Дзейнасць перасовачнай механізаванай калоны № 95 “Водбуд” адлюстравана ў яе назве: мабільная, добра аснашчана тэхнікай, ажыццяўляе транспартныя і іншыя паслугі, займаецца водаадводам, будаўнічымі работамі…
Рабочыя працуюць не толькі на тэрыторыі раёна, але і па ўсёй краіне. Напрыклад, будуюць новы меліярацыйны аб’ект у Горацкім раёне. Тут умеюць знаходзіць заказчыкаў, многія работы выконваюцца на ўмовах падраду. Даўняе супрацоўніцтва склалася з вайсковай часцю Вялікай Гарожы, дзе зараз будуецца сховішча для боепрыпасаў, а таксама пляцоўкі для іх адкрытага захоўвання, ажыццяўляецца капітальны рамонт гаражоў.
Прывялі ў належны стан дарогу на вуліцы Шамякіна, зрабілі рамонт мемарыяльнага комплексу ў Расосе. Вядзецца пазбаўленне ад драўнінна-хмызняковай расліннасці, абкошванне травы вакол дарог і пабудоў.
ПМК № 95 “Водбуд” удзельнічае ў добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў. Зараз працуюць у Градзянцы — займаюцца пахаваннем старых, непрыгодных для пражывання дамоў, былога будынка фермы. Запланаваны аграмеліярацыйныя работы ў калгасе імя Чарняхоўскага.
— Па аб’ёму выкананых са студзеня па май работ паказчык склаў 101% у суадносінах да аналагічнага перыяду мінулага года, — аналізуе намеснік дырэктара па будаўніцтве Людміла Долгая. — Так што пакрышачку рухаемся наперад. За 4 месяцы зарабілі 70 мільёнаў рублёў на грузаперавозках, карыстаюцца попытам аўтапагрузчык “Амкадор”, 20-тонны МАЗ, дальнамер, экскаватар. Прадукцыйнасць працы на прадпрыемстве складае 105%. За кошт яе плануецца і павышэнне зарплаты.
Вельмі ўдзячныя мы сваім работнікам, якія даўно і плённа працуюць. Гэта намеснік дырэктара па механізацыі Аляксандр Дрозд, галоўны інжынер Сяргей Зур, начальнікі будаўнічага ўчастка, падсобнай вытворчасці і майстэрняў Уладзімір Кур’яновіч, Алег Папоў і Мікалай Чарэсьеў, вядучы інжынер Мікалай Васько, машыніст-бульдазерыст Сяргей Русачкоў, машыністы экскаватара Пётр Васько і Леанід Гаўрыкаў, рабочы Канстанцін Федарэнчык, машыніст аўтакрана Анатолій Долгі і многія другія.
Клапоцяцца на прадпрыемстве аб сваіх работніках, арганізоўваюць пазнавальныя падарожжы, экскурсіі ў Мірскі замак, на Украіну, іншыя цікавыя мясціны. Ветэранаў працы таксама не забываюць. Наведваюць, віншуюць са святамі, аказваюць дапамогу тэхнікай. А яшчэ “водбудаўцы” сябруюць са спортам, што, безумоўна, дапамагае ў працы. Нават прафесійнае свята — Дзень меліяратара — сустрэнуць не за святочным сталом, а на стадыёне: менавіта ў гэты дзень назначаны раённыя спаборніцтвы па розных відах спорту, а ПМК № 95 “Водбуд” паказвала нядрэнныя вынікі. Так, сярод работнікаў прадпрыемстваў свайго холдынга Марыя Дзятлава заняла 1 месца па шашках, а Людміла Долгая стала лепшай тэнісісткай. Паважаюць працаўнікі гіравы спорт, лёгкую атлетыку. Будзем спадзявацца, што найлепшыя вынікі ў рабоце і самыя высокія спартыўныя дасягненні яшчэ наперадзе!