Асіповіцкі раён электрычных сетак (РЭС) — структурнае падраздзяленне Бабруйскіх электрычных сетак філіяла РУП электраэнергетыкі “Магілёўэнерга”. Ён забяспечвае эксплуатацыю размеркавальных сетак Асіповіцкага раёна, падтрымлівае на адпаведным узроўні электразабеспячэнне горада і раёна шляхам правядзення рамонтных работ, мадэрнізацыі, рэканструкцыі.
У структуру прадпрыемства ўваходзіць 5 лінейных брыгад, якія абслугоўваюць паветраныя лініі 0,4-10 кілавольт, брыгада па рамонту кабельных сетак, службы аператыўна-дыспетчарская і збыту электраэнергіі.
Як расказвае начальнік РЭС Алег Курганскі, праводзяцца работы і па павелічэнні надзейнасці ліній 10 кВ. А праходзяць яны часта праз лясныя масівы, таму даво-дзіцца займацца сумесна з ДДЛГУ абразаннем галін, пашыраць прасекі. Вядзецца рэканструкцыя паветраных ліній 0,4-10 кВ, мадэрнізацыя абсталявання, замена старога дроту на новы, ізаляваны.
У раёне зманціравана 6 рэклаўзераў (вакуумных выключальнікаў) і 2 інтэлектуальныя вы-ключальнікі, якімі кіруюць па мабільнай сувязі. Устаноўка дадзеных апаратаў дапамагае за меншы час знайсці месца пашкоджання, а гэта, у сваю чаргу, памяншае час адсутнасці электрычнасці ў жылых дамах і вы-творчых памяшканнях.
— РЭС даводзіцца забяспечваць вулічнае асвятленне сельскіх населеных пунктаў. Якім чынам рэгулюеце гадзіны асвятлення?
— Арганізацыя працуе ў цесным кантакце з пасялковымі і сельсаветамі, па ўзгадненні са старшынямі якіх устаноўлены рэле часу. У выніку нарміруецца падача святла на вуліцы 154 населеных пунктаў раёна, працягласць асвятлення зацвярджаецца на сесіях мясцовых Саветаў. Замена лямпачак у асвятляльных прыборах адбываецца па заяўках на працягу 5 дзён.
— Часам жыхары скардзяцца на перабоі з электрычнасцю. З чым звязаны такія нечаканыя адключэнні?
— На абслугоўванні РЭС знаходзіцца 130 кіламетраў кабельных сетак. На баланс прадпрыемства яны былі перададзены напачатку 2000-х, да таго часу абслугоўваліся рознымі прадпрыемствамі, знаходзіліся не ўсе ў найлепшым стане, не заўсёды забяспечваліся тэхналогіі, захоўваліся тэрміны амартызацыі, таму даводзіцца выпраўляць атрыманыя “ў спадчыну” недахопы. Адключэнні, трэба за-значыць, ліквідуюцца за 2-3 гадзіны (пры норме да сутак), у першую чаргу падключаюцца сацыяльна значныя аб’екты. Калі б было своечасовае фінансаванне, замянілі б усе замартызаваныя ўчасткі, але метр высокавольтнага кабелю каштуе 30 долараў… Мы звярталіся ў РУП “Магілёўэнерга” з просьбай прафінансаваць узгаданае, магчыма, у 2012-2013 гадах неабходныя грошы будуць вылучаны.
Прадпрыемства, што працуе ў прамым сэнсе пад высокім напружаннем, патрабуе належнай ступені адказнасці працаўнікоў. Нездарма абавязковае патрабаванне да спецыялістаў, пачынаючы ад майстра, — наяўнасць вышэйшай адукацыі, а электраманцёры за плячыма маюць тэхнікум ці каледж. Працаваць даводзіцца ў непрадказальных умовах: лініі электраперадач выходзяць са строю часта ў час ураганнага ветру, праліўнога дажджу, ноччу. Трэба быць гатовым да незапланаванага выезду на лінію ў любы момант. I гэта — пры сярэднім, па мясцовых мерках, заробку. Таму, як зазначае начальнік раённай дыспетчарскай службы Ігар Тозік, людзі, што прыходзяць на работу ў РЭС, ці збягаюць адразу, ці застаюцца назаўсёды, выпадковых тут няма.
Пра свой калектыў кіраўнік РЭС расказвае з павагай, а сярод лепшых называе электраманцёраў Руслана Рогаля, Івана Манчанку, Аляксандра Міхадзюка, членаў аператыўна-выязной брыгады Ігара Марчанкова і Андрэя Рэкіша, майстроў па эксплуатацыі Віктара Міха-дзюка, Уладзіміра Кавалёва, Паўла Рудэнку, вадзіцеляў Сяргея Назаровіча, Аляксандра Астрашонка, Сяргея Галавіна, Георгія Жучкевіча. Не была б такой зладжанай работа без дыспетчарскага звяна, у складзе якога даўно працуюць Сяргей Крапіва, Алена Шалупенка, Мікалай Картун. Своечасовасць платы за збыт электраэнергіі кантралююць Ларыса Габрыэль, Алена Патапейка, Галіна Бобр, Валянціна Баганец.
…2011 год адлічвае апошнія дзянькі, будуюцца планы на будучыню. У наступным годзе плануецца замяніць11 кіламетраў старога, адслужыўшага, дроту на новы, ізаляваны. Пашырыць прасеку на працягу 30 км, рэканструяваць паветраныя лініі 0,4 кВ у горадзе, правесці рамонт базы. І галоўнае — ажыццяўляць надзейнае электразабеспячэнне раёна.