Адна з эфектыўных форм павышэння свайго прафесійнага ўзроўню — вывучэнне вопыту калег па цэху. Нядаўна кіраўнікі нашых калгасаў “Чырвоны ўдарнік”, “Авангард”, “Ясень” і філіяла “Белшына-агра” ААТ “Белшына” разам з другімі прадстаўнікамі гаспадарак з розных рэгіёнаў Беларусі наведалі Міжнародную спецыялізаваную аграпрамысловую выставу “Agritech-2012”, якая ладзілася ў Ізраілі. У час дзелавой паездкі была магчымасць не толькі папрысутнічаць непасрэдна на форуме, але і завітаць у мясцовыя кібуцы — сельскагаспадарчыя камуны, якія характарызуюцца агульнасцю маёмасці і роўнасцю працы і спажывання. Ізраільскія “калгасы”, дарэчы, маюць ужо векавую гісторыю. Сёння “вандроўнікі” дзеляцца сваімі ўражаннямі з чытачамі “раёнкі”.
Віктар Стурліс, старшыня СВК “Калгас “Чырвоны ўдарнік”:
— За тыя 5 дзён, на працягу якіх мы знаходзіліся на “зямлі запаветнай”, даведаліся шмат чаго цікавага. Былі рэчы, якія вельмі ўразілі. Напрыклад, што тут практычна на камянях умудраюцца вырошчваць за год па тры ўраджаі. Дазваляе гэта зрабіць не толькі асаблівасць клімату, але і дасканалая сістэма арашэння. На беразе мора стаяць магутныя кампрэсары, якія пампуюць ваду. Прайшоўшы пэўную ачыстку, жыццядайная вільгаць становіцца прыгоднай для паліву. Не будзе перабольшваннем сказаць, што тут пад кожнае дрэва падведзена арашэнне. Пальмавыя гаі, аліўкавыя сады і іншыя зялёныя плантацыі на фоне голай пустыні — звыклы для Ізраіля пейзаж. Тым большую павагу выклікае праца лю-дзей: нярэдка выконваць работу даводзіцца пры неімавернай спякоце.
Ад надвор’я залежыць і працоўны дзень. Ён у кібуцах пачынаецца недзе ў 4 раніцы і доўжыцца дзесьці да 11, а потым гадзін з 5-6 вечара і дацямна. Прычым тут не прынята лічыць рабочы час і звяраць яго з нейкім графікам — усе робяць на агульны вынік.
Мне, як маладому кіраўніку, было карысна пазнаёміцца з замежным сельскагаспадарчым вопытам, дасягненням якога ў многім можна па-добраму зайздросціць.
Пётр Сашчэка, старшыня СВК “Калгас “Ясень”:
— Па-іншаму ў гэтай краіне вядзецца і жывёлагадоўля. Каровы, цяляты, авечкі ўтрымліваюцца круглы год пад навесамі — у памяшканнях няма патрэбы. На маю думку, там прасцей ажыццяўляць догляд за жывёлаю, не бывае такога, каб гной назапашваўся, бо ўсё хутка падсыхае і прыбіраецца. Адпаведна, гадаванцы заўсёды чыстыя. Дойны статак корміцца па пэўным рацыёне. За кошт таго, што каровам даюцца ў дастатковай колькасці канцэнтраты, яны і выглядаюць адпаведна — больш буйныя, і малака даюць у сярэднім да 10 тон за год. Перад даеннем рагулі прымаюць “паветраныя ванны”: уключаюцца спецыяльныя вентылятары, каб каровы крыху ахалодзіліся, “расслабіліся”, прыпусцілі малако.
Мясная жывёла на свабодным выгуле. Гурты невялікія — па 30-40 галоў. Імі практычна “падбіраецца” ўся даступная расліннасць — дзе якія каліўцы, карэньчыкі. А вось на зялёных плантацыях статак не ўбачыш — надта дарагое задавальненне. Пастухоў каля мясной жывёлы — наведалі мы некалькі кібуцаў — не сустракалі. Хутчэй за ўсё, у іх няма патрэбы. Ёсць асаблі-васці і ў доглядзе цялят. Ужо пасля 7-дзённага ўзросту яны знаходзяцца ў спецыяльных металічных станочках прама на шчэбені.
Добра развітая ў Ізраілі перапрацоўка. Ледзь не кожны кібуц, а часцей аб’яднаўшыся па 2-3, маюць свае заводы па вытворчасці малака, мяса, аліўкавага алею. Шлях ад атрымання сыравіны да стала спажыўца хуткі і кароткі, што вельмі выгадна.
Многія работы, той жа збор фінікаў, выконваюць сезонныя рабочыя, якія прыязджаюць сюды з іншых краін на заробкі.
Пабывалі на выставе рознай сельскагаспадарчай тэхнікі. У беларусаў, дарэчы, яна не горшая…
Якое агульнае меркаванне склалася ў землякоў ад наведвання ізраільскіх кібуцаў? Яны пакідаюць прыемнае ўражанне невялікіх, рознабакова зручных прыгарадных пасяленняў. І кожны, хто тут жыве, імкнецца, каб яго кібуц быў утульным і прыгожым. Вось гэтую рысу, мабыць, нам варта было б пераняць у першую чаргу і па-максімуму прапагандаваць-развіваць.