.
Так сталася, што ў гэтую ж навучальную ўстанову на тую ж самую спецыяльнасць паступіў і прыгожы хлопец з Украіны з ласкавым імем Аляксей. Яму вельмі спадабалася статная беларуска, неўзабаве прызнаўся Тамары ў каханні. Інстытут заканчвалі ўжо ўтраіх: напрыканцы апошняга курса нарадзілася дачушка Волечка.
Пасля атрымання дыпломаў аб вышэйшай адукацыі прыехалі на працу ў Асіповічы. І вось ужо амаль чвэрць стагоддзя іх жыццё звязана з аднайменным чыгуначным вузлом. Напачатку сваёй прафесійнай дзейнасці Тамара Рыгораўна працавала інжынерам-тэхнолагам, пасля 10 гадоў — дзяжурнай па станцыі Асіповічы, а з 1999 года ўзначальвае адну з самых старэйшых станцый вузла — Верайцы.
— Мне здаецца, што гэта самае прыгожае месца на свеце, — шчыра прызнаецца жанчына. — Нездарма ж разам з мужам і свой дом тут пабудавалі, у якім ужо жывём адзіннаццаты год. Ды і калектыў, які ўзначальваю, таксама даспадобы. Кожны стараецца выконваць свае абавязкі так, каб не было сорамна перад іншымі калегамі. Ды і імідж станцыі трэба падтрымліваць. Яна ж у нас самая прыгожая, хоць і налічвае ўжо амаль 140 гадоў. Стараемся ўсе разам захаваць яе першасны выгляд, аднак і новых тэндэнцый не цураемся. У 2004 годзе зрабілі капітальны рамонт памяшканняў, добраўпарадкавалі прывакзальную тэрыторыю. Прыемна чуць ад пасажыраў, што наш вакзал самы ўтульны, а персанал — самы ветлівы. Значыць, мы разам — моцная каманда, каманда аднадумцаў.
На некаторы час Тамара Рыгораўна пакінула кабінет, каб вырашыць тэрміновае пытанне, звязанае са службай. Адна з яе калег — білетны касір, якая працуе поруч з Літвіненка не адзін год — як бы ва ўнісон да сказанага дадала:
— Наша Рыгораўна — начальнік што трэба, як кажуць, на сваім месцы. У яе добра атрымоўваецца і кіраваць, і быць проста сябрам. За кожнага з нас стаіць гарой, пры гэтым патрабуе максімальнай адказнасці пры выкананні кола ўскладзеных абавязкаў. Не забывае пацікавіцца і нашымі сямейнымі справамі. Пры неабходнасці — падкажа, дапаможа. Таму і калектыў згуртаваны і дружны, няма цякучкі.
Па словах Тамары Літвіненкі, праца начальніка напружаная, адказная. Кожныя суткі праз станцыю праходзіць каля 50 цягнікоў, адчыняе дзверы вакзала не адзін дзясятак пасажыраў. Работа патрабуе пільнай увагі і максімум дысцыпліны. Але, нягледзячы на ўсе складанасці, да станцыі прыкіпела душой, як быццам зраслася з ёю. І ўжо не ўяўляе сябе без грукату чыгуначных колаў, строгай службовай уніформы, стасункаў з падначаленымі. А яшчэ без замацаванага на будынку вакзала калакольчыка, які сустракае і праважае разам з работнікамі станцыі ўсе цягнікі і пасажыраў, якія спыняюцца ў Верайцах. Лічыць, што ён своеасаблівы талісман станцыі, яе візітная картка. І калі датыкнуцца да халоднага металу рукой, то абавязкова пашанцуе.