Па-сутнасці, сэнс ідэалагічнай работы на любым прадпрыемстве можна звесці да дастаткова простай формулы: тлумачэнне калектыву сэнсу задач, якія трэба вырашаць, і падтрымка ў работнікаў пэўнага — зразумела, чым вышэй, тым лепш — узроўню матывацыі да іх сумеснага вырашэння. Фактычна гэта азначае, што без удзелу штатных ідэолагаў не робіцца ні адзін сур’ёзны крок у жыцці суб’екта гаспадарання, і, адначасова, што ў звычайных умовах даць адэкватную ацэнку эфектыўнасці іх дзейнасці амаль немагчыма.
Сапраўды, калі ўсё ідзе па накатанай каляіне, работнікам зусім неабавязкова задумвацца аб нейкіх агульных праблемах. Дастаткова проста добра выконваць сваю справу і атрымліваць за яе прыстойныя грошы. Аднак як толькі калектыў трапляе ў нестандартную сітуацыю, у якой ад кожнага патрабуецца чымсьці ахвяраваць дзеля агульнай справы, усе дасягненні і недаробкі ідэалагічнага забеспячэння праяўляюцца імгненна і ў вельмі вострай форме.
Наўрад ці трэба дакладна ўзгадваць пра перанесеныя аўтаагрэгатчыкамі цяжкасці крызіснага перыяду. Галоўнае, усе непрыемнасці і перашкоды калектыў прадпрыемства пераадолеў з мінімальнымі стратамі, стаў больш умацаваным, нацэленым на магутны рывок у будучыню. Вось гэта і ёсць відавочны вынік работы заводскіх ідэолагаў.
Адказ на выклікі часу
Сёння работнікі ААТ “АЗАА” глядзяць уперад, выдатна ўсведамляючы і перспектывы, і цяжкасці, якія прыйдзецца пераадольваць. Такое разуменне — сумесная заслуга ідэолагаў і тэхнічнага кіраўніцтва завода, паміж якімі існуе поўнае ўзаемаразуменне і цесная каардынацыя дзеянняў. Аб тым, як рэалізуецца агульны патэнцыял, можна зразумець са слоў галоўнага інжынера Віктара Брыткевіча:
— Летась кіраўніцтва галаўнога прадпрыемства — канцэрна “БелаўтаМАЗ” — патрабавала зменшыць на АЗАА ўнутрызаводскія выдаткі на трэць, і такое па- трабаванне выклікала ў аўтаагрэгатчыкаў сапраўдны шок. Дзесяцігоддзямі ўзровень змяншэння сабекошту прадукцыі вагаўся на ўзроўні 2-3% — і яго дасягненне лічылася дастаткова складанай задачай, а тут — адразу 30%! Тым не менш, узяць “непераадольны” бар’ер удалося — за кошт больш прадуманага выкарыстання магчымасцей кожнага цэха па рацыянальнаму ўжыванню матэрыялаў, правядзення шэрагу работ без удзелу іншых структурных падраздзяленняў завода, скарачэння транспартных расходаў атрымалася эканомія ў 15 млрд. руб.
Сёлетняе заданне яшчэ большае — 29,5 мільярда. Каб справіцца з такой задачай, трэба шукаць сапраўды нестандартныя падыходы да арганізацыі тэхналагічных працэсаў, энерга- і рэсурсаспажывання, пралічваць мноства іншых вялікіх і малых нюансаў вытворчай дзейнасці. Прычым, не толькі кіраўніцтву ды інжынерна-тэхнічным спецыялістам, але і кожнаму работніку.
