Калі б можна было, у класіфікацыю відаў мастацтва дабавіла б і пчалярства. Скажаце, што тут такога незвычайнага? І сама раней так думала, пакуль не пазнаёмілася з градзянскім пчаляром Іосіфам Бурко. Па-сапраўднаму ўлюбёны ў сваю справу, ён змог так пра яе расказаць, што з’явілася ўпэўненасць: пчала — гэта вам не проста нейкае насякомае, гэта — адзін з вянцоў прыроды. Узяць хаця б той факт, як насельнікі вулляў будуюць свае ўзаемаадносіны. Ніякага вам тут панібрацтва — нарадзіўся рабочай пчалой, значыць, працуй. І настолькі ўсё ў іх зладжана, што можна пазайздросціць!
Не будзем гаварыць пра тое, што гэтыя маленькія істоты — узор працавітасці, вынослівасці і нават самаахвяравання, калі хочаце. Сяброўства з імі для людзей вельмі карыснае — узяць хаця б той факт, што сярод жыхароў планеты, якія перасягнулі 100-гадовы рубеж, 76% — пчаляры.
Чаму людзі выбіраюць гэтую прафесію? У кожнага — свая нагода. Іосіф Зігмундавіч памятае такі выпадак. Яго, малога хлапчука, паслалі да сваякоў за мёдам — захварэла мама. Ён нёс шкляначку, адчуваючы неверагодны водар, які ўвабраў у сябе і энергію сонца, і подых летняга ветрыку, і жыццёвую сілу розных кветачак. О, як хацелася ўзяць і з’есці гэтыя “лекі”! Тады Юрка — так часцей хлопца звалі — даў сабе абяцанне: у будучыні зрабіць так, каб кожнаму хапіла прыроднага ласунку. І з цягам часу ад свайго не адступіўся. Вывучаў таямніцы жыцця пчол у Смілавіцкім тэхнікуме. Пасля служыў у арміі на Далёкім Усходзе, працаваў на пчалярным прадпрыемстве — было цэлых 1.125 пчоласямей! — у Ашмянскім раёне. Потым рабіў пчаляром у Астравецкім і Асіповіцкім лясгасах. Зараз займаецца пчалярствам “для душы”, а працуе ў каменіцкай кацельні.
У Бурко 70 сямей пчол. Гаспадар мае качавую пасеку. З цягам часу стала зразумела, што “мабільны” варыянт больш выгадны: размяшчаецца там, дзе ёсць меданосы. Пры гэтым значна скарачаецца шлях да вулею. Пчала працуе ўвесь светлавы дзень, значыць, больш разоў вернецца з “жыццёвым нектарам”.
Адна з умоў поспеху пчалярскай справы — правядзенне селекцыйнай работы. Трэба сачыць за якасцю матак. Яны, дарэчы, могуць жыць цэлых 7 гадоў, хаця ўсё ж пажадана мяняць штогод, тады як рабочая пчала ў летні перыяд “зношваецца” літаральна за месяц. Пчаліная матка адкладвае ў суткі каля дзвюх тысяч яек. Тэрміны з’яўлення пчол на свет залежаць ад іх “рангу”. Напрыклад, звычайная пчала “выспявае” за 21 дзень, матка — 17, а труцень — цэлых 24.
Многімі пчалінымі сакрэтамі валодае Бурко. Пастаянна павышаць свае веды ў гэтай галіне, быць “на грэбні хвалі” дапамагае членства ў саюзе пчаляроў “Бортнік”, які аб’ядноўвае каля 700 аматараў і прафесіяналаў з Беларусі, Украіны, Расіі і іншых краін.
Іосіфу Зігмундавічу можна быць упэўненым, што справа яго не прападзе: вывучыўся на пчаляра ў тэхнікуме і ўжо працуе ў Асіповіцкім лясгасе малодшы сын Віталь. Зараз ён студэнт-завочнік Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Хлопец захапіўся бацькоўскай справай яшчэ ў дзяцінстве. Колькі сябе памятае — заўсёды побач былі пчолы.
