“Добры калектыў — стабільныя вынікі!” 26.02.10, № 15-16
“Добры калектыў — стабільныя вынікі!”
—
менавіта такія словы сказаў начальнік дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення № 73
Мікалай Івашка, калі даведаўся, што ўзначальваемае ім прадпрыемства трэці год
запар (!) становіцца лепшым сярод структур РУП “Магілёўаўтадар” і прызнаецца
пераможцам раённага спаборніцтва за дасягненні найлепшых вынікаў у выкананні
паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця.
А яшчэ Мікалай Уладзіміравіч з гонарам дадаў:
— Сёння ў ДЭУ кожны работнік выдатна адпавядае
службовай пасадзе. А з такімі асамі сваёй справы як галоўны механік Валянцін
Патапаў, начальнік ЛДД № 734 Андрэй Коласаў, вадзіцелі Уладзімір Гоман, Васіль
Кашыцкі, Уладзімір Скітовіч, Дзмітрый Павукоў увогуле можна зварочваць горы!
Што праўда, то праўда. Гэтай зімой дарожным службам
варочаць горы давялося ў самым літаральным сэнсе: бясконцыя снегапады
неаднаразова стваралі сур’ёзныя перашкоды аўтамабільнаму руху, вымушалі людзей
і тэхніку працаваць на мяжы фізічнай трываласці. Галоўным полем бітвы са снегам
для ДЭУ была, натуральна, магістраль М5 — яна ж шаша Мінск-Гомель. Асіповіцкія
дарожнікі на ўчастку, за які адказваюць, стваралі ўмовы для нармальнага
перасоў-вання машын нават у са- мае складанае надвор’е. Што ж тычыцца іншых
дарог, то іх ачыстка ад снегу хоць і вялася ў другую чаргу, аднак ДЭУ заўсёды
паспявала выканаць патрэбныя работы ва ўстаноўленыя адпаведнымі нарматывамі
тэрміны.
Калі ўлічыць, што на абслугоўванні ўпраўлення
знаходзіцца дарожная сетка сукупнай даўжынёй амаль 275 кіламетраў, такую эфектыўнасць
работы можна смела назваць узорнай. Але каб ацаніць дасягненне прад-прыемства
больш поўна, трэба дадаць, што вялася самая складаная сезонная работа зусім не
ў форс-мажорным рэжыме. Дарожнікі былі гатовы да ўзнікнення самай складанай
сітуацыі і дзеля гэтай гатоўнасці нават пайшлі на сур’ёзныя фінансавыя страты.
Як і кожны суб’ект гаспадарання, ДЭУ зацікаўлена ў
атрыманні свабодных грошай. Магчымасць зарабляць ёсць — прадпрыемства
забяспечана тэхнікай з пэўным запасам, так, каб не “забуксаваць” падчас
якога-небудзь непрадказальнага кліматычнага выбрыку, альбо — збаў Божа —
тэхнагеннай катастрофы. Гэты “запас”, калі ён не задзейнічаны на дарожныя
патрэбы, натуральна, не павінен стаяць без справы: непрацуючая тэхніка
прыносіць прадпрыемству немалыя страты. І — наадварот, калі яна
выкарыстоўваецца, ДЭУ атрымлівае нядрэнны дадатковы даход. Спакуса атрымаць
больш грошай існуе заўсёды, аднак вышэйшым эканамічным пілатажам пры разліках
магчымай выгады з’яўляецца выпрацоўка такой схемы дзейнасці, якая зводзіць да
мінімуму магчымую рызыку.
Калі ў лістападзе 2009 года пачалася падрыхтоўка
тэхнікі да зімовага перыяду, на 5 грузавых МАЗ было ўстаноўлена спецыяльнае
абсталяванне для расчысткі асфальту і раскідвання пясчана-салявой сумесі.
Зіма аднак пачынацца не спяшалася, і гэта паставіла
перад кіраўніцтвам упраўлення складаную дылему: пакідаць грузавікі гатовымі да
расчысткі дарог і згубіць на гэтым некалькі дзесяткаў мільёнаў рублёў
(амартызацыйныя выплаты і неатрыманы прыбытак) альбо рызыкнуць і, вярнуўшы МАЗ
стандартную камплектацыю, накіраваць на выкананне некалькіх спакуслівых
падрадаў?
Начальнік ДЭУ, ад якога залежала канчатковае рашэнне,
вагаўся доўга, але нарэшце даў каманду пакінуць машыны гатовымі да барацьбы са
снегам. Вось так і прастаялі яны амаль паўтара месяца без работы…
Зараз, узгадваючы эпізод, Мікалай Івашка лічыць сваё
рашэнне празмерна асцярожным. Але гэта — сёння. Пачніся ж сёлетняя зіма — між
іншым, самая снежная і халодная за мінулыя 25 гадоў — не напрыканцы снежня, а
ва ўстаноўлены календаром тэрмін, такая асцярожнасць аказалася б якраз
пападаннем “у яблычак”.
З іншага боку — калі ўмееш працаваць добра, без
работы і, адпаведна, прыбытку не застанешся. А пра тое, як умее працаваць
калектыў, сведчыць наступны красамоўны факт: дарогі, за якімі вядзе нагляд ДЭУ
№ 73, па тэхнічным стане з’яўляюцца лепшымі ў Магілёўскай вобласці.