Дарэчы, пераважная большасць аўтаагрэгатчыкаў успрыняла прапанову ўнесці перамены ў арганізацыю сваёй работы з вялікім інтарэсам, таму вядзенне “мазгавых штурмаў” на сённяшнім АЗАА — справа самая звычайная. Усебакова абмяркоўваюцца ўсе, нават, на першы погляд, самыя рызыкоўныя, ідэі. Звычайна з сотні прапаноў жыццяздольнымі прызнаюцца штук пяць, і толькі адна-дзве сапраўды даюць нейкі эканамічны эфект. Часам яго памер вымяраецца ў тысячах рублёў, а бывае, што дасягае нечакана ўражваючых памераў. Так, зараз праходзіць экспертызу рацпрапанова, якая тэарэтычна можа істотна зменшыць працаёмістасць цэлай гамы шклапластыкавых вырабаў і пры гэтым палепшыць іх якасць. Калі надзеі спраўдзяцца, толькі адно гэтае ноу-хау абяцае сэканоміць сотні мільёнаў!
Імклівае ўзрастанне аб’-ёмаў заказаў у апошнія месяцы на прадукцыю АЗАА як з боку асноўнага спажыўца — МАЗа, так і шэрагу іншых буйных партнёраў, паставіла завод аўтаагрэгатаў у прынцыпова новую сітуацыю. Стала відавочным, што існуючае, у значнай ступені састарэлае маральна абсталяванне, недахоп тэхналагіч-ных плошчаў і, галоўнае, звыклыя метады кіравання вы-творчасцю не дазваляюць цалкам выкарыстаць існуючыя магчымасці пашырэння рынку збыту. Пакуль сітуацыя яшчэ не крытычная, але каб не саступіць свае пазіцыі канкурэнтам, заводу трэба прымаць радыкальныя меры.
Ідэалагічны аспект узгаданай праблемы пераважна тычыцца апошняга — змен у прафесійным мысленні, якое павінна стаць больш хуткім, дакладным і паслядоўным. І адным з крокаў на шляху дасягнення гэтай мэты стала ўкараненне напачатку 2011 года сістэмы кантролю безумоўнага выканання прынятых рашэнняў — так званых картак адказнасці выканаўцы.
Зразумець важкасць такога новаўвядзення для вырашэння ўсіх іншых надзённых праблем развіцця прадпрыемства дазваляе наступны прыклад. Пэўны час назад канструктары завяршылі распрацоўку тэхналагічнага абсталявання для вырабу аўтобусных сядзенняў. Яго камплект быў адпраўлены на МАЗ, каб прайсці там патрэбную дапрацоўку. А потым пра заказ… забыліся.
Гэта гісторыя ўсплыла адразу пасля сістэматызацыі дакументаў, неабходных для арганізацыі ўпраўленчага кантролю, і праз некалькі дзён даўно даведзенае да ладу абсталяванне нарэшце вярнулася ў Асіповічы. Сёння завод ужо гатовы да серыйнага выпуску запатрабаванай прадукцыі.
Галоўнае — пачуццё прафесійнага гонару
Намеснік дырэктара Андрэй Чыгілейчык, які ўзначальвае ідэалагічную вертыкаль ААТ “АЗАА”, перакананы, што крыніца паспяховасці гэтага “нябачнага” аддзела ў тым, што яго супрацоўнікамі, па-сутнасці, з’яўляюцца ўсе работнікі прадпрыемства:
— Вельмі важна, што аўтаагрэгатчыкі адчуваюць гонар за тое, што працуюць на АЗАА, і такое пачуццё ўмацоўваецца ўсімі магчымымі спосабамі. Наконт таго, як гэта робіцца ў цэлым, “раёнка” пісала неаднойчы, таму паўтарацца няма сэнсу. А вось аб адной з дробязей, якія для ўзгаданага пачуцця таксама маюць вялікае значэнне, нагадаць усё ж трэба.
Сярод уласных распрацовак АЗАА ёсць удалая тэхналогія вырабу сядзенняў для метрапалітэна, попыт на якія апошнім часам імкліва расце. Спрабуюць наладзіць выраб запатрабаванай прадукцыі многія айчынныя прадпрыемствы, толькі ніхто не можа наблізіцца па якасці да таго, што робяць асіповіцкія аўтаагрэгатчыкі. Ці трэба тлумачыць, наколькі па-трэбна працоўнаму чалавеку ведаць, што з важнай справай лепш, чым ён, ніхто справіцца не можа?