Пацікавілася ў бацькі з сынам, ці выгадная іх справа. Ёсць прыбытак, але нямала і клопату. Наогул, пчалярства ў Беларусі ў параў-нанні з іншымі краінамі развіта слаба. Не выключэнне і наш раён. І хоць пасекі ёсць амаль у кожным калгасе — налічваецца 358 пчоласямей, але аддача ад гэтага зусім нязначная. Ды і са спецыя-лістамі туга. У райсельгасхарчы такая адзінка наогул не прадугледжана, ёсць пчаляр толькі ў райветстанцыі. Калі ж нармальна займацца пчоламі, то можна мець добрыя вынікі — гэта пацвярджаецца на прыкладзе прыватнікаў. Што тычыцца гаспадарак, наяўнасць паблізу вулляў можа павысіць ура-джайнасць рапсу, напрыклад, у 2-3 разы…
Не магла не даведацца аб парадах, як і дзе лепш набываць якасны мёд і яго адрозненнях ад падробкі. Па-першае, трэба звяртаць увагу на гатунак. Беларускі мёд у асноўным з разнатраўя, яшчэ можа быць з грэчкі і рапсу — і то з пэўнай доляй утрымання. Бываюць казусы, калі, напрыклад, прапануюць мёд з арэшніку або падарожніку — яго не можа быць у прынцыпе, бо гэтыя расліны не меданосы. Не можа прадавацца бітонамі і мёд з так называемым матачным малачком — гэты “эліксір маладосці” здабываецца толькі спецыялістамі і ў вельмі невялікіх колькасцях. Па сваёй кансістэнцыі мёд павінен быць аднародным, не расслойвацца. Аб якасці прадукту раскажа і яго ўдзельная вага. Так, літровы слоік мёду не павінен важыць менш за 1.400 грамаў. Калі гэтая лічба ніжэйшая — перад вамі фальсіфікацыя. Лепш за ўсё набываць каштоўны янтарны прадукт у спецыялізаваных крамах, дзе ён праходзіць рознабаковае даследаванне. Асіпаўчанам можна не баяцца купляць мёд і на рынку — наўрад ці мясцовыя пчаляры рызыкнуць прапаноўваць няякасны тавар землякам: усе тут усіх ведаюць. А аднойчы скампраментаваўшы сябе, можна страціць сваіх пакупнікоў назаўсёды. Рызыкоўна набываць мёд на так званых кір-машах, дзе ён рэалізуецца ў вялікіх аб’ёмах. Часцей за ўсё там ім гандлююць прос-та прадаўцы, якія і самі могуць не ведаць, якой якасці іх тавар. Не варта “разжывацца” мёдам і ў незнаёмых “карабейнікаў” — тут таксама не можа быць ніякіх гарантый.
Не ўдалося злавіць “шаўцоў без ботаў” і на пытанні, ці спажываюць самі пчаляры мёд.
— Ядзім усёй сям’ёй, прычым у вялікай колькасці, — падзяліўся Іосіф Зігмундавіч. — Кожны любіць “свой” мёд: я, напрыклад, крыху закрышталізаваны, Віталь — больш цякучы, жонка Ірына — менавіта ранні: жоўценькі, з дзьмухаўцаў. З восені да вясны ўсе разам спажываем літраў 60 — з улікам таго, што дапамагае і сям’я старэйшага сына Аляксандра, які жыве ў Мінску.
Апошнім аргументам на карысць мёду стала пры-знанне гаспадара, што ўжо гадоў 20 ён не ведае, што такое прастуда. Наўрад ці трэба яшчэ што-небудзь дадаваць…
Будаўнікі новага пакалення. Хто рыхтуе кадры для будаўнічых арганізацый рэгіёна, вырашылі даведацца напярэдадні іх прафесійнага свята.
10 августа 2025
Общество
10 августа – День строителя
10 августа 2025
Общество
Гороскоп на 9 августа для всех знаков зодиака
9 августа 2025
Общество
Расписание поезда Осиповичи-Гродзянка (тестовый период эксплуатации)
8 августа 2025
Общество
Мнением об интервью Александра Лукашенко американскому журналу Time делится первый секретарь РК БРСМ Юлиана Варавко
8 августа 2025
Общество
Председатель Осиповичского районного совета ветеранов Михаил Слесаренко поделился своими впечатлениями по итогу интервью Президента Республики Беларусь Александра Лукашенко американскому журналу Time