ААТ “Асіповіцкі малочны камбінат” працягвае інфармацыйную экспансію на замежны рынак. На буйнейшай у СНД міжнароднай выставе прадуктаў харчавання, напояў і сыравіны для іх вытворчасці “ПРАДЭКСПА-2011”, якая адбылася ў сярэдзіне лютага ў Маскве, нашы малакаперапрацоўшчыкі ўвайшлі ў лік пераможцаў — прадпрыемстваў, якія здольны вырабляць тавар эксклюзіўна высокай якасці.
Падчас выставы праходзіў галіновы конкурс “Лепшы прадукт”, на якім пацвердзілі свае кандыцыі нашы сухое абястлушчанае малако і лінія сыроў паўцвёрдых “Чадарок” (адпаведна — залаты і бронзавы медалі), масла салодкавяршковае тлустасцю 72,5% і 82,5% (дыпломы лаўрэатаў), а дырэктар камбіната Таццяна Жорава была адзначана медалём “За высокую якасць выпускаемай прадукцыі”.
Калі ўлічыць, што ў выставе прымалі ўдзел кампаніі 55 краін, якія дэманстравалі каля 1500 узораў сваёй прадукцыі, такі поспех сапраўды ўмацоўвае пазіцыі малочнага камбіната ў зносінах з гандлёвымі партнёрамі Расіі, краін СНД і далёкага замежжа. Сёння гэта прынцыпова важна, таму што ў свеце адчуваецца значны дэфіцыт прадуктаў харчавання, і для вытворцаў высакаякаснай прадукцыі ў гэтым сегменце міжнароднага гандлю адкрываюцца вельмі цікавыя перспектывы.